Вера ў адзінае чалавецтва абвяшчаецца сістэмаўтваральнай.
Гэтая вера азначае наступнае:
1) Калі вы не разумееце ніжэйпададзенага, значыць гэта не для вас. Новы сьвет будзе складаны і яго разуменьне таксама будзе складаным. Абвінавачваньні ў складанасьці тэксту не прымаюцца і не разглядаюцца.
2) Адмаўленьні магчымасьці рэалізацыі гэтых ідэй не прымаюцца і не разглядаюцца, таму што супярэчаць сістэмаўтваральнай веры ў магчымасьць гэтага.
3) Вітаецца распаўсюд гэтых ідэй, абмеркаваньне гэтых ідэй, абмеркаваньне спосабаў рэалізацыі гэтых ідэй і наступстваў іх рэалізацыі.
4) Той, хто падтрымлівае і распаўсюджвае гэтыя ідэі, зьяўляецца іх пасьлядоўнікам. Пасьлядоўнікі самавызначаюцца за межамі нацыянальных дзяржаў і любых іншых унітарных ідэнтычнасьцяў.
5) Спробы вылягчыць, падмяніць або сказіць гэтыя ідэі маюць жорстка спыняцца пасьлядоўнікамі ў працэсе абмеркаваньня. Вітаюцца толькі разумовыя ўстаноўкі, накіраваныя на адзінства грамадаў чалавецтва перад усемагутнасьцю дзяржаў ды карпарацый.
6) Дэструктыўныя дзеяньні ў працэсе рэалізацыі гэтых ідэй маюць жорстка спыняцца пасьлядоўнікамі. Вітаюцца толькі канструктыўныя дзеяньні, накіраваныя на рэалізацыю ідэй і іх разьвіцьцё.
Дэклярацыя грамадаў чалавецтва
Мы тыя, хто разбурыў Савецкі Саюз і яшчэ памятае яго. Мы тыя, хто паспрабаваў пабудаваць лібэральную дэмакратыю і сутыкнуўся з праблемамі адсутнасьці досьведу пераадоленьня пастак свабоды. Мы бачылі і тое, і другое, і можам гаварыць з большага досьведу, чым тыя, хто даўно жыве ў сьвеце свабоды, абмежаванай уладай дзяржаў і карпарацый, і імкнецца не заўважаць гэтага.
Перад Богам і людзьмі ўсяго сьвету, перад сучасьнікамі і нашчадкамі мы абвяшчаем нашае бачаньне пэрспэктыў сьвету, нашыя імкненьні, нашыя надзеі, нашыя мары. Прапанаваныя намі падыходы зьяўляюцца ідэаламі, да якіх мы імкнемся, арыентырамі, да якіх мы ідзём.
Крызіс сучаснага сьвету
Сучасны сьвет знаходзіцца ў сур'ёзным крызісе. Паноўныя клясы розных краін сьвету спрабуюць выдаць гэты крызіс ўсяго толькі за фінансавыя ці эканамічныя праблемы, якія можна пераадолець на агульных сходах сусьветных лідэраў, узгадніўшы эканамічную і сацыяльную палітыку.
Мы ж лічым, што гэты крызіс зьяўляецца цывілізацыйным. Ён палягае ў самой ісьце спрошчанага існаваньня чалавецтва, якое страціла далягляды свайго разьвіцьця па-за межамі простага выжываньня, страціла глыбінны сэнс свайго існаваньня ўнутры ўтылітарнага спажываньня, страціла вялікія і недасяжныя мары.
У тэхналягічным і культурным пляне чалавецтва ўсё больш і больш стаецца адзіным. Прынамсі, паноўныя клясы усяго сьвету даўно ўжо аб'яднаныя агульнымі інтарэсамі захаваньня сваёй фінансавай улады ва ўмовах банкаўскай таямніцы і непублічных дзяржаўных бюджэтных працэсаў. Паноўныя клясы аб'яднаныя інтарэсамі захаваньня сваёй палітычнай улады шляхам пэрыядычнага правядзеньня дэмакратычных выбараў, маніпуляцыя якімі стала такой відавочнай, што ўсё больш і больш людзей па ўсім сьвеце адмаўляецца прымаць у іх удзел.
У сусьветную паноўную клясу неяк непрыкметна ўвайшлі кіраўнікі транснацыянальных карпарацый і сусьветных фінансавых сетак - новыя алігархі новага часу. Сёньня сьветам кіруюць ня гэтолькі палітычныя лідэры, колькі лідэры транснацыянальных карпарацый, якія па сутнасьці прыватызавалі дзяржавы. Новая сусьветная паноўная кляса - гэта ўжо кляса карпаратараў, а не дзяржаўных дзеячаў.
Роля і месца карпарацый не нармаваная ў дзяржаўных канстытуцыях, таму супрацьстаяць ўсеўладдзю карпарацый дзяржавы ня могуць. Новыя наддзяржаўныя ўтварньні, якія сістэмным чынам ўплываюць на сьвет (СГА, МВФ, НАТО і г.д.), таксама не нармаваныя ў дзяржаўных канстытуцыях. Мясцовыя грамады спрабуюць выгандляваць сабе як найбольш паўнамоцтваў у дзяржавах, але ўнутры прынцыпу субсідыярнасьці, які разглядае мясцовую ўладу як дапаможную для цэнтральнай, гэта прынцыпова немагчыма.
