Feb 10, 2011

Электрастанцыя

Усе жывыя істоты ў натуральным стане праяўляюць сваю свабоду, паўнату сваіх магчымасьцяў. Дзікі воўк напоўніцу воўк, і зьмяя ў балоце цалкам, нічым не абмежаваная зьмяя. І толькі чалавек ня цалкам, а крыху чалавек. Ён як свойская жывёла, як воўк у заапарку, як карова ў кароўніку, як конь у калёсах. Ён праяўляе адсоткаў дзесяць тых магчымасьцяў, якія дала яму прырода, і гэтае жыцьцё лічыць вынікам свайго разьвіцьця.

Прагрэс здаецца відавочным дзякуючы павелічэньню і хуткаму абнаўленьню ўсемагчымай тэхнікі, якая нібыта ўсё больш палягчае жыцьцё. Але называць разьвіцьцё тэхнікі прагрэсам чалавецтва - тое самае, што называць мадэрнізацыю кароўніка прагрэсам каровы. Калі б разьвіваліся магчымасьці самога чалавека, гэта быў бы яго прагрэс. Але растуць менавіта магчымасьці тэхнікі, а магчымасьці чалавека пры гэтым зьмяншаюцца. Бальшыня людзей умее толькі карыстацца тэхнікай і зусім ня ведае яе ўладкаваньня. Людзі сталіся нагэтулькі залежнымі ад тэхнікі, што яна кантралюе ўсё іх жыцьцё, а яны ня здольны ад яе адмовіцца. Правільна было б гаварыць не пра прагрэс чалавецтва, а пра прагрэс сродкаў кантролю над чалавецтвам. Хто кантролюе хатняе чалавецтва?

Усё простае для сучаснага чалавека неверагодна ўскладнена. Каб зрабіць нешта простае і натуральнае, напрыклад, паесьці, чалавек сёньня робіць тысячы ненатуральных рухаў, кожны зь якіх паасобку не вядзе проста да мэты. Ён устае а пэўнай гадзіне, сядае ў транспарт, ідзе ў офіс, робіць там мноства найскладаных дзеяньняў восем гадзінаў запар, каб атрымаць грошы, зайсьці ў краму, купіць ежы, і ўсё гэта - толькі дзеля таго, каб паесьці і пакарміць дзяцей. Рух ад пункту А да пункту Б да бессэнсоўнасьці ўскладняецца, улічваючы скрайнюю прастату мэты. Сучасны чалавек, застаючыся натуральнай істотай, маючы натуральную матывавацыю, рэалізуе яе цалкам ненатуральна.

Некалі і людзі былі напоўніцу, як ваўкі і зьмеі. У маленстве мы гулялі ў гэтых дзікіх, першабытных, свабодных людзей. Яны былі часткай кола сусьветнага суладзьдзя. Іх сьвядомасьць была празрыстай для першапрынцыпа. Простае было для іх простым, і іх магчымасьці былі іх магчымасьцямі, бальшыню якіх мы, народжаныя ў няволі, сёньня нават ня можам уявіць. Як ня можа сабе ўявіць паўнату жыцьця ваўка народжаны ў заапарку воўк.



Сучасны чалавек лічыць прагрэс сваім уласным прагрэсам, не зрабіўшы для яго нічога, апроч спажываньня яго пладоў, а цывілізацыю і культуру сваімі цывілізацыяй і культурай. Але ніякі воўк ня можа сам пасадзіць сябе ў клетку, і каровы не будуюць сабе кароўнік, і чалавек у натуральным стане не загоніць сябе сам у загон. У чым тады сэнс гэтага неверагодна ўскладненьня маршрутаў чалавечай энэргіі, татальнага прывязваньня чалавека да тэхнікі, і максымальнага ўразаньня яго ўласных магчымасьцяў? Што насамрэч такое гэты дзіўны новы сьвет, у якім мы жывем? Парадокс яшчэ ў тым, што хаця жыцьцё ў сьвеце прагрэсу стаецца толькі лягчэйшым і чалавек прыгэтым выяўляе толькі маленечкую частку сваіх магчымасьцяў, ён стамляецца ўсё больш і больш, і адчувае ўсё менш сілаў і шчасьця. Куды яны зыходзяць?

