Apr 2, 2012

Знаньне веды

Словы “мова” і "моўча" магчыма паходзяць з аднаго пратвору ("зьвязваць, злучаць, змыкаць"). Мова маўчыць, змыкае і тоіць у сабе ўсе словы, і мова мовіць, лучыць імя і яву. У моўчы крыецца магчымасьць усіх гукаў, таму маўчаньне, цішыня - паўната гуку. Усякі гук - толькі зьмяншэньне моўчы. Мова, што маўчыць, мовіць “тое ёсьць гэта”. Мова, што мовіць, мовіць “гэта ёсьць тое”. Тоества таго і гэтага - іста моўчы. Кожны сказ мовы гаворыць “гэта ёсьць тое” - “Сонца (гэта) зьзяе (тое)”, “Неба (гэта) чыстае (тое)”, “Ён (гэта) - чалавек (тое)”. Тоества гэтага і таго - іста мовы. Кожны сказ мовы зьмяшчае “ёсьць”, знак “роўна”, якім лучыцца існае і быцьцё, імя і ява, тое і гэта.

yajñéna vācáḥ padavī́yam āyan tā́m ánv avindann ṛ́ṣiṣu práviṣṭām - “Аброкам мовы дарогу яны прайшлі, яе спанайшлі яны ў рушаў праніклай...” (Р̣ґ-веда 10.71.3). Рушы, продкі людзей, знайшлі (avindan) мову, мова была знаходжаньнем, ведай (veda) рушаў. Корань vid, ад якога ўтвараецца слова veda, значыць “ведаць, знаходзіць, быць”. Ведаць значыць знаходзіць. Быць значыць ведацца, знаходзіцца. Тое, што называецца ведамі, было мовай рушаў.

sató bándhum ásati nír avindan hṛdí pratī́ṣyā kaváyo manīṣā́ - “Мяжу існага ў няісным знайшлі празорцы ў сэрцы, зыскуючы мысла-воляй” (Р̣ґ-веда 10.129.4). Рушы, зорцы руху (kavayaḥ) знайшлі, уведалі (avindan) мяжу існага і няіснага. Веда была веданьнем, знаходжаньнем існага. Чуйнае (cit) знаходзіць існае (sat), знайшоўшы мяжу існага і няіснага. Тое, існае ведаецца, знаходзіцца, зьяўляецца ў чуваньні (cit) як быцьцё (bhāva), узьнікненьне, гэтае. Быць значыць быць у чуваньні, ведацца, знаходзіцца.

yád eṣāṃ śréṣṭhaṃ yád ariprám ā́sīt preṇā́ tád eṣāṃ níhitaṃ gúhāvíḥ. sáktum iva títaünā punánto yátra dhī́rā mánasā vā́cam ákrata - “Што было ў іх найлепшае, чыстае, тое, глыбока сукрытае, любоўю яны явілі. Нібы муку́ сітам чысьцячы, дзе разумныя мыслам мову чынілі,...” (Р̣ґ-веда, 10.71.1-2). Напачатку мовы ёсьць ачышчальнік, сіта, што зьяўляе як сьвет найлепшае і чыстае, сьветлае, яснае. Існае зьяўляецца, знаходзіцца ў прасторы зроку як ява, прайшоўшы праз сіта мовы. Веда - мова, якая маўчыць, зьяўляючы тое яе гэтае, існае як быцьцё. Усё віднае праходзіць гэты ачышчальнік мовы. Гук v ёсьць праявай змыслу распаўсюду, ўваходу, гук i - руху, імкненьня, гук d - падзелу. Веда ўваходзіць ува ўсё і падзяляе ўсё на імя і яву, тое і гэтае. Корань vid ("відзець") адваротны кораню div ("зьзяць, сьвяціць"). Сьвятло разьдзяляе адзінае і праменіць яго ўва ўсе бакі. Веда відзіць сьвятло.

Корань jñā, зь якога ўтвараецца слова jñāna (знаньне) значыць “знаць”. Чым розьняцца знаньне і веда, і што ў іх агульнага, што робіць іх суназоўнымі, дазваляе тлумачыць адно аднаго? jñānam bandhaḥ - “Знаньне - сувязь” (Ш́іва-сӯтры, 1.2). Знаць значыць зьвязваць, злучаць, супастаўляць гэтае і тое, яву і імя. Сувязь таго і гэтага - агульнае ў веды і знаньня. Але знаць значыць знаць, што гэтае ёсьць тое. Знаньне - мова якая мовіць, што гэта ёсьць тое. jñānādhiṣṭhānaṃ mātṛkā - “Аснова знаньня - матрыка” (Ш́іва-сӯтры 1.3). Знаньне ёсьць знаньне тоества быцьця і існага, явы і імені. Таму знаньне асноўваецца на матрыцы змыслаў, крузе тоестваў.

Знаньне спазнае віднае, яго істу, тоеснасьць імені. Таму знаньне ёсьць знаньне веды. Знаньне знае яву як тое, імя і змысел. Калі вока знаньня раскрываецца, вочы, што бачаць праяву, змыкаюцца. Знаньне здымае яву, двойства явы, вяртае гэтае да таго. Знаньне пранікае скрозь віднае, завалодвае яго істай. Знаньне прысвойвае яву як знанае, робіць яе сваёй, знанай, падуладнай. Знаць значыць магчы.

Корань jñā (знаць) перагукаецца з коранем jan (нараджацца). Гук j ёсьць праявай змыслу пранікненьня, пераадоленьня, гук n ёсьць праявай змыслу мяжы. Хто нараджаецца, перасякае мяжу нясьмерця, існага, выходзячы з лона ў быцьцё. Хто спазнае, перасякае мяжу нясьмерця другі раз, нараджаючыся з гэтага сьвету. Знаньне - гэта другое нараджэньне. aháṃ suve pitáram asya mūrdhán máma yónir apsv àntáḥ samudré, táto ví tiṣṭhe bhúvanā́nu víśvotā́mū́ṃ dyā́ṃ varṣmáṇópa spṛśāmi - “Я нараджаю бацьку гэтага на вяршыні, маё ўлоньне між водаў у моры, адтаго асягаю ўсе сьветы, неба велічынёю кранаю” (Р̣ґ-веда 10.125.7).

2 comments:

  1. наконт мовы, усё такі мова ← молва, то бок пратвор валей mal- / mar- (іран. mraoti "гаворыць", мо нават bravīti)

    ReplyDelete
    Replies
    1. Дзякуй. Пераглядзеў і паправіў. Магчыма, молвіць - адназоўае ад молва, молва - адназоўнае ад модла, а ўжо модла - ад mū, дзе -дла уток. Так ці інакш, у аснове тут этымалягічная інтуіцыя, што маўчаньне і маўленьне невыпадкова сугучны і што абодва змыслы караняцца ў адным пратворы. Што, адлі, мае змысел і без этымалягічнага доказу.

      Delete