Мы жывем у сьвеце разьмеркаванага сувэрэнітэту, пры гэтым працягваем рабіць выгляд, што сувэрэнныя канстытуцыі чагось вартыя. Нам патрэбны прынцыпова новыя канстытуцыі. Але захаваная ў гісторыі рэвалюцыйная героіка цяперашніх канстытуцый і іх несумнеўна вялікія заслугі перад гісторыяй не дазваляюць іх зьмяніць бяз крызісу, безь вялікіх сацыяльных канфліктаў і грамадзянскіх хваляваньняў.
Разьяднаныя дзяржаўнымі межамі грамады чалавецтва ўсё яшчэ ня могуць узяць пад кантроль свае паноўныя клясы, таму што іх публічныя ўладныя, фінансавыя і сацыяльныя рэсурсы прыватызаваныя асобнымі групамі людзей, што гістарычна па традыцыі вылучыліся ў паноўныя касты. Зьмена людзей ва ўладзе ў розных краінах не зьяўляецца зьменай паноўных кастаў гэтых краін. Калі раней з гэтым можна было мірыцца, бо новыя палітычныя лідэры паноўных кастаў несьлі з сабой новыя ідэі, то цяпер з гэтым мірыцца ўжо нельга, бо новыя палітычныя лідэры не прыносяць з сабой ні новых ідэй, ні новых бачаньняў пэрспэктывы.
Пасьля разбурэньня СССР сьвет страціў апошнюю надзею на магчымасьць пабудовы грамадзтва на прынцыпах калектыўнага кіраваньня зь неўтылітарнымі мэтамі. Лібэральная дэмакратыя апынулася безальтэрнатыўнай формай разьвіцьця чалавецтва і стала выраджацца ў небясьпечную форму спажывецкага рабства.
Спажывецкія ідэалы завалодалі ня толькі шырокімі масамі сьвету. Найбольш небясьпечна тое, што спажывецкія ідэалы завалодалі таксама сьвядомасьцю паноўных клясаў. Паноўныя клясы самі паверылі ў тое, што рост спажываньня гэта і ёсьць разьвіцьцё чалавецтва. Гаворка ідзе пра неабходнасьць прынцыповай зьмены матывацый і пэрспэктыўных арыентацый чалавецтва, якую паноўныя клясы ажыцьцявіць самастойна ня могуць.
Інтэлектуалы, якія заўсёды былі ў авангардзе ідэйных рухаў, ператварыліся ў крэатыўную клясу, што абслугоўвае паноўныя клясы ўнутры працэсаў навуковага пазнаньня і тэхналягічнага прагрэсу, накіраваных на спажывецкае грамадзтва.
Фатальным для чалавецтва зьяўляецца тое, што спажывецкія ідэалы завалодалі сьвядомасьцю інтэлектуалаў. Таму інтэлектуалы адмовіліся ад пошуку новых трансцэндэнтных ідэй, новых даляглядаў разьвіцьця чалавечай цывілізацыі, новых канцэптуальных абшараў, якія можа засвоіць чалавечая цывілізацыя. Інтэлектуалы праваліліся ў постмадэрнізм, боўтаюцца там, і самастойна выбрацца ня могуць.
Постмадэрнізм зьнішчае рэчаіснасьць, падмяняючы яе дыскурсамі і моўнымі гульнямі, ствараючы гэтым сімулякры і прапагандуючы захапленьне гэтымі сімулякрамі. Постмадэрнізм, у свае матывацыі накіраваны на вечнае станаўленьне і падаўжэньне цяперашняга, не дазваляе бачыць пэрспэктыву і новыя далягляды. Постмадэрнізм, настойваючы на множнасьці ісьцін, не дазваляе разумець складаную ісьціну. Постмадэрнізм, абмяжоўваючы татальнасьць на карысьць бясконцасьці, і фундамэнтальнасьць на карысьць дэталізацыі, не дазваляе спасьцігаць татальнасьць глыбіні ў якасьці моцнай матывацыі для пазнаньня.
Моладзь, што зарынаецца ў дэталізацыю пазнаньня, ня можа мець моцных матывацый у гэтым пазнаньні, бо гэта нецікава, недрайвова, негераічна. Забіўшы героіку зьдзяйсьненьняў, постмадэрнізм па сутнасьці прывёў да кастрацыі духу. Постмадэрнізм забіў моцныя матывацыі моладзі, і гэтым нанёс велізарную цяжкапапраўную шкоду чалавецтву. Паколькі постмадэрнізм зьяўляецца першай глябальнай філязофіяй, то чалавецтва ад яго сёньня пакутуе не менш, чым у свой час пакутаваў ад камуна-сацыялізму ці нацыянал-сацыялізму, якія былі зьявамі рэгіянальнымі.
Навука сёньня пакутуе ад родавой траўмы і хлусьні пра саму сябе, якой Фрэнсіс Бэкан падманваў паноўныя клясы свой час. Навукоўцы Новага часу разумелі, што знаньне - гэта цікаўнасьць і энтузіязм мараў. Замест гэтага паноўным клясам навукоўцы спрабавалі паказаць, што знаньне - гэта сіла, улада і новыя магчымасьці спажываньня.
