Mar 19, 2012

Рэнэ Ґенон. Мэтафізычнае разуменьне свабоды

Рэнэ Ґенон

Множныя станы быцьця
Разьдзел 18

Мэтафізычнае разуменьне свабоды

Каб даказаць свабоду мэтафізычна, дастаткова, не займаючыся ўсімі звычайнымі філязафічнымі довадамі, устанавіць, што яна ёсьць магчымасьць, бо магчымае і істае (réal) мэтафізычна тоесны. Дзеля гэтага мы можам адразу вызначыць свабоду як адсутнасьць прымусу: вызначэньне адмоўнае паводле выявы, якое, аднак, тут зноў ёсьць станоўчым у сваёй аснове, бо якраз прымус і ёсьць абмежаваньне, то бок сапраўднае адмаўленьне. Адносна ж унівэрсальнай Магчымасьці, разгляданай па-за Быцьцём, то бок як Не-Быцьцё, немагчыма гаварыць пра адзінства, як мы ўжо казалі вышэй, бо Не-Быцьцё ёсьць мэтафізычны Нуль, але можна прынамсі, ужываючы заўсёды адмоўную выяву, гаварыць пра “нядвойства” (адвайту)[1]. Там, дзе няма двойства, неўнікнёна няма ніякага прымусу, і гэтага досыць, каб давесьці, што свабода ёсьць магчымасьць, бо яна непасрэдна вынікае зь “нядвойства”, якое відавочна ёсьць вольным ад усіх супярэчаньняў.

Зараз можна дадаць, што свабода ёсьць ня толькі магчымасьць у найбольш унівэрсальным змысьле, але таксама магчымасьць быцьця ці праявы; каб перайсьці ад Не-Быцьця да Быцьця, тут досыць перайсьці ад “нядвойства” да адзінства: Быцьцё ёсьць “адно” (Адно, існае сьцьвярджальным Нулём), або хутчэй яно ёсьць само мэтафізычнае Адзінства, першае сьцьверджаньне, але тым самым таксама і першае абсягненьне (détermination)[2]. Тое, што ёсьць адно, ёсьць яўна вольным ад усякага прымусу, так што адсутнасьць прымусу, то бок свабода, знаходзіцца ў абсягу Быцьця, дзе адзінства прысутнічае ў нейкай меры як выкмета (spécification) пачатковага “нядвойства” Не-Быцьця; іншымі словамі, свабода таксама належыць Быцьцю, што раўназначна таму, каб сказаць, што яна ёсьць магчымасьць быцьця, або, адпаведна таму, што мы патлумачылі папярэдне, магчымасьць праявы, бо Быцьцё ёсьць перадусім пачатак (principe) праявы. І больш за тое, сказаць, што гэтая магчымасьць ёсьць істава свомай Быцьцю як непасрэднае наступства яго адзінства, значыць сказаць, што яна будзе праяўляцца, у пэўнай ступені, ува ўсім, што паходзіць з Быцьця, то бок ува ўсіх асобных бытах (être), таму што яны належаць абсягу ўнівэрсальнай праявы. Аднак, як толькі зьяўляецца мноства, як гэта адбываецца ў парадку асобных выстаньняў (existence), відавочна, што гэта ўжо можа быць пытаньнем толькі адноснай свабоды; і ў гэтым дачыне можна разглядаць мноства або самых асобных бытаў, або складовых частак кожнага зь іх. Што да мноства бытаў, то кожны зь іх у сваіх станах праявы абмежаваны іншымі, і гэтае абмежаваньне можа прыводзіць да сьцісьненьня свабоды, але сказаць, што нейкі быт ня ёсьць свабодным ні ў якай ступені, значыць сказаць, што ён ня ёсьць самым сабой, што ён ёсьць “іншымі”, або што ён ня мае ў самым сабе сваёй, нават непасрэднай, асновы быцьця (raison d’être) , што было б, у сваёй аснове, роўным таму, каб сказаць, што ён ніякім чынам ня ёсьць сапраўдным бытам[3]. З другога боку, дзеля таго, што адзінства Быцьця ёсьць пачатак свабоды, у асобных бытах гэтаксама як ва ўнівэрсальным Быцьці, быт будзе свабодным у той меры, у якой ён удзельнічае ў гэтым адзінстве; іншымі словамі, ён будзе тым больш свабодным, чым больш будзе мець адзінства ў самым сабе, або чым больш ён будзе “адным”[4]; але, як мы гэта ўжо казалі, індывідуальныя быты ніколі ня ёсьць таковымі, акрамя як толькі адносна[5]. Адылі, важна заўважыць у гэтым дачыне, што ня большая ці меншая складанасьць суставу быту робіць быт больш ці менш свабодным, але хутчэй якасьць гэтай складанасьці, у выніку якой ён ёсьць больш ці менш дзейсна задзіночаным; гэта вынікае з таго, што ўжо было выкладзена раней пра дачыненьне адзінства і мноства[6].

