У вйа̄каран̣е, традыцыйнай граматыцы санскрыту, ёсьць паняцьце vṛtti – “згортваньня-разгортваньня”. Утварэньне новых фармальных элемэнтаў разглядаецца як згортваньне больш простых складнікаў, замена ланцуга на адзінку. Разуменьне згорнутай выявы мае наўвеце яе разгортваньне, тлумачэньне, вяртаньне ў першасны выгляд.
Выдзяляецца пяць згортваньняў:
1. dhātu-vṛtti – згортваньне ў карані. Напрыклад, калі спалучэньне kartum icchati (хоча рабіць) згортваецца ў вытворны корань cikīr-ṣa, які далей можа атрымліваць канчаткі дзеяслова. Або, спалучэньне putram icchati (хоча сына) згортваецца ў корань putrīya, Прыгэтым адзін змысел (“рабіць”, “сын”) прадстаўляецца асновай (kṛ, putra), а другі (“хацець”) – афіксам (san, kyac).
2. kṛd-vṛtti – згортваньне ў першасныя асновы імёнаў. Напрыклад, калі спалучэньне yaḥ karoti (які чыніць, дзейнік чыну) згортваецца ў першасную аснову kartṛ (чыньнік), якая далей атрымлівае канчаткі імені і скланяецца. Прыгэтым адзін змысел прадстаўляецца як корань (kṛ), а другі – як афікс (tṛc). Такія афіксы называюцца kṛt.
3. taddhita-vṛtti – згортваньне ў другасныя асновы імёнаў. Напрыклад, калі спалучэньне agniḥ asmin asti (у якім ёсьць агонь) згортваецца ў другасную аснову agni-mat (агнявы), які далей атрымлівае канчаткі імені і скланяецца. Прыгэтым адзін змысел прадстаўляецца асновай (agni), а другі – афіксам (matup). Такія афіксы называюцца taddhita.
4. samāsa-vṛtti – згортваньне ў складаныя асновы імёнаў. Напрыклад, калі спалучэньне tasya puruṣaḥ (“яго чалавек”) згортваецца ў складаную аснову tat-puruṣa (“яго чалавек”), якая далей атрымлівае канчаткі імені і скланяецца.
5. ekaśeṣa-vṛtti – згортваньне ў “аднаго апошняга”. Гэта ўтварэньне выяваў парнага і множнага ліку, што ў санскрыце разглядаецца як згортваньне словазлучэньняў. Напрыклад, калі спалучэньне vṛkṣaḥ vṛkṣaḥ ca (“дрэва і дрэва”) згортваецца ў выяву vṛkṣau (“два дрэвы”).
Такім чынам, ад першасных каранёў можна ўтварыць першасныя асновы імені, ад іх другасныя асновы. Першасныя і другасныя асновы можна спалучыць у складаныя асновы. Усе гэтыя ўтварэньні скланяюцца. Ад першасных каранёў і ўсіх утвораных асноваў можна ўтварыць другасныя карані. Яны спрагаюцца. Ад іх можна зноў утварыць першасныя асновы, а ад іх – другасныя і складаныя асновы. І ад іх у сваю чаргу можна зноў утварыць другасныя карані. Так слоўнікавы склад санскрыта робіцца рэкурсіўна бясконцым. Аднак, усё гэтае мноства адпачатку ўяўяляе сабой згортваньне спалучэньняў першасных складнікаў у больш простыя адзінкі.
Такім чынам, тое, што заходняй лінгвістычнай традыцыі ўспрымаецца як “словаўтварэньне”, у санскрыцкай граматыцы змысьляецца як згортваньне складанага ў простае, скарачэньне ланцуга да адзінкі.
Паняцьце vṛtti ўжываецца таксама ў Йоґа-сӯтрах Патаньджалі. Трэба заўважыць, што з традыцыйнага гледзішча Патаньджалі лічыцца таксама стваральнікам Mahābhāṣya, Вялікага Тлумачэньня да граматыкі Па̄н̣іні і галоўным з трох аўтарытэтаў вйа̄каран̣ы. Патаньджалі вызначае йогу так: yogaś citta-vṛtti-nirodhaḥ – “Йоґа – гэта спыненьне vṛtti чуваньня”. Слова vṛtti ўтвараецца ад кораня vṛt (вярцецца, зварачацца, рухацца, існаваць, адбывацца, дзейнічаць, узьнікаць) і тлумачыцца перакладчыкамі і тлумачальнікамі даволі па-рознаму: як “дзеяньне, вярчэньне, абарачэньне сьвядомасьці”.
