Feb 17, 2012

Багавітава Песьня, васямнаццаты ўзыход


Васямнаццаты ўзыход

Ардж́уна прамовіў:
Адроку, магутнарукі, ведаць хачу, і аставы
тоества, пане чуваньня, асобна, Кеш́і-забойца. |1|

Сьвяты Багавіт прамовіў:
Пакіданьне чынаў жаданых таявіты знаюць адрокам,
аставу плёну ўсіх чынаў аставай завуць ясназорцы. |2|
“Чын як загана астаўны” - цьвердзяць адны мыславіты,
“Чын жарбы, дару, аброку - неастаўны” - іншыя лічаць. |3|
Маё пра аставу рашэньне слухай, найлепшы з Бгаратаў,
паколькі астава трох відаў вядома, людзей правадыру. |4|
Чын аброку, дару і жарбы чынны і не астаўны,
бо аброк, і дар, і жарба ачышчальны для мыславітых. |5|
Але чын гэты мае чыніць, пакінуўшы плён і прывязак -
вырашальная, Па̄ртха, такая мая канчатковая думка. |6|
Бо ад належнага чыну адрок чыніць не належыць,
астава яго ад аблуды завецца цемравай, Па̄ртха. |7|
Хто чын як пакуту пакіне ад страху цялёснага болю,
той аставы красавай чынам аставы плён не набудзе. |8|
Калі ўчыняе належны чын, бо чыніць належыць,
пакінуўшы плён і прывязак, істава тая астава. |9|
Без агіды няўдалага чыну, да ўдалага непрывязаны
астаўнік, пранікнуты істай, мудры, пазбыты сумневаў. |10|
Немагчыма бо носьбіту цела пакінуць чын без астачы,
хто астаўляе плён чыну, астаўнікам той называны. |11|
Нежаданы, жаданы, зьмяшаны - плён чыну бывае трох відаў
па сьмерці для неастаўцаў, але для адрочных ніколі. |12|
Пяць вядома прычынаў для зьвершаньня ўсякага чыну
у зьлічбе чынасканчальнай, мяне разумей, дужарукі. |13|
Аснова, чыньнік і чыньне рознага віду таксама,
асобныя розныя рухі, і боства тут пятае лікам. |14|
Які целам, мовай ці мыслам чын чалавек пачынае,
як праўны, так і вычварны, у яго пяць гэтых прычынаў. |15|
Прыгэтым хто толькі сябе адзіным чыньнікам бачыць,
той розумам недасканалы, ня бачыць напраўду, аблудны. |16|
Якога быцьцё не пакрыта язьняй, ня пляміцца розум,
людзей гэтых нават забіўшы, ня вязьніцца, не забівае. |17|
Знаньне, знаўнае, знаўца - траіста змушэньне да чыну,
чыньне, чыньнік і чын - траіста складзіва чыну. |18|
Знаньне, чыньнік і чын паводле кметаў падзелу
траістымі лічацца ў зьлічбе кметаў, пра гэта паслухай. |19|
Якім ва ўсіх бытах адно быцьцё нязьменнае бачаць,
непадзельным у распадзелах, тое знаньне іставым ведай. |20|
Якое ж ведае знаньне рознымі многія быцьці
у бытах усіх паасобна, тое знаньне красавым ведай. |21|
Што прымае адзінку за цэласьць, залежыць ад чыну, убога,
пазбыта тоества цэлі, бяздоказна, - цемрава знаньне. |22|
Належны, пазбыты прывязку, які без агіды і жарсьці
чыніцца плёну няпрагным, іставым чын той завецца. |23|
Што чыніцца прагным спатолі пажады ці язьняй зьвязаным,
зь вялікай сілы напругай, красавым чын той завецца. |24|
Што на вынік, страту і згубы не зважаючы, на чалавечасьць
пачынаецца ад ачмурэньня, цемравым чын называны. |25|
Беспрывязны, неязьнямоўны, што мае трываньне, адвагу,
нязьменны ў споры і страце, іставым знаецца чыньнік. |26|
Плёну чыну прагны, нячысты, жарсны, сквапны і вадны,
радасьцю й горам зьвязаны, красавым чыньнік вядомы. |27|
Грубы, тупы, неяднаны, лены, лжывы, недаканчальны,
роспачны і адвалочны цемравым чыньнік завецца. |28|
Траісты падзел трываньня і розуму кметаў паводле
асобна і без астачы выслухай, Скарбазваёўца. |29|
Пачатак і росчын, бяспеку й пагрозу, што чынна й нячынна,
які знае вязеньне і збаву, той, Па̄ртха, іставы розум. |30|
Якім адгарму і дгарму, тое, што чынна й нячынна,
ня так, як ёсьць празнаюць, той, Па̄ртха, красавы розум. |31|
Які, ахутаны змрокам, лічыць адгарму за дгарму,
які вычварае ўсе змыслы, той, Па̄ртха, цемравы розум. |32|
Якім нязьменным трываньнем чын мыслу, дыхаў і здоляў,
трывае, Па̄ртха, ў яднаньні, істава тое трываньне. |33|
Дзеля доўгу, цэлі, жаданьня якім зацята трывае,
Арджуна, прагнучы плёну, кра́сава тое трываньне. |34|
Якім сон, пакуту і страх, Па̄ртха, адчай і нядбаньне
не адпускае няцямны, цямравае тое трываньне. |35|
Зараз слухай пра радасьць трох відаў, бык роду Бгаратаў.
Дзе радуе вынік стараньня, прыходзіць сканчэньне пакуты, |36|