Таму разгляданая гэтак свабода ёсьць магчымасьць, якая ў розных ступенях ёсьць кметай усіх бытаў, кім бы яны ні былі і ў якіх бы станах ні знаходзіліся, а ня толькі чалавека; чалавечая свабода, якая толькі і разглядаецца ўва ўсіх філязафічных досьледах (discussion), ня ёсьць тут нічым большым, як проста асобным выпадкам, якім яна і ёсьць у істасьці (réalité)[7]. Адлі тое, што мэтафізычна найбольш важна, - гэта не адносная свабода праяўленых бытаў, ня большая за тыя асаблівыя і абмежаваныя абсягі, у якіх яна здатна да зьдзяйсьненьня; гэта свабода, зразуметая ўва ўнівэрсальным змысьле, што зьмяшчаецца ўласна ў мэтафізычным імгненьні пераходу ад прычыны да выніку, прычыннае дачыненьне адылі мае быць належным чынам зразумета водле падабенства (analogiquement), каб магчы прыкладацца да ўсіх парадкаў магчымасьцяў. Дзеля таго, што гэтае прычыннае дачыненьне ня ёсьць і ня можа быць дачыненьнем пасьлядоўнасьці[8], выніканьне мае тут разглядацца істава ў пазачасавай відалі (aspect), тым больш, што часавае гледзішча, уласьцівае пэўнаму стану праяўленага выстаньня, ці, яшчэ больш дакладана, некаторым мернасьцям (modalité) гэтага стану, ніякім чынам не прыдатна да ўнівэрсалізацыі[9]. Наступствам гэтага ёсьць тое, што гэтае мэтафізычнае імгненьне, якое здаецца нам няўлоўным, бо няма ніякага разрыву працягласьці паміж прычынай і вынікам, ёсьць неабсяжным у істасьці, бо пераўзыходзіць Быцьцё, як мы гэта найперш устанавілі, і ёсьць супрацяжным самой супоўнай (total) Магчымасьці; яно становіць тое, што мы можам вобразна назваць “станам унівэрсальнага сузнаньня”[10], што ўдзельнічае ў “вечнай сапраўднасьці”, свомай самой “пачатковай прычыне”[11].