Пакуль рэлігійны ў сваёй аснове дух навукоўцаў дазваляў ім разумець усю ўмоўнасьць утылітарных матывацый пазнаньня, існавала сацыяльная ўгода - навукоўцы задавальняюць ўласную цікаўнасьць ў абмен на тое, што вынікі гэтага іх задавальненьня ствараюць новыя магчымасьці сілы і ўлады для паноўнай клясы і новыя магчымасьці спажываньня і камфорту для шырокіх мас.
У 80-90 гады ХХ стагоддзя стала ясна, што сілу, уладу і камфорт дае не навука сама па сабе, а тэхналёгія, якая толькі ўскосна зьвязаная з навукай. Тэхналёгія фактычна выцесьніла навуку, бо тэхналёгію акрамя дзяржаў маглі фінансаваць таксама і карпарацыі. Тэхналёгіі, якія фінансуюцца толькі дзяржавамі, разьвіваюцца значна слабей. У пэўны час тэхналягічны прарыў па вялікім рахунку застаўся толькі ў тэлекамунікацыях.
Навука, перш за ўсё фундамэнтальная, хутка прайграла ў сацыяльным пляне навуцы, якая была накіравана на тэхналягічныя дасягненьні. Сёньня мы маем сітуацыю, калі з 60 гадоў ХХ стагоддзя разьвіцьцё фундамэнтальнай навукі фактычна спынілася. Апошні раз чалавецтва зрабіла пілатаваны палёт на іншую плянэту ў 1972 годзе ("Апалён-17", палёт на Месяц, ЗША). Больш лілатаваных палётаў на іншую плянэту не было, бо ў спажывецкім грамадзтве на пытаньне "навошта" чалавецтва так і ня здолела знайсьці ўтылітарнага адказу.
У апошнія гады чалавецтва спрабавала вярнуцца да касьмічных праектаў, разглядаючы, перш за ўсё, як магчымы, пілатаваны палёт на Марс. Але па вялікім рахунку, адказу на тое, навошта нам ляцець на Марс, у спажывецкай цывілізацыі няма.
Паноўныя клясы робяць выгляд, што нічога не адбылося, паколькі давер да іх і іх навуковага бачаньня сьвету зьяўляецца зарукай захаваньня іх улады і багацьця. Навукоўцы навукі, накіраванай на тэхналягічныя інавацыі, таксама падтрымліваюць грамадзкае меркаваньне, быццам з навукай усё ў парадку. І вельмі нешматлікія навукоўцы бачаць крызіс. У навуцы адбылося тое ж, што і ў палітыцы або сацыяльнай структуры грамадзтва - спажывецкія матывацыі выгналі ўсе астатнія.
Навуковая фантастыка саступілі месца містыка-магічнай фэнтэзі. Навука, што перастала марыць, у прынцыпе ня можа рухацца далей. Пры гэтым містыка-магічная фэнтэзі ў сваіх інтэнцыях - гэта ўжо мары новага кірунку інтэлектуальнай дзейнасьці - канструктывізму.
Навука слаба разумее маштабныя амбіцыі канструктывізму, бо ён зьнішчае саму ўмову навуковага пазнаньня - веру ў аб'ектыўную рэчаіснасьць. Канструктывізм свабодна апэруе многімі рэчаіснасьцямі, ён займаецца мадэляваньнем у тым ліку і за межамі відавочнай рэчаіснасьці - ў актуальнасьці і ў віртуальнасьці, ён спрабуе зьведаць ня толькі Сьвет, але і Пазасьвет.
Канструктывізм, што вырастае з навукі, сілай філязофіі абавязаны парваць зь ёй, пакінуўшы навуцы тое, што яна ўмее рабіць найлепш - атрыманьне ведаў, іх сістэматызацыю і папулярызацыю. Навука будзе асвойваць новыя даляглыяды, але адкрываць новыя далягляды будзе канструктывізм.
Каб навука саступіла месца інтэлектуальнага лідэрства канструктывізму, яна мае перажыць крызіс. У той жа час канструктывізм мае сфармуляваць сваю філязофію і свае цывілізацыйныя матывацыі. І зроблена гэта можа быць намаганьнямі інтэлектуалаў цаною іх самаахвярнасьці, без фінансаваньня дзяржаў і карпарацый. Толькі давёўшы сваю матывацыйную здольнасьць і інтэлектуальнае лідэрства ва ўмовах навуковага крызісу, канструктывізм стане новай надзеяй чалавецтва.
Такім чынам чалавечая цывілізацыя стала спажывецкай, яна страціла неспажывецкія пэрспэктывы, яна ня бачыць даляглядаў разьвіцьця па-за межамі відавочнасьці, яе ўяўленьні не выходзяць за межы дэартаўскага Сьвету. Чалавечая цывілізацыя ў сьветапоглядным пляне больш ня можа разьвівацца ў рамках навукі, постмадэрнізму і ўяўленьняў толькі пра Сьвет. Чалавечая цывілізацыя мае выйсьці за гэтыя межы. Чалавечая цывілізацыя ў сацыяльным пляне больш ня можа разьвівацца ў рамках дзяржаў, нацый і тэрыторый.
Патрэбны новыя неспажывецкія матывацыі чалавецтва, новыя далягляды разьвіцьця за межамі актуальнай відавочнасьці, новыя ўяўленьні аб канструкцыі Сьвету і Пазасьвету. Мы маем выйсьці за межы навукі і постмадэрнісцкай філязофіі.
