Мова існуе індывідуальна. Кожны носьбіт мовы мае сваю мову, сваю лексіку, граматыку і сінтаксіс.
Але мова ўзьнікае дзеля ўзаемадзеньня зь іншымі, для зьдзяйсьненьня чыну, які нельга зрабіць аднаму. Узьнікненьне мовы - гэта ўвесь час сінхранізацыя мноства індывідуальных моваў. Толькі агульная справа патрабуе стварэньня мовы.
Тры працэсы ўтвараюць мову - лексіка, граматыка і сінкаксіс - спараджэньне элемэнтаў, стварэньне мэта-элемэнтаў і вызначэньне парадку мэта-элемэнтаў. Мы ўвогуле бачым сьвет як мову - як элемэнты, мэта-элемэнты і іх парадак.
Ёсьць мова, якую мы спараджаем самі, і ёсьць мова, для якой мы, ці тое, чым мы сябе лічым, ёсьць элемэнтамі, падпарадкаванымі пэўным граматыцы і сынтаксу. Законы і прычыннасьць і ёсьць нішто іншае як мова.
Мы звыкліся думаць пра гэту мову як пра твор аднаго бога, які ўсталяваў законы сьвету. Але калі ўсе натуральныя мовы - гэта мовы супольнасьцяў - узьнікаюць і існуюць як агульная справа, трэба меркаваць, што і тая мова, граматыка і сінтаксіс якой абавязковыя для гэтага сьвету, таксама можа быць калектыўным творам, мовай багоў.
Стваральнікі мовы, рышы, продкі багоў і людзей, у Ведах узгадваюцца менавіта ў множным ліку:
Багі, у множным ліку, робяць Мову многапрысутнай, многадасяжнай.
aháṃ rā́ṣṭrī saṃgámanī vásūnāṃ cikitúṣī prathamā́ yajñíyānām, tā́m mā devā́ vy àdadhuḥ purutrā́ bhū́risthātrām bhū́ry āveśáyantīm - "Я ўладарка, скарбніца скарбаў, чуйная, першая з вартых аброку, Той мяне ўстанавілі багі паўсюль многамесцавай, многадасяжнай" (Ṛgveda, 10.125-3).
Ці зьмяншае гэта як-небудзь Першапачатак? Не. Узьнікненьне мовы адначасова зьяўляецца ўзьнікненьнем законаў і правілаў, спараджэньнем асобнасьцяў і абмежаваньняў. Першапачатак, стваральнік стваральнікаў мовы, застаецца стваральнікам свабоды.