У Не-Быцьці адсутнасьць прымусу ня можа складацца ні ў чым, акрамя “нядзеяньня” (у-вэй далёкаўсходняй традыцыі)[12]; у Быцьці ці, больш дакладна, у праяве, свабода вынікаецца ў разрозьненай чыннасьці, якая ў індывідуальным чалавечым стане прымае выяву чыннасьці ў звыклым змысьле гэтага слова. Адылі, у абсягу чыну, і нават усёй унівэрсальнай праявы, “свабода неразрознасьці” ёсьць немагчымай, бо ёсьць уласна ладам (mode) свабоды, што адпавядае непраяўленаму (і строга кажучы, ні якім чынам ня ёсьць ладам асаблівым (spécial))[13], то бок ня ёсьць свабодай як магчымасьцю быцьця, ні таксама свабодай, прыналежнай Быцьцю (ці Богу, зразуметаму як Быцьцё ў сваім дачыненьні са Сьветам, успрыманым як суцэльнасьць унівэрсальнай праявы), і, як сьлед, праяўленым бытам, што існуюць у сваім абсягу і падзяляюць яго прыроду і свомасьці водле меры сваіх уласных адпаведных магчымасьцяў. Іставаньне магчымасьцяў праявы, якія становяць усе быты ўва ўсіх іх праяўленых станах з усімі іх відазьменамі, дзеяньнямі ці іншымі, што належаць гэтым станам, гэтае іставаньне, мы кажам, ня можа таму абапірацца на адну чыстую неразрознасьць (ці на адвольныя загады Боскае волі, паводле вядомай картэзіянскай тэорыі, што замахваецца ўжываць гэты панятак неразрознасьці ў выпадку як Бога, так і чалавека)[14], але яна абсягаецца парадкам унівэрсальнай магчымасьці праявы, якая і ёсьць само Быцьцё, так што Быцьцё абсягае сябе само ня толькі ў сабе (бо яно Быцьцё, першае з усіх абсягненьняў), але і ўва ўсіх сваіх мернасьцях (modalité), якія суць усімі асобнымі магчымасьцямі праявы. І толькі ў гэтых апошніх, разгляданых “разрозна” і нават у відалі “разьдзельнасьці” можна мець абсягненьне празь “іншага ад сябе”, інакш кажучы, асобныя быты могуць адначасова абсягаць сябе (бо кожны зь іх як удзельнік Быцьця валодае пэўным адзінствам, і таму пэўнай свабодай) і быць абсягнутым іншымі бытамі (з прычыны мноства асобных бытаў, якое не вяртаецца ў адзінства, пакуль яны разглядаюцца з гледзішча станаў праяўленага выстаньня). Унівэрсальнае Быцьцё ня можа быць абсягнутым, але абсягае само сябе; што да Не-Быцьця, яно ня можа ні быць абсягнутым, ні абсягаць сябе, бо ёсьць па-за ўсякім абсягненьнем і не дапускае ніякага абсягненьня.

З папярэдняга відаць, што поўная свабода ня можа ісьціцца інакш, як толькі праз поўную ўнівэрсалізацыю: яна будзе “сама-абсягненьнем”, бо супрацяжна Быцьцю, і “неабсягненьнем” па-за Быцьцём. Калі адносная свабода належыць усякаму быту ў любых умовах, то гэтая поўная свабода ня можа належаць іншаму быту, як толькі вольнаму ад усіх умоваў праяўленага выстаньня, асабовага ці нават над-асабовага, які стаў цалкам “адным” на ступені чыстага Быцьця, ці “пазбытым двойства”, калі яго іставаньне перасягае Быцьцё[15]. Менавіта тады і толькі тады можна казаць пра быт, які “ёсьць для самога сябе ўласны закон”[16], бо гэты быт цалкам тоесны сваёй дастатковай аснове (raison), што ёсьць адначасова яго першасны пачатак і канчактовае прызначэньне.