Гэта азначае, што чалавецтва мае стаць адзіным і ўсьвядоміць сваю агульную пэрспэктыву. Гэта азначае, што падзел сацыяльнага сьвету на збанкрутаваныя дзяржавы мае быць ператвораны ў сетку зьвязаных рознымі сістэмамі матывацый грамадаў, што змогуць канкураваць зь дзяржавамі і транснацыянальнымі карпарацыямі за публічныя рэсурсы.
Грамады чалавецтва
Палітыка ад часу старажытнай Грэцыі - гэта працэс усталяваньня раўнавагі паміж рознымі грамадзкімі групамі. У часы дамінаваньня дзяржаў палітыка была мастацтвам кіраваньня дзяржавай, таму дзяржаўныя палітыкі атрымалі перавагу. У часы выхаду на арэну сусьветнай палітыкі карпарацый палітыка сталася балянсаваньнем паміж карпаратыўнымі і дзяржаўнымі інтарэсамі, таму карумпаваныя карпарацыямі дзяржаўныя палітыкі страцілі сваю перавагу.
Пэрспэктыва палітыкі складаецца ў вяртаньні яе пачатковага сэнсу. Палітыка мае зноў стаць працэсам усталяваньня раўнавагі паміж рознымі грамадзкімі групамі без пасярэдніцтва дзяржаў і карпарацый. Такая раўнавага мае ўсталёўвацца інтэлектуальнымі сродкамі, бо сацыяльныя адносіны ў сетцы грамадаў сталіся занадта складанымі, каб ажыцьцяўляць гэта на аснове нейкіх хай нават вельмі прывабных інтарэсаў. Асновай палітыкі будучыні маюць стаць не інтарэсы, а складаныя прынцыпы.
Групы па інтарэсах і грамады, аб'яднаныя агульнымі прынцыпамі і агульнымі неўтылітарнымі матывацыямі, - зусім розныя калектывы. У грамадзтве маюць дамінаваць грамады, а ня групы па інтарэсах. Грамады, якія маюць агульныя прынцыпы і агульныя трансцэндэнтныя матывацыі ў гістарычнай пэрспэктыве заўсёды перамагаць любыя групы па інтарэсах.
Нацыі, дзяржавы і іх тэрыторыі застаюцца забаўкамі абывацеляў, ілюзіі якіх падтрымліваюць сродкі масавай інфармацыі. Паноўныя клясы сьвету ўжо даўно жывуць па-за нацыямі, дзяржавамі і тэрыторыямі. Грамады сьвету заўсёды прайграюць паноўным клясам, пакуль трымацца за старыя ўяўленьні. Грамады сьвету маюць усьвядоміць сваё сеткавае адзінства і самаарганізавацца перад тварам свавольства дзяржаў і карпарацый.
Сёньня пытаньне стаіць не пра перазаснаваньне нейкай асобнай дзяржавы. Сёньня пытаньне стаіць пра перазаснаваньне грамадзкай угоды, якая з часоў Гобса, Лока і Русо фактычна была непарушнай у сваіх галоўных прынцыпах - адмове ад натуральных правоў на карысьць дзяржавы дзеля грамадзкай бясьпекі, гарантаваньні дзяржавай распрацоўкі, прыняцьця і выкананьня законаў для агульнага дабра, падзеле уладаў унутры дзяржавы, зборы і выкарыстаньні публічных падаткаў дзяржавай, абароне дзяржавай сувэрэнітэту. Такім чынам грамадзкая ўгода складалася грамадзтвам зь дзяржавай. Прыйшоў час перагледзець грамадзкае пагадненьне на карысьць прынцыповага павелічэньня публічных функцый грамадаў і ўвядзеньня прамога карпаратыўнага інфраструктурнага абслугоўваньня грамадаў без пасярэдніцтва дзяржавы.
Грамады як носьбіты сістэмна арганізаваных матывацый стаюцца новымі цэнтрамі чалавецтва, новымі суб'ектамі цывілізацыйных дзеяньняў. Такія грамады могуць быць як архаічнымі і прывязанымі да нацыянальнай культуры і тэрыторыі, так і інавацыйнымі, злучанымі сувязямі сацыяльных сетак праз новыя сродкі камунікацыі - Інтэрнэт і мабільную сувязь.
Новая грамадзкая ўгода прынцыпова супрацьстаіць глябалізму. Грамады чалавецтва выступаюць не за інтэграцыю, а за фрагмэнтацыю сьвету; не за ўніфікацыі нормаў і матывацый, а за іх разнастаеньне.
Глябалізацыя - гэта працэс легалізацыі карпаратыўнай улады над сьветам, інтэграцыі сьвету праз усеўладдзе карпаратыўнай карупцыі дзяржаў і сусьветнай уніфікацыі матывацый і нормаў супольнага жыцьця ў іх асабліва ўтылітарнай і спажывецкай якасьці.
У той жа час фрагмэнтацыя - гэта працэс легалізацыі і ўзмацьненьня грамадаў, якія супрацьстаяць карпарацыям. Пры гэтым улада грамадаў выходзіць за межы глябальнасьці, у тым ліку за межы плянэтарнай глябальнасьці. Гэта працэс разнастаеньня матывацый, у прыватнасьці выпрацоўкі і распаўсюджваньня трансцэндэнтных матывацый.
