Jul 11, 2014

Нацыя і палітыка

Нацыяналізм стварае нацыю. Гэта рэкрукцая служба, што вядзе набор людзей у новае чалавецтва.

Нацыя стварае палітыку як прастору нацыянальнай увагі - да размовы мужоў дастойных - пра рашэньне агульнай справы. 

Для зьяўленьня палітыкі патрэбна нацыянальная сцэна, вальны сойм, панове-рада. Сцэна ствараецца акторамі і ўвагай.


Нацыяналізм большы за палітыку. Не нацыяналізм існуе ў палітыцы, а палітыка існуе ўнутры нацыяналізму. Палітыка - толькі для нацыі.


Нацыянальная палітыка - гэта размова нацыяналістаў пра лёс нацыі. 


Нацыяналізм у палітыцы мае быць такім жа незаўважным, як паветра, якім мы дыхаем. Над брамай вальнага сойму мае быць надпіс: "Не нацыяналіст ня ўвойдзе".


Нацыяналізм мае быць стваральнікам палітычнай сцэны нацыі, а не гульцом у чужой гульні. Нацыяналізм ня можа быць пра-заходнім, пра-ўсходнім ці якім заўгодна іншым паслом чужой волі.


Таму нам патрэбна не адна, а адразу дзьве нацыяналістычныя партыі, якія будуць размаўляць толькі паміж сабой, зьбіраючы на сабе ўсю нацыянальную ўвагу, ствараючы нашу палітычную сцэну і яе становы.



Jul 9, 2014

Сум

між прорваў напятым стажарам
напружанай цягліцай бога
зноў суму струна дрыжыць

пад ласкай празрыстых пальцаў
нямым урачыстым стогнам
гучыць з таго боку кліч




Вечар

шэрыя птахі складаюць крылы
на плечаў галінах каб шолахам весьці
ночную раду пра рэкаў сутокі

пра шчасьце кроплі ў велічы водаў 
вяртаньне кветаў у лона цемры
купаньне душаў у моры целаў




Jul 7, 2014

УЗОРЫ СВАДЗЕІ. МОВА. ГРАМАДА

Першая частка Узораў Свадзеі прысьвечана выправяве прамовы.

Узоры Свадзеі. Выпраява




Пятая частка Узораў Свадзеі прысьвечана ўтварэньню моваў.

Узоры Свадзеі. Мова




Шостая частка Узораў Свадзеі прысьвечана ўтварэньню грамадаў.

Узоры Свадзеі. Грамада





Jun 16, 2014

Шрыфт "Страла"

Шрыфт "Страла" зьяўляецца стылістычным варыянтам "Берагіні", у якім дзякуючы асаблівай замкнёнасьці узораў зьверху і зьнізу ўтвараюцца як чорныя, так і белыя ўзоры. У аснове такога падыходу ляжыць аўтэнтычны стыль беларускіх паясоў і рушнікоў. 


"Страла" зьмяшчае набор кірылічных літараў, неабходных для ўжываньня ў беларускай мове, без разрозьненьня вялікіх і маленькіх:


Урывак верша Ігара Кулікова "Пагоня" ў стылі "Стралы" выглядае так:


ПАГОНЯ

То ня гром гразы, а грук капытоў.
То ня месяц зьзяе, а жар-арол.
То па гонях імчыць пагоня дзядоў
і вядзе на зьверш іх Нябёсны кол.

То ня жнеі жнуць каласы сярпом -
то жыты нясуць ваяром паклон.
То па гонях імчыць пагоня грунём
і вядзе на зьверш іх свабоды кон.

То ня тчэ ткальля аброчны ручнік -
то рады рушэньня ў радне радзін.
То па гонях імчыць пагоня на клік
з глыбыні душы да сьвятых вышынь.

То ня гор града - к Айчыне ўзыход.
То зьвівае вой абярэг дарог.
То па гонях імчыць пагоня на ўсход
да зьвяршыні волі, дзе толькі - Бог.

"Страла" зьмяшчае таксама набор лацінскага альфабэту, дастатковы для ўжываньня ў беларускай лацінскай транслітэрацыі:



Лічбы:

І самы неабходны набор знакаў прыпынку і дадатковых сымбаляў. Прабел дзеля захаваньня стылю пазначаецца не пустым месцам.



Шрыфт распаўсюджваецца свабодна для некамэрцыйнага выкарыстаньня пад умовамі ліцэнзіі SIL Open Font License. Гэта значыць, шрыфт можна свабодна выкарыстоўваць для афармленьня бясплатных і платных прадуктаў, але не прадаваць як асобны прадукт і ня браць дадатковай платы за яго ўключэньне ў іншы прадукт (напрыклад, дыстрыбутыў аперацыйнай сыстэмы). Пры распаўсюджаньні вітаюцца спасылкі на аўтара і ягоны сайт.