спачатку нібыта атрута, а ў выніку нібы няссьмерце,
што ў самабуджэньня спакоі ўзьнікае, - істава радасьць. |37|
Што ад злукі з абсягамі здоляў спачатку нібыта нясьмерце,
а ў выніку нібы атрута, красавай радасьць вядома. |38|
Што і ў выніку, і на пачатку самаазмрочна, ўзьнікае
ад сну, ляноты, нядбаньня, цемравай радасьць завецца. |39|
Няма на зямлі такой істы, ані ў багоў на нябёсах,
што была бы вольнай ад гэтых з пратворы роджаных кметаў. |40|
Падзелены чын радавітаў, баяраў, сялянаў і сьмердаў,
Ворагаў пекла, паводле кметаў узбытых свабытам. |41|
Спакой, жарба́, таймаваньне, чысьціня, прабачэньне, шчырасьць,
іставера, знаньне, вызнаньне - чын радавіта свабытны. |42|
Змагарства, адвага, трываньне, сіла, ў баі незваротнасьць,
шчодрасьць і валадарства - баяраў чын адсвабытны. |43|
Ральба, пасьба і таргоўля - чын селяніна свабытны,
чын абслугоўны сьмерду ўласьцівы, узьніклы з свабыту. |44|
Свайму чыну кожны адданы чалавек дасягае зьвяршэньня.
Як сваім здаволены чынам ён спор здабывае, паслухай. |45|
Ад якога бытаў праява, кім усё прасьцягнута гэта,
сваім чынам ушанаваўшы, чалавек дасягае зьвяршэньня. |46|
Лепей свой доўг звыкметны ад чужога, зьдзейснага добра,
хто чын абумоўны свабытам чыніць, віны не прымае. |47|
Прыроджаны чын, сыне Кунті, нават з хібай кідаць ня мае,
бо хібай усе пачынаньні бы дымам агонь ахінуты. |48|
Да ўсяго непрывязны чый розум, бяспрагны, сябе перамогшы,
да волі ад чыну зьвяршэньня навышняга ўсходзіць адрокам. |49|
Як, дасягнуўшы зьвяршэньня, дасягае роду, сын Кунті̄,
што аснова вышняя знаньня, узнай ад мяне тое сьцісла. |50|
Розумам чыстым яднаны, сябе суняўшы трываньнем,
аставіўшы гук і абсягі, адкінуўшы прагу, агіду, |51|
пустэльнік маласпажыўны, стрымны мовай, целам і мыслам,
да яднаньня думы імкнёны заўсёды, адданы бязжарсьцю, |52|
язьню, пыху і гнеў, прымус, пажаду, маёмасьць,
пакінуўшы, збыты “майго”, спакойны здольны быць родам. |53|
Родабытны, самаспакойны ён не сумуе, ня прагне,
да ўсіх бытаў роўны бажаньня мяне вышняга ён дасягае. |54|
Мяне пазнае ён бажаньнем тоесна, хто і які я,
затым мяне тоесна ўзнаўшы, ў мяне адразу ўваходзіць. |55|
Да мяне дапаўшы, ўсе чыны ўчыняючы нават заўсёды,
з ласкі маёй дасягае нязьменнага вечнага краю. |56|
Увесь чын мне адрокшы чуваньнем, зрабіўшы мяне вышняй цэляй,
аддаўшы розум яднаньню, чуцьцём ува мне будзь заўсёды. |57|
З чуцьцём ува мне ўсе заміны ты з маёй адолееш ласкі,
але, калі язнью абраўшы, ты не паслухаеш, згінеш. |58|
Калі ты язьні адданы лічыш - “ня буду змагацца”,
марна тваё вырашэньне, цябе твая змусіць пратвора. |59|
Сваім са свабыту узьніклым чынам зьвязаны, сын Кунті̄,
калі ты чыніць не жадаеш ад мораку, ўчыніш міжволі. |60|
Уладар усіх бытаў існуе, Ясны, у сэрца краіне,
усе спарушаючы быты, што магою зьмешчаны ў строю. |61|
Да яго абароны зьвярніся быцьцём усім, дзедзіч Бгараты,
зь яго ласкі вышні спакой і вечны стан ты дасягнеш. |62|
Табе гэтае знаньне адкрыта, што тайней за таемнае, мною,
успрыняўшы яго без астачы, чыні, Ясны, як пажадаеш. |63|
І за ўсе найтайнешае болей маё слухай навышняе слова,
бо моцна ты дарагі мне - таму дабро табе моўлю. |64|
У мне будзь мыслам, мой божнік, абракай мне, мне пакланяйся,
да мяне ты прыйдзеш, напраўду абяцаю табе, ты мне мілы. |65|
Усе дгармы пакінуўшы, руш да мяне аднаго ў абарону,
з усіх чыста ганаў цябе я вызвалю, не засмучайся. |66|
Ты гэта ня маеш ніколі нябожніку, нежарбавіту,
таму, хто слухаць ня хоча, да мяне завідушчаму мовіць. |67|
Хто гэту навышнюю тайну сярод маіх божнікаў мовіць,
мне адданы вышнім бажаньнем, да мяне, без сумневу, прыходзіць. |68|
Няма ад яго між людзей, хто мне болей прыемнае чыніць,
і ня будзе іншага ў сьвеце, ад яго хто мне болей прыемны. |69|
Хто гэтую згодную дгарме вывучыць нашу сумову,
тым адораны знаньня аброкам я буду, так уважаю. |70|
Веравіты і незавідушчы чалавек, што яе будзе слухаць,
той вольны таксама дасягне дабрачынцаў сьветлых сусьветаў. |71|
Ці было гэта, Па̄ртха, пачута табой аднацэльным чуваньнем,
ці ў цябе морак нязнаньня зьнішчаны, Скарбазваёўца? |72|