Патаньджалі выдзяляе пяць vṛtti:
1. pramāṇa – прамер, правільнае ўспрыманьне
2. viparyaya – вычварэньне, аблуднае ўспрыманьне
3. vikalpa – адмена, варыятыўнае ўспрыманьне словаў, вольнае ад рэчаў
4. nidrā – глыбокі сон, успрыманьне нябыту
5. smṛti – памяць, зноў-успрыманьне ўжо перажытага
Але, калі ўзгадаць, як працуе vṛtti ў мове, магчыма і такое тлумачэньне: “йоґа ёсьць спыненьне згортваньня чуваньня”. Vṛtti чуваньня можна зразумець гэтак жа сама, як у граматыцы санскрыта – як згортваньне, скарачэньне складанага да простага, ланцугоў і абсягаў да адзінак. У такім разе vṛtti Йоґа-сӯтраў магчыма разглядаць як розныя віды згортваньняў чуваньня, падобна да граматычных згортваньняў, што ўтвараюць новыя словы. Рэчаіснасьці чуйнаваньня, сна, памяці, аблуды і одуму аказваюцца згортваньнямі чуваньня ў пэўныя праявы.
Тое, што здаецца нам разгортваньнем змыслаў у пачуцьцёвыя прасторы, можна насамрэч прадставіць і як згортваньне: выдзяленьне неадзінкавага змыслу, змысловага ланцуга ці абсягу і зьвядзеньне яго да вонкага дачыну, адзінкі. Чуваньне ня толькі напоўнена дачынамі, але ўвесь час утварае новыя дачыны. Утварэньне кожнага дачыну кожны раз аб’ядноўвае пэўны абсяг чуваньня ў цэласьць, адзінку. Затым чуваньне будуе з утвораных дачынаў складаныя будовы паняткаў і згортвае іх да новых дачынаў. Пасьля яно зьбірае паняткі ў новыя будовы і згортвае іх у новыя дачыны. У выніку тое, што здаецца простым і адзінкавым, зьяўляецца згортваньнем мноства няпростага і неадзінкавага. Згортваньне чуваньне адбываецца рэкурсіўна бясконца – як словаўтварэньне ў мове.
Чуваньне ўтварае змысел зь сябе самога. Яно скарачае, згортвае сябе ў змыслы. Затым яно зьбірае гэтыя згортваньні і згортвае іх у новыя і новыя згортваньні, утвараючы цэлы сьвет. Але ўвесь гэты сьвет зьяўляецца ў выніку згортваньня самога чуваньня. Чуваньне апынаецца ў створаным самім сабой сьвеце множнасьці і раздробленасьці. З усёй сваёй паўнаты яно пакідае сабе невялічкую частку сябе і называе гэты маленькі кавалак сябе “Я”. Згорнутае чуваньне прымае выяву згортваньняў, сваіх шматлікіх зьместаў – vṛtti-sārūpyam itaratra (Yoga-sūtrāṇi 1.4).
У граматыцы санскрыту існуе і зваротная працэдура – разгортваньне vṛtti, што ўзнаўляе сапраўдны, згорнуты ў выявы змысел. Напрыклад, калі слова cikīrṣati тлумачыцца як kartum icchati (хоча рабіць). Паводле падабенства спыненьне згортваньня чуваньня – citta-vṛtti-nirodhaḥ – азначае разгортваньне, вяртаньне ў свой першасны, разгорнуты, нескарочаны, незаменены стан. І тады зорца ўзнаўляецца ў сваёй уласнай яве – tadā draṣṭuḥ svarūpe 'vasthānam (Yoga-sūtrāṇi 1.3). Спыненьне згортваньня, разгортваньне чуваньня аднаўляе адзінства (yoga), цэласьць Сябе.
No comments:
Post a Comment