Мясцовыя грамады ўнутры дзяржаў маюць саступіць паноўнае становішча грамадам сацыяльных сетак, якія больш не прывязаныя ні да нацыі, ні да дзяржаў, ні да тэрыторый.
У такім падыходзе ўзьнікае ўяўленьне пра адзінае чалавецтва, што складаецца з фрагмэнтаваных і сеткавым чынам злучаных грамадаў, якія ажыцьцяўляюць супраціў карпаратыўна-дзяржаўнай глябалізацыі.
Чалавецтва не зьяўляецца вынікам працэсу глябалізацыі. Чалавецтва зьяўляецца прадуктам цывілізацыйнай фрагмэнтацыі і ўсьведамленьня свайго адзінства празь сетку самаарганізацыі фрагмэнтаў-грамадаў на ўзроўні трансцэндэнтных канцэптуальных уяўленьняў.
Агентам чалавецтва не зьяўляецца ні нацыя, ні дзяржава, ні карпарацыя, ні любое іх аб'яднаньне (напрыклад, міжнародная супольнасьць). Таму чалавецтва не зьяўляецца зборнасьцю індывідаў чалавечага роду.
Агент чалавецтва таксама не ўзьнікае ў галіне права, паколькі агент не зьяўляецца праўным прадстаўніком чалавецтва, якія б правы яму не надаваліся. Права ёсьць прадукт дзяржаў і карпарацый, таму што яно гарантуецца імі.
Матывацыі і канцэптуальныя ўяўленьні пра будучыню (мары) знаходзяцца заўсёды за межамі права і складаюць трансцэндэнтную аснову ўсякай цывілізацыі.
Агентам чалавечага адзінства, протацывілізацыйным утварэньнем і адзінкай новага сусьветнага ладу зьяўляецца грамада, ўпісаная ў тапалягічную (негеапалітычную) сетку чалавечых узаемаадносін - сеткавая грамада. Гэта такая гармада, што трымае на сабе публічнае рэфлексіўнае ўсьведамленьне чалавечага адзінства і зьдзяйсьняе дзеяньні, што абапіраюцца на такое ўсьведамленьне.
Агент чалавечага адзінства зьяўляецца не прававай, палітычнай ці эканамічнай, а філязофічна-канцэптуальнай пазіцыяй, што фармуе трансцэндэнтныя матывацыі на аснове запаветных мараў. Агент чалавечага адзінства - інтэлектуал грамады і сама грамада, што адстойвае яго ідэі, а не палітык, эканаміст ці юрыст.
Пераадоленьне дзяржаўных манаполіяў
Галоўная манаполія, якой валодаюць дзяржавы, - гэта манаполія на прызнаньне ідэнтычнасьцяў. Грамада мае адваяваць права зьмяняць і фіксаваць складаныя ідэнтычнасьці самастойна, без пасярэдніцтва дзяржавы. Пакуль ідэнтычнасьці былі ўнітарнымі (фармуляваліся адным словам, а па зьмесьце былі рэлігійнымі ад антычнасьці да Новага часу і нацыянальнымі ад Новага часу да цяперашняга моманту), дзяржавы маглі іх выкарыстоўваць дзеля ўлады над сьвядомасьцю. І калі цяпер ідэнтычнасьці стаюцца множнымі (палітарнымі, фармулююцца многімі словамі), гэта значыць станоюцца функцыямі самадзейнасьці, творчасьці і камунікацыі сацыяльных сетак, умяшаньне дзяржавы мае быць істотна абмежавана. Камбінацыя зьместаў ідэнтычнасьці адпавядае прынцыпу разьмеркаванага сувэрэнітэту і зьяўляецца свабодным выбарам кожнага чалавека плянэты.
Другая манаполія дзяржавы - на ўсе віды цэнтральнай улады, якія яна пагадзілася разьмяркоўваць - заканадаўчую, выканаўчую, судовую і зьнешнюю. Гэтыя ўлады маюць быць у значнай ступені дэманапалізаныя. Перадусім, дзяржава мае страціць манаполію на судовую ўладу, то бо судовая ўлада мае перастаць быць дзяржаўнай. Судовая ўлада мае стаццца глябальнай і карпаратыўнай, яе паслугі маюць прадавацца сеткавым грамадам на выразна вызначаны тэрмін ва ўмовах канкурэнцыі паміж судовымі карпарацыямі. Канкуруючыя судовыя карпарацыі маюць існаваць ва ўмовах спэцыяльных працэдур статыстычнага і выбарачнага аўдыту, публічнага абвяшчэньня скаргаў і вынікаў іх праверкі і г.д. Па-другое, законы розных краін маюць быць уніфікаваныя адносна асноўных правоў і свабодаў, а таксама прынцыпаў "разьмеркаванага сувэрэнітэту", "супэрдыярнасьці", "публічнага рэсурсу" і "фінансавай празрыстасьці".