Ардж́уна прамовіў:
Зман зьнішчаны, вернута памяць мной з тваёй ласкі, Непарушны.
Я сталы, пазбыты сумневу, буду чыніць тваё слова. |73|

Саньдж́айа прамовіў:
Так выслухаў я Ва̄судэвы і самавялікага Па̄ртхі
дзівосную тую сумову, валасы што станьгом уздымае. |74|
Я з ласкі Вйа̄сы яднаньне навышняе тайнае слухаў,
што сам уладар яднаньня ачавіста Кр̣шн̣а паведаў. |75|
Зноў і зноў узгадваю, княжа, дзівосну сьвятую сумову
Ардж́уны й Кеші-забойцы, зноў рады кожнаму мігу. |76|
Зноў і зноў я ўзгадваю тую Залатога найдзіўную яву,
і вялікі, княжа, мой подзіў, і зноў, і зноў я шчасьлівы. |77|
Дзе Кр̣шна, ўладар яднаньня, дзе Па̄ртха, лука дзяржаўца,
там спор, перамога, шчасьце, і трывалая праўда, лічу я. |78|

ОМ То Існа
такі ў сьвятых пранікненьнях Багавітавай Песьні, ведзе роду, наставе яднаньня, сьвятой сумове Кр̣шн̣ы і Ардж́уны васямнаццаты ўзыход на імя "Сіла збавы адрокам".

Так завяршаецца сьвятая Багавітава Песьня.

Пераклаў з санскрыту Міхась Баярын.

5 comments:

  1. мае віншаваньні!

    ReplyDelete
  2. Апошняя адгйайа! Віншую!!!

    ReplyDelete
  3. я б пісаў у клічным склоне не "забойца", а "забойча".

    ReplyDelete