Ёсьць натуральнае кола, па якім рухаецца энэргія сьвету. Зоры і плянэты круцяцца вакол нябеснай восі, цячэ па колу кроў у целе, вада ператвараецца ў пару і ападае дажджом, ёсьць кола дня і ночы, месяца, году. Гэты натуральны адпачатковы рух по колу называецца ў Ведах ṛta. Гэта слова ўтвараецца ад кораня , які азначае колавы рух, праўду, ісьціну, натуральны парадак, тое, што пасьля стала значыць слова dharma. Пачаткам гэтага руху лічыцца першы абпрк, зроблены самім пачаткам. Аброк у адказ пачатку робіць рух кола няспынным.

annād bhavanti bhūtāni parjanyād anna-saṃbhavaḥ, yajñād bhavati parjanyo yajñaḥ karma-samudbhavaḥ. karma brahmodbhavaṃ viddhi brahmākṣara-samudbhavam, tasmāt sarva-gataṃ brahma nityaṃ yajñe pratiṣṭhitam. evaṃ pravartitaṃ cakraṃ nānuvartayatīha yaḥ, aghāyur indriyārāmo moghaṃ pārtha sa jīvati - "Зь ежы ўзбываюцца быты, з дажджу ўзбываецца ежа,
дождж узбывае з аброку, аброк узбываецца з чыну. Чын з Роду узбытым ведай, зь нязгубнага Род узбыты, 
таму ўсюдырушны Род у аброку заўжды ўсталяваны. 
Хто так закручонага кола кручэньня далей ня доўжыць, 
зламысны, здаволя здоляў, дарэмна жыве ён, Па̄ртха."   
(Бгаґавад-Ґі̄та̄, 3.14-16).

Нарадзіўшыся ў горах, рака цячэ долу, да мора, каб пасьля зноў зьявіцца ракой у горах. Але вось на ейным сьцегу насыпаюць грэблю, і цяпер яна яшчэ круціць турбіны, сілкуючы машыны на заводах навакольных гарадоў. Пры пераадоленьні штучных перашкодаў выпрацоўваецца энэргія. "Эн-эргія" значыць па старагрэцку "нутраная дзея". Прабягаючы маршрут свайго беззмыслоўна ўскладненга жыцьця, чалавек адначасова круціць жорны сыстэмы, сілкуючы яе сваёй нутраной жыцьцёвай сілай. Як электрастанцыя яна ўзвышаецца над ракой чалавецтва.



Сучасны чалавек не прыкуты ланцугамі да галераў і шахтаў як нявольнікі старажытнага сьвету, ён проста ўвесь час сузірае бясконцыя відовішчы, што мякка спакушаюць і пераконваюць яго жадаць, адчуваць і перажываць. Яго ўвага ўвесь час занятая нейкім вонкавым паказам. Ён увесь час старанна працуе, аддаючы электрастанцыі розуму творчую энэргію сваёй сьвядомасьці. Забіраючы чалавечую сілу, яна затым як пан сялянам, вяртае як міласьць яе брудныя рэшткі асабліва абраным і пасьпяховым за іх паслухмянасьць і кіраўнічыя функцыі.

І самае крыўднае для герояў - гэтая машына ня мае нічога супраць змаганьня з сабой, бо тыя, што кідаюць выклік сыстэме адчужэньня, выступаюць акторамі на сцэне яе тэатра, разводзячы гледачоў на бурлівыя эмоцыі, і тым самым варочаюць жорны заганнага кола з дадатковай сілай. Энэргію, здабытую з руху натуральнага першатворнага кола, электрастанцыя перанакіроўвае ў адваротным напрамку, кідаючы яе супраць самога пачатку. На санскрыце гэта называецца viparītam - "вычварэньне".

Хто бы мог быць стваральнікам і гаспадаром такога мэханізму? Тэорыі змовы прыпісваюць кіраваньне сучасным сьветам асаблівым групам людзей, закулісным элітам, таемным таварыствам. Але сучасны сьвет - вялікі гістарычны праект, пачатак якога аддзелены ад нас тысячагодзьдзямі. Як могуць быць гаспадарамі такога праекту істоты, ня здольныя кіраваць нават уласнымі жаданьнямі, якія ня могуць плянаваць падзеі нават на год наперад, бо парушыць гэтыя пляны можа любая выпадковасьць? Як набольш яны могуць быць толькі выканаўцамі чужых загадаў. У выпадку сучаснага сьвету адно пакаленьне людзей зьяўляецца сьведкам прычынаў, і толькі яго ўнукі перажываюць наступствы. Дамэтная бязьлітасная воля стаіць жалезнай лёгікай за ўсімі значнымі зрухамі і падзеямі. Каб кіраваць такім праектам, трэба мець у сваім распараджэньні зусім іншы час і іншыя сродкі кіраваньня. Час, у параўнаньні зь якім чалавечае жыцьцё - толькі невялкі эпізод. Сродкі, якія чалавек проста не заўважае, успрымаючы іх як частку самога сябе.