Трэцяя манаполія, якой валодае дзяржава, - гэта абарона тэрыторыі і публічнай уласнасьці на тэрытарыяльную інфраструктуру. Сёньня гэтая манаполія фактычна перайшла да карпарацый - гэта адбылося па ўсім сьвеце, і дзяржавам усё цяжэй забясьпечваць узнаўленьне інфраструктур. Многія інфраструктуры сёньня зношаныя, няўзноўныя, і гэты працэс адбываецца ў розных краінах - як разьвітых, так і тых, што разьвіваюцца. У інфраструктуры зьявілася тры розныя суб'екты - дзяржава, карпарацыя і грамадзкасьць. Прычым толькі грамадзкасьць у асобе тэрытарыяльных грамадаў атрымлівае права кантролю за тэрыторыяй і тэрытарыяльнай інфраструктурай, бо яна адзіная, хто адстойвае публічны інтарэс.
Чацьвёртая дзяржаўная манаполія - гэта манаполія на выкарыстаньне публічных рэсурсаў, у прыватнасьці карысных выкапняў, рэк, азёр, зямлі і г.д. Гэтая манаполія павінна быць зьнішчана перадусім на ўзроўні доступу - да інфармацыі пра наяўныя інвентарызаваныя публічныя рэсурсы, іх выкарыстаньне, а таксама вынікі такога выкарыстаньня - грашовы даход і іншыя сацыяльныя выгоды. Кожны публічны рэсурс належыць тэрытарыяльнай грамадзе, якая здольна кантраляваць публічнае функцыянаваньня такога рэсурсу. Карпарацыі, што выкарыстоўваюць публічны рэсурс, павінны забіраць ня больш за палову грашовых і сацыяльных выгодаў, якія яны атрымліваюць ад выкарыстаньня публічных рэсурсаў. Дзяржавы маюць быць адхілены ад кантролю за публічнымі рэсурсамі, бо яны занадта хутка карумпуюцца карпарацыямі.
Пятая манаполія - на так званую дзяржаўную таямніцу, якая на самай справе зьяўляецца сакрэтам выкарыстаньня публічных магчымасьцяў дзяржавы ў прыватных мэтах дзяржаўных ураднікаў і/або карумпуючых дзяржаву карпарацый. Адзіная таямніца, якая можа быць захавана - гэта ваенная тайна, але і яна ў той час, калі прыватныя войскі стаюцца ўсё больш магутнымі, а інфраструктуры стаюцца глябальнымі і агульнадаступнымі, зьяўляецца вельмі ўмоўнай. Дзяржаўная таямніца мае быць зьнішчана раз і назаўсёды.
Шостая манаполія, якой валодае дзяржава, - гэта манаполія на збор падаткаў і распараджэньня імі празь дзяржаўны бюджэт. Збор падаткаў мае быць дывэрсіфікаваны. На пераходным этапе трэба стварыць Грамадзкі Падатковы Фонд, куды накіроўваць тую частку падаткаў, што ня зьвязана з бясьпекавымі функцыямі дзяржавы. Перадусім, Публічны Падатковы Фонд мае займацца аховай здароўя, адукацыяй і навукай. Дзяржава з гэтымі функцыямі спраўляецца вельмі дрэнна. На другім этапе ўсе падаткі маюць ісьці праз Публічны Фонд, а дзяржаўны апарат мае атрымліваць тыя сродкі, якія агульным рашэньнем падаткаплатнікаў яму вылучаюцца (гл. Прынцып "супэрдыярнасьці").
Сёмая манаполія, якой валодае дзяржава і якая па сутнасьці стварае карупцыю, - гэта манаполія дазваляць або забараняць пэўныя віды дзейнасьці. тут мае дзейнічаць просты пераходны прынцып: адзін від дзейнасьці - адзін дазвол. Мае быць проста забаронена дзяржаве ў любой форме, прама ці ўскосна патрабаваць больш за адзін дазвол. Дазволы мусяць падавацца ў пэўны тэрмін. Дазволы маюць быць аўтарызаванымі (указана, хто іх выдае). Адмова мае быць аргумэнтаваная выкананьнем умоў, якія могуць быць рэальна выкананы. Адмова ў дазволе пасьля выкананьня ўмоў зьяўляецца падставай для судовага пазову да канкрэтнага чыноўніка, які павінен рызыкаваць ня толькі штрафам, але і стратай пасады. Надалей дзяржава увогуле мае страціць права выдаваць якія-кольвек дазволы на тую ці іншую дзейнасьць. Надалей нормы дзейнасьці маюць стацца глябальнымі і рэгулявацца на сусьветным узроўні.
Прынцыпы агульначалавечай пэрспэктывы
Уся ўлада належыць сеткавым грамадам, а не народу.
Сеткавыя грамады - гэта грамады, якія маюць агульныя матывацыі жыцьця і дзейнасьці, знаюць сваіх сяброў, рэгулярна маюць зносіны ўнутры сябе і выпрацоўваюць агульныя інтарэсы. Таму адміністрацыйныя рэгіёны або воласьці не зьяўляюцца сеткавымі грамадамі, а горады ці пасёлкі зьяўляюцца такімі грамадамі. Сеткавыя грамады зьяўляюцца носьбітамі сувэрэнітэту рознага тыпу дзяржаў, бо яны здольныя дамовіцца пра такі сувэрэнітэт.
Сеткавая грамада сама вызначае, якая рэлігія або ідэалёгія ёсьць для яе сістэмаўтваральнай і затым стварае яе ідэнтычнасьць - хрысьціянства (іслам, будызм, канфуцыянства), нацыя, навука ці нейкая філязафічная тэорыя.