[1] Пар. “Чалавек і яго станьне водле Веда̄нты”, б. 229.
[2] Пар. тамсама, бб. 75-76.
[3] Можна заўважыць таксама, што паколькі мноства паходзіць з адзінства, у якім яно поўніцца ці зьмяшчаецца адпачатку, яно ніякім спосабам ня можа разбурыць ні адзінства, ні тое, што ёсьць наступствам адзінства, свабоду.
[4] Усякі быт, каб быць такім сапраўды, павінен мець пэўнае адзінства, пачатак якога ён носіць у самым сабе; у гэтым змысьле Ляйбніц меў раду, кажучы: “Тое, што ня ёсьць напраўду адным бытам, ня ёсьць напраўду бытам увогуле”. Але гэтае тарнаваньне схалястычнай формулы “ens et unum convertuntur” (“існае і адно ўзаемна абяртаюцца”) губляе ў яго сваё мэтафізычнае значэньне праз наданьне абсалютнага і поўнага адзінства “індывідуальным субстанцыям”.
[5] Адылі, менавіта маючы на ўвеце гэтую адноснасьць магчыма гаварыць пра ступені адзінства, і як сьлед пра ступені свабоды, бо ня можа быць ступеняў ні ў чым, як толькі ў адносным, і тое, што абсалютна, не падлегла ніякім “больш” ці “менш” (“больш” і “менш” маюць тут успрымацца параўнальна, а ня толькі ў сваім колькасным значэньні).
[6] Мае адрозьніваць складанасьць, што ёсьць нічым іншым, як чыстым мноствам, і складанасьць, што наадварот ёсьць пашырэньнем адзінства (пар. з asrār rabbāniyah у ісламскім эзатэрызьме: “Чалавек і яго станьне водле Веда̄нты”, б. 107 і “Сымбалізм крыжа”, б. 44). Можна сказаць, што дачынна магчымасьцяў Быцьця першая адносіцца да “падставы” (substance), а другая да “істы” (essence). -- Можна гэтаксама разгледзець дачыненьні аднаго быту зь іншымі (дачыненьні, якія, разгледжаныя ў стане, у якім яны знаходзяцца, уваходзяць як складнікі ў складанасьць іх прыроды, бо складаюць частку яе ўласьцівасьцяў, як многія другасныя відазьмены (modification) самых сябе) у дзьвюх на першы погляд супрацьлеглых, але насамрэч узаемна-дапаўняльных відалях (aspect), адпаведна таму, ці ў гэтых дачыненьнях быт, пра якога ідзецца, прыпадабняе іншых, або прыпадабняецца імі, гэтае прыпадабненьне складае “спасьціжэньне” ў сапраўдным змысьле слова. Дачыненьне, што існуе паміж двума бытамі, ёсьць у той самы час відазьменай аднаго і другога; але можна сказаць, што вызначальная прычына гэтай відазьмены палягае ў тым з двух бытаў, які ўзьдзейнічае на другога, або ў тым, які прыпадабняе, калі дачыненьне ўспрымаецца з папярэдняга гледзішча, што ўжо ёсьць гледзішчам ня чыну, а знаньня, бо мае наўвеце ўтаясьненьне паміж гэтымі двума абсягамі (terme).
[7] Ня так важна тое, што некаторыя аддаюць перавагу называньню “адволяй” (spontanéité) таго, што мы завем тут “свабодай”, каб захаваць гэтае апошняе імя адмыслова для чалавечай свабоды; але гэтае ўжываньне двух розных тэрмінаў мае тую хібу, што можа лёгка стварыць уяўленьне, нібы яна мае іншую прыроду, тады як ідзецца ні пра што іншае, як розьніцу ступеняў, або што яна становіць прынамсі нейкі “асобназаконны выпадак” (cas privlégié), што ёсьць мэтафізычна безасноўным.
[8] Гл. “Чалавек і яго станьне водле Веда̄нты”, бб. 121-124.
[9] Сама працягласьць, зразуметая ў найбольш агульным змысьле, як тое, што абумоўвае ўсё выстаньне ў пасьлядоўным ладзе (mode), то бок як тое, што ўлучае ўсякую ўмову, якая водле падабенства адпавядае часу ў іншых станах, ня можа зьведаць паравагі быць унівэрсалізаванай, бо ўва Ўнівэрсальным усё мае разглядацца ў адначаснасьці.
[10] Трэба зьвярнуцца да таго, што мы ўжо казалі вышэй пра абумовы, якія варта зрабіць, калі хочацца унівэрсалізаваць змысел слова “сузнаньне” празь перанос водле падабенства. -- Выраз, ужыты тут, ёсьць у сваёй аснове амаль раўнамоцным выразу “відаль Бясконцага”, што ня мае ўспрымацца даслоўна.
[11] Пар. Matgoi, La Voie Metaphysique, pp. 73-74.
[12] “Чыннасьць Неба” у самым сабе (у пачатковай неразрознасьці Не-Быцьця) ёсьць нячыннай і непраяўленай (Гл. “Сымбалізм крыжа”, р. 23).
[13] Ён не стаецца ім нідзе, як толькі ў сваім звычайным філязафічным панятку, які ёсьць ня толькі памылковым, але і насамрэч недарэчным, бо мае наўвеце, што нешта магло бы выставаць (exister), ня маючы ніякай асновы быцьця.
[14] Мы падаем тут пераклад у багаслоўскія тэрміны, каб палегчыць параўнаньне, якое магчыма ўстанавіць са звычнымі гледзішчамі заходняй думкі.
[15] Гл. “Чалавек і яго станьне водле Веда̄нты”, рр. 16 і 17.
[16] Пры гэты выраз, што больш асабліва належыць ісламскаму эзатэрызму, і пра яго раўназначнік svecchācārī ў індыйскім вучэньні, гл. “Сымбалізм крыжа”, б. 82. -- Гл. таксама тое, што ўжо было сказана пра стан yogī ці jīvan-mukta (“Чалавек і яго станьне водле Веда̄нты”, рр. 14 і 16).