Міхаіл Баярын.

16.06.2014

Князь сьвету

Дзіця да сямі гадоў мудрыя называюць князем. Зь яго зьяўленьнем мы ператвараемся у адданых дабравольных слуг. Празь яго праходзіць вось сьвету, усё круціцца вакол яго клопатам і абаронай. Усе вакол саступаюць зьнешняму сваю свабоду дзеля таго, каб поўную свабоду гульні і творчасьці меў ён. Напраўду, гэты безадказны свавольнік і гуляка і ёсьць змысел існаваньня сям'і, яе сяродак, дзеля яго яна толькі і сабралася разам.

Дух чалавека жыве ў целе не раўнаючы як свавольнае дзіця. Усе рукі, ногі, вочы і вушы стараюцца яму дагадзіць, і ў выпадку небясьпекі без сумневаў абракаюць сабой, каб ён не адказаў за свае няўзважаныя рашэньні. Уся гэтая грамада здоляў і абалонак ўвесь час старанна працуе, каб ён адчуваў сябе свабодным і мог дазволіць сабе жадаць.


Народ - вялікая сям'я. Тут дарослыя абракаюць сваім часам і сіламі, каб нехта зусім вольны гуляў у двары зь сябрамі, маляваў неверагодныя выявы і ўвесь час скакаў, хаця бы да сямі гадоў. Усе войскі і дзяржаўныя установы патрэбны толькі дзеля абароны і клопату пра іх, маленькіх вольных людзей. 


Народ - вялікае цела. І як сяродак істоты не ў руках і не ў нагах, а ў свабодзе і сваволі самога сябе, так і сяродак народу не ў галоўным вайскаводзе і не ў галоўным сьвятары, а ў свабодным чалавеку, князю сьвету, якому ўсе яны служаць. Толькі свабодны можа ствараць, любіць і абракаць сабой.

Чалавецтва

Як існае - гэта ня ўсё, што ёсьць, але адзінае ўсяго бытнага, так і чалавецтва - гэта ня ўсе людзі, але адзінае ўсяго чалавечага. Адзінае, што яднае чалавецтва - гэта Вялікі Продак, правобраз чалавека, што ўзнаўляецца ў кожным чалавеку, мова, што ўзнаўляецца ў кожным народзе. Вялікі Продак - гэта адзіная прастора памяці ўсяго чалавечага роду. Чалавецтва - гэта ня колькасьць, а прынцып.

Як ня трэба яднаць бытнае ў мора існага, яно і так адзінае, так ня трэба яднаць людзей у мора чалавецтва, і так зьяднанае. Калі зьяднаць бытнае ў існае, настане канец быцьця, бытнае расчыніцца ў сваім пачатку. Калі зьяднаць людзей у адзінае чалавецтва, настане канец людзей, чалавек расчыніцца ў сваім пачатку.


Вусень - гэта мова вусьня, а мятлік - гэта мова мятліка. Калі вусень ператвараецца ў мятліка, гэта мова вусьня ператвараецца ў мову мятліка. Народ - гэта поўнае чалавецтва, уся мова чалавецтва. Кожны народ насьледуе і перапісвае мову Вялікага Продка. Народамі чалавецтва расьце ўва ўсе бакі адразу. Кожны народ творыць сваю таямніцу і можа стаць яшчэ небывалым птахам у небе Духу. 


Яднальнікі чалавецтва хочуць збудаваць мову з народаў, што будзе кіраваць народамі так, як мова народу кіруе людзьмі. Гэта стварэньне народу народаў, і каб збудаваць яго, патрэбна ўлучыць у яго эліты паняволеных народаў. Пазбытыя сваёй волі народы будуць пасьвіцца, а яны будуць іх стрыгчы. Гэта пчолы, што крадуць чужы мёд.


Стварэньне такой мовы - гэта галеча чалавецтва. Гэта такая ж творчасьць, як яднаньне ўсяго што ёсьць у адно існае. У такой мове народы страцяць сваю свабоду і тайну. Без магчымасьці кіраваць сабой, мяняць сваю мову, ім ніколі ня стаць птахам у небе Духу, не перапоўніцца сабой і ня ўбачыць народы-нашчадкі. У мове імпэрыі чалавек ніхто і зваць яго ніяк, а продкі ягоныя падаюць у пекла забыцьця. Дзеля росту чалавецтва нам няма чаго рабіць у любых імпэрыях.