Дзяржава губляе манаполію на збор і разьмеркаваньне падаткаў - гэта робіць сеткавая грамада. Менавіта сеткавая грамада зьбірае падаткі і ажыцьцяўляе іх разьмеркаваньне, закупляючы інфраструктурныя паслугі на глябальным рынку, дзе былая (архаічная) дзяржава можа быць пастаўніком вельмі нямногіх інфраструктурных паслуг, калі яна гэта робіць якасна.
Адгэтуль галоўным прынцыпам арганізацыі ўлады на аснове сеткавых грамадаў стаецца супэрдыярнасьць - зьверхнасьць сеткавых грамадаў на любой дзяржавай.
Усеўладдзе карпарацый могуць абмежаваць толькі сеткавыя грамады, бо дзяржавы зрабіць гэта ня могуць.
Супэрдыярнасьць замест субсідыярнасьці.
Прынцып супэрдыярнасьці (ад сеткавай грамады да цэнтру) мае ў пашыраным разуменьні адваротны сэнс што да прынцыпу субсідыярнасьці (ад цэнтру да мясцовай грамады). Сутнасьць гэтага зваротнага ўтрыманьня ў наступным: 1) унікненьне падвойнага дэлегаваньня (спачатку грамадзяне дэлегуюць паўнамоцтвы ў цэнтр, а потым атрымліваюць іх па добрай волі цэнтру назад на месцы, у тых аб'ёмах, у якіх цэнтр лічыць гэта неабходным); 2) усталяваньне кіраваньня разьмеркаваньнем паўнамоцтваў зьнізу (не дзяржава вызначае аб'ём сваіх паўнамоцтваў і паўнамоцтваў на месцах, а самакіроўныя грамады) ; 3) замест вечных прапісаных у законе паўнамоцтваў як у цэнтры, так і на месцах, усталяваньне часовых і пэрыядычна зьмяняльных самакіраванымі грамадамі паўнамоцтваў як паводле часу іх дзеяньня, так і паводле аб'ёму, 4) фінансаваньне праз падаткі, кантраляванае на месцах, бліжэй да паходжаньні падаткаў.
Такім чынам, 1) паўнамоцтвы знаходзяцца ўнізе і дэлегуюцца ў цэнтр, 2) аб'ём паўнамоцтваў у цэнтры і на месцах вызначаюць самакірўныя грамады, а ня цэнтр, 3) усякі аб'ём паўнамоцтваў як у цэнтры, так і на месцах, мае тэрмін дзеяньня, які пэрыядычна пераглядаецца разам зь пераглядам самога аб'ёму паўнамоцтваў; 4) фінансаваньне адбываецца, пачынаючы ад узроўню паўнамоцтваў асобнай грамады, а затым функцыі і паслугі дзяржавы або карпарацый аплочваюцца на канкурэнтнай аснове. Толькі такі падыход можа пазбавіць сьвет ад карупцыі.
Разьмеркаваны сувэрэнітэт замест нацыянальнага.
Народ не зьяўляецца крыніцай і мэтай разьмеркаванага сувэрэнітэту.
Крыніцай разьмеркаванага сувэрэнітэту зьяўляецца здольныя да самакіраваньня сацыяльныя групы - протацывілізацыйныя супольнасьці (сеткавыя грамады).
Мэтай разьмеркаванага сувэрэнітэту зьяўляецца свабода самакіроўных протацывілізацыйных супольнасьцяў (сеткавых грамадаў).
Мэтай захаваньня цэласнага сувэрэнітэту ў архаічных дзяржавах зьяўляецца сацыяльная абарона народа, што ўлучае ў сябе сацыяльныя групы, ня здольныя да самакіраваньня.
Сродкамі фармаваньня разьмеркаванага сувэрэнітэту зьяўляюцца: дзяржавы, міжнародныя наддзяржаўныя структуры, карпарацыі, якія спэцыялізуюцца на вытворчасьці паслуг тых ці іншых тыпаў сувэрэнітэту.
Разьмеркаваны сувэрэнітэт ўзаемадзейнічае з архаічнымі нацыянальнымі сувэрэнітэтамі шляхам іх паглынаньня праз сацыяльныя сеткі.
Аснова разьмеркаванага сувэрэнітэту - новая тапалёгія сьвету (сеткавае злучэньне фрагмэнтаў). Гэта азначае распазнаваньне трох тыпаў дзяржаў.
Разьмеркаванае грамадзянства замест дзяржаўнага грамадзянства.
Архаічная дзяржава - гэта краіна і дзяржава, якія супадаюць тэрытарыяльна, то бо палітычная арганізацыя грамадзтва прывязаная да пэўнай краіны. Краіна - гэта насельніцтва на пэўнай геаграфічнай тэрыторыі, ні адна частка якога не здольная да самазабесьпячэньня і самакіраваньня, каб стварыць дамэн або анклаў. Дзяржава - гэта палітычная арганізацыя грамадзтва пэўнай краіны, што зьдзяйсьняе кіраваньне (захаваньне і разьвіцьцё) эканамічнай і сацыяльнай структуры.