Пераклаў ў францускай Міхаіл Баярын. 


Слоўнік перакладу

2 comments:

  1. -- бо магчымае і рэальнае мэтафізычна тоесны - тоесныя
    -- бо якраз прымус і зьяўляецца абмежаваньнем - і ёсьць абмежаваньне
    -- што нейкі быт не зьяўляецца свабодным ні ў якай ступені - зусім (з-усім=ні ў якай стурені) / ані / аніяк не (ёсьць) свабодны
    -- паколькі адзінства Быцьця - як што / як......то, дзеля таго што
    -- адзінства Быцьця ёсьць пачаткам свабоды - ёсьць пачатак свабоды
    -- не зьяўляецца тут нічым большым, як проста асобным выпадкам, якім яна і ёсьць у рэальнасьці - ня ёсьць... (і ўсе астатнія зьяўляецца)
    -- прадытна да ўнівэрсалізацыі - прыдатна
    -- паколькі няма ніякага разрыву - бо.... (і ўсе астатнія "паколькі")
    -- успырманым як суцэльнасьць - успрыманай
    -- рэалізавацца інакш, як толькі праз поўную ўнівэрсалізацыю - праявіцца?
    -- паколькі супрацяжна Быцьцю - супрацяжнае
    -- схалястычнай формулы - цьверджаньня?
    -- не падлегла ніякім “больш” ці - непадлеглае
    -- у ісламскім эзатэрызму - эзатэрызьме
    -- праз перанос водле падабенства - празь перанос
    -- Выраз...што ня мае ўспрымаць даслоўна - ня трэба ўспрымаць / ня мае ўспрымацца
    -- у багаслоўскія тэрміны - сузнакі?

    ReplyDelete
  2. Дзякуй вялікі за праўкі.

    што да "тоесны" - "тоесныя" - не зусім разумею, адкуль гэтая норма, што вядзе да павольнай мовы

    шт да "зьяўляецца", можа і праўда ня варта тут ужываць, бо ў францускай няма такога выразу, і гэта незаўважна можа блытаць парадкі "ёсьць" і "быць праяўленым"

    што да "ступені" - пакіну, каб быць бліжэй да думкі Ґенона

    "паколькі" - выдаліў усе, акрамя аднаго

    пра "успрыманым" - там яно дапасуецца да "Сьветам"

    пра "эзатэрызьме" - раней здаецца філалагі агітавалі за эзытэрызму, бо адцягнены паянятак. мб "-зьме" і праўда лепш

    пра сузнакі будзем думаць больш істотна

    ReplyDelete