Nov 10, 2014

Увасабленьне чыну

Прэдыкацыя, адносіны дзейніка і выказьніка - гэта разьмяшчэньне дзеяньня ў дзейніку.

На дзеяньне можна паглядзець з гледзішча любога яго ўдзельніка. І так любы ўдзельнік дзеяньня, дачын, сродак, прычына, вычын ці месца можа стаць яго дзейнікам. 

Але сам гэты погляд зьмяшчае ў сабе мярэжу пэўнага нязьменнага дзеяньня, празь якую мы і глядзім на іншае дзеяньне. І тут дзейнік - заўсёды дзейнік.

Спыненьне спазору дзейніка на іншым удзельніку дзеяньня стварае тое, што завецца ў нас станам. 

Калі дзейнікам робіцца дачын, гэта залежны стан, а калі дзейнік - незалежны. Магчымыя, аднак, яшчэ сродкавы, прычынны, мясцовы, вычынны станы і ўсе іх узаемныя падвіды.

Ва "Ўзорах Свадзеі" дзейнік завецца асобай. Асоба ўвасабляе чын, разьмяшчае яго ў сабе. Тое, што ў мове стаецца прэдыкацыяй, зьяўляецца ў прамове ўвасабленьнем чыну.

І незалежна ад стану, то бок тоества асобы з удзельнікам назіранага чыну, разьмяшчэньне можа мець яшчэ і ступень напругі, супадзеньня асобы і чыну.

Калі намаляваць асобу і чын двума кругамі, яны будуць пакрысе збліжацца, ажно да поўнага тоества. 

Так, у сказе "агонь гарыць" асоба і чын цалкам тоесны. У сказе "душа гарыць" чын рашчыняецца ў асобе, але не супадае зь ёй. У сказе "чалавек гарыць" чын ахоплівае асобу.

Увасабленьне чыну праходзіць тыя самыя сем ступеняў напругі: намер, рух, дотык, ахоп, пранікненьне, расчыненьне, тоества. 

Дзеяньне або проста ёсьць для асобы, або рушыць, або кранае, або ахоплівае, або пранікае, або рашчыняе, або тоесьніць асобу.

***
Плятон у размове "Кратіл" кажа пра сьвет як пра мноства рухаў, адны зь якіх больш хуткія, іншыя - больш павольныя - адносна іншых рухаў. 

І тое, што мы лічым рэчамі і называем імёнамі - гэта рухі больш павольныя, а тое, лічым дзеяньнямі і называем дзеясловамі, - рухі больш хуткія.

З гледзішча мовы руху прэдыкацыя, адносіны дзейніка і выказьніка - гэта адносіны двух вобразаў: вобраза павольнага руху і вобраза руху больш хуткага. 

І тут або хуткі рух разьмяшчае павольны, або павольны разьмяшчае хуткі. І калі хуткі выяўляецца зьмяшчальным, вынікам будзе мова дзейнага ладу, а калі павольны - назоўнага.

З гледзішча мовы руху - хуткасьць руху - гэта толькі хуткасьць маўленьня, то бок хуткасьць выказваньня прасьветаў у мову часу.

Тут і сама прэдыкая зьяўляецца рухам - рухам разьмяшчэньня рухаў, хутчэйшым за абодва разьмешчаныя рухі, як павольны, так і хуткі.

Улучэньне ў мову руху ступеняў і станаў увасабленьня чыну стварае асаблівую мову прэдыкацыі, вызваляючы яе з ролі катэгорыі ладу, і пераводзячы ў роўніцу маўленьня.

No comments:

Post a Comment