Калі параўнаць сутвору з праектам, то напачатку яна поўніцца заданьнямі і намерамі, і толькі пасьля - ўзорамі для агульнага доступу і ўзнаўленьня. Гэтую частку сутворы складаюць Заветы.
Адным зь вялікіх заветаў, пакінутых нам продкамі, ёсьць "ліючаяся форма" Ігната Абдзіраловіча. Гэта наш філасофскі камень, які мы маем прыняць як заданьне для распрацоўкі.
З гледзішча навакольных сутвораў "цякучая ява" - гэта спалучэньне неспалучальнага. Плятон у размове "Кратіл" кажа: ёсьць толькі рух, але мы, калі бачым явы, успрымаем, нібы яны стаяць. Гэты спын руху прычыняюць імёны. Каб іх даваць, трэба быць хутчэй за іншыя рухі. Такімі і былі заснавальнікі чалавецтва.
Явы ўвогуле толькі стаяць. Расьцяг паміж іменем і явай стварае розьніцу таго і гэтага, які затым разгортваецца ў адпаведнасьць існага - прасторы правобразаў, і бытнага - прасторы ўтварэньня іх рэчыўных асобнікаў. Стаяньне явы - неабходная падстава падзелу быцьця і існага, і абавязковая ўмова мовы быцьця. Каб гаварыць пра бытнае, явы павінны стаяць. Цякучая ява вяртае сьвет у непраяву.
Сутворы, што бачаць сьвет такім чынам, можна назваць 'сутворамі быцьця'. І з усходу, і з захаду нас атачаюць менавіта яны, сутворы цьвёрдай явы. Выканаць заданьне ліючайся явы з гэтага ўзроўню немагчыма. Пры тым, што мы бачым, як дрэвы растуць, бегаюць зьвяры, сталеюць людзі, разбураюцца гаспадарствы. Але ў сутворы быцьця і яе мове няма розьніцы паміж кубкам, канём, песьняром і вучэльняй.
Для зьдзяйсьненьня цякучай явы патрэбна сутвора іншага ўзроўню - сутвора чыну - і іншая мова - мова чыну. Мова, здольная адрозьніць кубак, каня і песьняра. Мова, цякучых яваў. І паводле Завету Ліючайся Формы - такой мовай мае стаць наша мова, а такой сутворай - наша сутвора. Мы - ня быцьцё, а чын. Нічога ня ёсьць, усё дзеіць і творыцца.
Явы ўтвараюцца імёнамі. Мова - гэта сувязь імені і явы. Мова імёнаў стварае явы, якія стаяць. Але мова дзеяў раскрывае імёны дзеямі, і ўтварае явы, якія цякуць. Мова дзеяў стварае жывыя грамады, што могуць расьці, разьвівацца, рухацца і пераўзыходзіць сябе.
No comments:
Post a Comment