Сьвятарныя традыцыі розных народаў гавораць пра тое, што ў чалавецтва ёсьць вораг, для якога душа чалавека ўсяго толькі ежа, крыніца энэргіі. Яны называюцца рознымі імёнамі, але нават іх выявы ў розных традыцыях падобныя. Істоты з тонкай існасьцю, час якіх цячэ доўга і павольна, здольныя авалодаць чалавечым целам, неўспрымальныя звычайным чынам, для якіх пажыва - чалавечыя пачуцьці і перажываньні. Тое, што гэты вораг зьвязаны з страсьцямі, пажадай, гневам, мае ня толькі маральнае, але і літаральнае значэньне. Традыцыйныя практыкі імкнуцца абараніць чалавека з дапамогай строгай духовай дысцыпліны. І толькі сучасны чалавек жыве бесклапотна, нібы ў поўнай бясьпецы, народжаны і выгадаваны на ферме па гадоўлі корму для бесаў. 

Для працы электрастанцыі неабходны мэханізм трансфармацыі, адбору і перадачы энэргіі сьвядомасьці, ужыўлены ў кожнага чалавека, прыналежнага да сыстэмы. Выявіць яго ня цяжка, проста параўнаўшы сучаснага чалавека зь дзікім і свабодным чалавекам традыцыйнага сьвету. Трансфарматар зьяўляецца лішнім, дадатковым, не неабходным для натуральнага жыцьця кампанэнтам. Уся гэтая мітусьня ў заганным коле адчужэньня сьвядомасьці немагчымая без адпаведнага спосабу мысьленьня, які яшчэ трэба вывучыць і засвоіць. Менавіта супольная сучасная мова і супольны сучасны розум, што яднаюць людзей у сучаснае грамадзтва, і зьяўляюцца мэханізмам адчужэньня і трансфармацыі, што адпавядае ўсім неабходным патрабаваньням. Менавіта сваю мову і форму розуму людзі дабраахвотна перадаюць сваім дзецям як незаўважны вірус. Пачаўшы зь першых хатніх людзей, ферма цяпер імкнецца не пакінуць на зямлі ніводнага вольнага месца. Вакол няма турэмных муроў, але чалавецтва нараджаецца і жыве ў няволі, і ня ведае зь яе выйсьця. І нічога, акрамя розуму і мовы, не трымае ў ёй чалавека.




Супраціў вырачаны на паразу датуль, пакуль здраднікам і даносчыкам зьяўляецца яго сродак. Толькі знайшоўшы і зразумеўшы сродак зьняволеньня, можна знайсьці сродак вызваленьня. Калі сродкам зьняволеньня зьяўляецца мова і розум, як форма мовы, то менавіта мова зьяўляецца і сродкам вызваленьня. Калі сродак зьняволеньня зьяўляецца калектыўным, такім павінен быць і адваротны сродак. Калі сродак зьняволеньня выкарыстоўвае барацьбу з сабой як крыніцу энэргіі, то сродак вызваленьня павінен цалкам выключаць стварэньне такой дыялектыкі. Калі сучасная мова робіць чалавека часткай сучаснага сьвету, зьяўляецца для яго бесправадной сувязьзю з электрастанцыяй, мурамі яго невідочнай турмы, мова сьвятарнай традыцыі можа стацца сродкам яго вызваленьня зь вялікага праетку заняволеньня, каб чалавек стаў напоўніцу чалавекам.


Некалі Вр̣тра, вялізарны дэман-дракон, запыніў колавы рух сусьвету. Апутаўшы сабой усё, скаваўшы рэкі, ён пазбавіў багоў улады. Слова vṛtra значыць на санскрыце "вораг", "перашкода", "покрыў". Засяродзіўшы на сябе сілу ўсіх рышы, гандгарваў і дэваў, Індра ўрэшце забіў Вр̣̣тру ваджрай, зброяй, зробленай з костак рышы Дадгйача, які аброк сваім жыцьцём дзеля ўратаваньня ўсіх. Забіўшы Вр̣̣тру, Індра вызваліў воды і аднавіў рух сусьветнага кола, і тым самым стаў насамрэч Індрам.

No comments:

Post a Comment