Mar 23, 2012

Быцьцё існага

nāsato vidyate bhāvo nābhāvo vidyate sataḥ, ubhayor api dṛṣṭo'ntas tv anayos tattvadarśibhiḥ - “Няма быцьця няіснага, няма небыцьця існага, мяжа іх абодвух відна тоества-зорцам” (Багавітава Песьня 2.16).

Корань bhū (быць), ад якога ўтвараецца bhāva (быцьцё) мае змысел “узьнікаць”. Быцьцё значыць узьнікненьне. Небыцьцё (abhāva) значыць зьнікненьне. Таму быцьцё мае наўвеце час. Час - гэта час быцьця. Быцьцё супадае з часам. Ад кораня bhū ўтвараецца словы bhūti (багацьце, збытак), bhūyas ("большы, больш многі" - параўнальная ступень ад bahu "многі"), bhūri (многа). Быцьцё значыць множнасьць і павелічэньне. Узбытае расьце і множыцца. Быцьцё ўжо зьмяшчае ў сабе быты (bhūta) як свой працяг. Ад кораня bhū ўтвараюцца словы bhū (зямля, быцьцё) і bhūmi (зямля, паверх). Быцьцё - маці, прырода незьлічоных бытаў. Старагрэцкае слова φύσις ("прырода") паходзіць ад таго самага кораня bhū (быць, узьнікаць).

Корань as (ёсьць), ад якога ўтвараецца sat (існае) змыслу часу ня мае. Слова sat значыць “існае, якое ёсьць” - гэта дзейны дзеепрыметнік цяперашняга часу. Існае - заўсёдны цяперашняе, дзейнае. Ад кораня as у санскрыце не ўтвараецца неазначальнік, замест якога ўжываецца выява bhavitum ("быць") ад кораня bhū. Бо неазначальнік мае змысел будучага часу - “быць” значыць “каб быць”, адзін чын дзеля іншага чыну. Ад кораня as утвараецца выява са змыслам дзейнага мінулага часу (āsīt - "ісьнеў"), калі чын адзін і тады, і цяпер, але немагчыма ўтварыць выявы залежнага стану. У такіх выпадках as адразу замяняецца коранем bhū. Магчымасьцяў мовы цалкам стае, каб вытварыць усе гэтыя ненаяўныя выявы, але змысел кораня as унікае двойства, адмаўляецца быць у залежным стане, быць дзеля іншага чыну, настойваючы на сваім адзінстве. Існае адно, само і заўсёды.

Тое, што ў няіснага (asat) няма быцьця (bhāva), значыць, што няіснае ня можа ўзьнікнуць, быць. Тое, што ня ёсьць, ня можа быць. Быць, узьнікнуць можа толькі існае. Быцьцё можа быць толькі быцьцём існага. Тое, што ў існага (sat) няма небыцьця (abhāva), значыць, што існае ня можа зьнікнуць, ня быць. Тое, што ёсьць, ня можа зьнябыцца, зьнікнуць. Зьнікнуць, зьнябыцца можа толькі бытае (bhūta), але гэта ня цягне за сабой зьніканьня таго, быцьцём чаго яно зьяўляецца, існага.

Слова sam-bhava (магчымае) значыць "з-быўнае", магчымае як сумяшчэньне бытаў. A-sambhava (немагчымае) значыць несумяшчальнасьць бытаў. Незьлічоныя сьветы (bhuvana) ўзбываюцца як лучнасьці спалучальных магчымасьцяў. Існае (sat) як пачатак быцьця (pra-bhava) ёсьць усемагчымасьць (sarva-śakti). Няіснае (a-sat) - немагчыма (a-śakya), бо ня можа быць.

sató bándhum ásati nír avindan hṛdí pratī́ṣyā kaváyo manīṣā́ - “Мяжу існага ў няісным знайшлі празорцы ў сэрцы, зыскуючы мысла-воляй” (Р̣ґ-веда 10.129.4). Паміж імі, існым і няісным, відна (dṛṣṭaḥ) мяжа, канец (antaḥ). Таму ні існае, ні няіснае - не бясконцае (an-anta). Таму бясконцым можа быць толькі большае, вышняе, іншае за існае і няіснае (sad-asat-para), гаварыць пра якое можна толькі адмоўна.