Сеткавая дзяржава - палітычная арганізацыя пэўнага грамадзтва, аб'яднанага сеткавым чынам паводле адной або некалькіх прыкметаў, сябры якой пражываюць на розных геаграфічных тэрыторыях і аплочваюць толькі абумоўленыя такой дзяржавай інфраструктурныя паслугі, а іншыя паслугі атрымліваюць шляхам аўтсорсінгу. Узьнікненьне сеткавых дзяржаў зьвязана з інфраструктурнымі ўласьцівасьцямі паслуг і прадуктаў, якія яны ствараюць па ўсім сьвеце.
Функцыянальная дзяржава - самаарганізацыя пэўнай супольнасьці ў межах дакладнага пераліку пэўных функцый, дзе засталыя функцыі дзяржавы (якія забясьпечваюць паўнату) выконвае пэўная іншая архаічная дзяржава, іншая сеткавая дзяржава або анклаў. Функцыянальная дзяржава ўтвараецца і існуе, паколькі яе функцыі зьяўляюцца нагэтулькі важнымі для астатніх дзяржаў, што яны гатовыя надаваць ёй адсутныя часткі сувэрэнітэту.
Разьмеркаванае грамадзянства, якое можа быць падвойным, патройным і г.д., а таксама частковым - у адпаведнасьці з тыпамі сувэрэнітэту, які грамадзянін атрымлівае ў тых ці іншых дзяржаў або карпарацый, зь якімі ў яго зроблены канстытуцыйныя пагадненьня пра частковае грамадзянства з вызначэньнем пераліку надаваных паслуг грамадзянства.
У сітуацыі разьмеркаванага грамадзянства зьяўляецца панятак апатрыда - асобы без грамадзянства або з грамадзянствам, у яікм адсутнічаюць базавыя тыпы сувэрэнітэтаў, пра якія ў грамадзяніна мае быць дамова з пэўнай дзяржавай.
Публічныя рэсурсы плянэты належыць чалавецтву ў асобе сеткавых грамадаў.
Публічныя рэсурсы - гэта пазаглябальныя рэсурсы (геліёзныя, дачынныя Сонечнай сістэмы): космас, плянэты Сонечнай сістэмы, плянэта Зямля ва ўсіх яе вымерах разам зь Месяцам, карысныя выкапні плянэты Зямля, плянэт і плянэтоідаў Сонечнай сістэмы. Да публічных рэсурсаў таксама належыць глябальныя рэсурсы: паветра, вадаёмы, плошчы тэрыторыі, нетры плянэты (разам з карыснымі выкапнямі). Да публічных рэсурсаў таксама належаць штучныя рэсурсы чалавецтва: інфраструктуры, дзяржаўныя і муніцыпальныя бюджэты, веды, тэхналёгіі і да т.п.
Публічныя рэсурсы маюць служыць чалавецтву. Замест нацыяналізацыі трэба ўжываць ачалавецтваньне публічных рэсурсаў і канкурэнтнае іх выкарыстаньне праз прыцягненьне міжнародных карпарацый, кантроль сеткавых грамадаў і глябальны (геліёзны) аўдыт публічных рэсурсаў.
У аснове любой алігархіі ляжыць асабіста манапалізаванае выкарыстаньне рэдка аднаго, часьцей некалькіх публічных рэсурсаў. Абмежаваньне бескантрольнага і непразрыстага выкарыстаньня публічных рэсурсаў датычыць кожнай грамады, кожнай тэрыторыі, незалежна ад рэлігіі, расы, нацыянальнасьці.
Адкрыты глябальны рынак інфраструктурных паслуг замест манапалізаванага дзяржавамі і закрытага.
Дзяржава мае страціць манаполію на мноства паслуг, якія яна да гэтага часу надавала - на асьвету, навуку, ахову здароўя (мэдыцыну), забесьпячэньне жыльлём і г.д.
Гэтыя паслугі маюць надавацца на глябальным рынку на канкурэнтнай аснове.
Каб дзяржава магла страціць манаполію на інфраструктурныя паслугі, глябальныя рынкі, глябальную інфраструктуру, фінансы і карпаратыўная дзейнасьць маюць стацца адкрытымі і арыентаванымі не на багатыя краіны, а на ўсе краіны сьвету.
Адкрытыя фінансы, адкрытая карпаратыўная дзейнасьць, адкрытая глябальная інфраструктура.
Бальшыня праблем у фінансавай сфэры ўзьнікае празь яе непразрыстасьць.
Усякая фінансавая дзейнасьць мае быць цалкам празрыстай, а любое багацьце публічным.
Непублічнае багацьце ці публічнае і сумнеўнае па паходжаньні аб'яўляецца ганебным і падлягае ачалавецтваньню сеткавымі грамадамі або агульным чалавецтвам.
Цалкам і няўхільна мае быць зьнішчана банкаўская таямніца. Усе заробленыя маёмасьці маюць быць публічнымі.
Канкурэнцыя карпарацый мае быць фінансава і сацыяльна празрыстай для шырокай грамадзкасьці.
Карпарацыі маюць публічна аб'яўляць ня толькі свае бюджэты, але і свае стратэгіі дзейнасьці. Карпаратыўныя стратэгіі стаюцца ў сьвеце такімі ж важныя, як дзяржаўныя праграмы раней.
Сусьветная інфраструктура кіруецца карпарацыямі, якія здольны вырабляць інфраструктурныя інавацыі ў сітуацыі адкрытай нарматыўнай канкурэнцыі.
Адзінае чалавецтва. Агульныя дзеяньні. Агульная будучыня.