nā́sad āsīn nó sád āsīt tadā́nīṃ nā́sīd rájo nó vyòmā paró yát - "Ні няіснае ісьнела, ані існае ісьнела тады, ня ісьнела неба, ані прастор, што вышэй" (Р̣ґ-веда 10.129.1). Тое, што мае мяжу, мае іншага. Што мае іншае - не адзінае. Неадзінае ня можа быць пачаткам, бо пачатак мае быць пачаткам усяго. Таму пачатак - бясконцы, вышэйшы за існае і няіснае. ananta deveśa jagannivāsa tvam akṣaraṃ sadasattatparaṃ yat - “Бясконцы, пан бостваў, сяліба сьвету, нязьнікны, ад існа-няіснага вышні” (Багавітава Песьня 11.37).

Быцьцё (bhāvaḥ) знаходзіцца, ведаецца (vidyate). Небыцьцё (abhāvaḥ) не знаходзіцца, ня ведаецца (na vidyate). Знаходжаньне, веданьне падзяляе быцьцё і небыцьцё. Корань vid у санскрыце мае змыслы “ведаць,  знаходзіць, быць”. Калі нешта “маецца”, яно знаходзіцца, ведаецца, відзіцца. “Няма” значыць не знаходзіцца, ня ведаецца, ня відзіцца. Быць значыць быць ведамым, знаным, знаходным, успрыманым. Быць значыць быць яўным. Быць ведамым значыць быць гэтым, быць у чуваньні.

Быцьцё існага сьведчыцца, ведаецца чуваньнем (cit), адбываецца ў чуваньні. У чуваньні, веданьні ўсё ўзьнікае і зьнікае, узбываецца і зьнебываецца. Чуваньне - прастора быцьця. Таму чуваньне большае за быцьцё і насамрэч чувае існае. Парай чуваньню (cit) зьяўляецца не быцьцё (bhāva), а існае (cit), што не зьнікае пры зьнікненьні як і чуваньне, адносна якога адбываецца час. Скрозь быцьцё чуйнае відзіць існае. Паміж чуйным і існым узьнікае быцьцё.

Несупадзеньне існага (sat) і чуйнага (cit) спараджае быцьцё, час, узьніканьне і зьніканьне. Чуйнае зьвернута да існага, разрозьнівае, дзеліць існае, і ў гэтым нібы меншае за існае. Але чуйнае чувае, ведае мяжу існага і няіснага, і тады выстае з існага, перабольшвае існае, аказваецца большым за існае і няіснае. Зьвернутае да сябе, чуйнае знаходзіць сябе існым, а існае чуйным. У самачуваньні існае і чуйнае супадаюць і перабольшваюцца.

tad dhedaṃ tarhy avyākṛtam āsīt. tan nāmarūpābhyām eva vyākriyatāsau nāmāyam idaṃrūpa iti. tad idam apy etarhi nāmarūpābhyām eva vyākriyata asau nāmāyam idaṃrūpa iti - "Тады гэта было нераскрытым. Яно раскрылася іменем і явай - той яго імя, гэта яго ява. І цяпер яно раскрываецца іменем і явай, той яго імя, гэта яго ява." (Бр̣гада̄ранйака-упанішад, 1.4.7). Праява імені і явы адбываецца як раскрыцьцё і суадпаведнасьць таго і гэтага. Тое - яго тое, і гэтае - яго гэтае. Ён стварае адпаведнасьць таго і гэтага тым, што робіць тое - тым гэтага, а гэтае - гэтым таго, імя - іменем явы, і яву - явай імені. “Гэта - тое, тое - гэта” - гэта і робіць чуваньне, пазнаваньне ў гэтым таго. У чуваньні існае стаецца іменем, тым, а быцьцё явай, гэтым. Таму праява пачынаецца як раскрыцьцё чуваньня (cit) і існага (sat).

Называньне іменем явы, сувязь (yoga) імені і явы завецца мовай. Мовай называецца адпачатку веда, знаходжаньне. Таму праява імені і явы, таго і гэтага аказваецца праявай мовы. Мова як адзінае абодвух папярэднічае абодвум. Таму ўсё бытнае напраўду паходзіць з мовы і прасягаецца мовай. máyā só ánnam atti yó vipáśyati yáḥ prā́ṇiti yá īṃ śṛṇóty uktám, amantávo mā́ṃ tá úpa kṣiyanti śrudhí śruta śraddhiváṃ te vadāmi  - “Мной ежу той есьць, які бачыць, які дыхае, слухае сказ які, несьвядома жывуць ува мне яны, слухай, чуйны, верна кажу я” (Р̣ґ-веда 10.125.4).

Мяжа (antaḥ) існага і няіснага ўбачана тоества-зорцамі (tattva-darśī). Успрыманьнем мяжы існага і няіснага чуйнае перасягае мяжу несьмяротнасьці. atha ya ātmā sa setur dhṛtir eṣāṃ lokānām asaṃbhedāya. naitaṃ setum ahorātre tarato na jarā na mṛtyur na śoko na sukṛtam - “Вось гэты Сам (а̄тман), ён насып, мяжа, сутрым дзеля незьмяшэньня гэтых сьветаў. Не пераходзяць гэтую мяжу ні дзень, ні ноч, ні старасьць, ні сьмерць, ні гора, ні дабрачын” (Чха̄ндоґйа-упанішад 8.4.1).

Адпаведнасьць таго і гэтага, зводнасьць гэтага да таго завецца тоествам (tattva). Слова tattva ўтвараецца ўтком -tva, што ўжываецца ў змысьле tasya bhāvaḥ - “яго быцьцё”. Быцьцё таго - значыць быцьцё існага, іста (sattva). У гэтым змысьле тоества і іста, ісьціна супадаюць. У тоестве існае пазнаецца як сапраўды існае - істае. Знаньне тоества спраўджвае бытнае як быцьцё і выяву існага, зьвярае яго з існым, пазнае яго адпаведным існаму, іставым. Уведаньне тоества сябе супадае з самаіставаньнем. Тоества, адпаведнасьць таго і гэтага, становіць істу мовы.

4 comments:

  1. Але чуйнае чувае, ведае мяжу існага і няіснага, і тады выстае з існага, перабольшвае існае, аказваецца большым за існае і няіснае<...>У самачуваньні існае і чуйнае супадаюць і перабольшваюцца.

    не зусім разумею, чаму.

    ReplyDelete
    Replies
    1. Існае як толькі існае ня ведае сваёй мяжы. Усемагчымае ня ведае немагчымае. Існае як чуваньне ведае мяжу і таму аказваецца большым, бо ўмяшчае і існае, якім насамрэч і ёсьць, і няіснае, якое "ёсьць" толькі ў чуваньні. Чуйнае (=існае), што знаходзіць сябе існым, пасьля веданьня мяжы, большае за існае, што ня ведае мяжы. Чуйнага аказваецца больш за існае, яно (але прыгэтым яно само існае) выстае за яго. "Дадаецца" ня веданьне мяжы, а ўздым над мяжой, самачуваньне, самазнаньне. Вышняя сьведа (parasaṃvid) пульсуе (spandate) і большае, супадае і не супадае з сабой.

      Delete
    2. здэцца, уразумеў

      Delete
  2. Thanks for sharing, nice post! Post really provice useful information!

    An Thái Sơn chia sẻ trẻ sơ sinh nằm nôi điện có tốt không hay võng điện có tốt không và giải đáp cục điện đưa võng giá bao nhiêu cũng như địa chỉ bán máy đưa võng ở đâu uy tín.

    ReplyDelete