Другі ўзыход
Знаньне
Саньджая прамовіў:
Яму, пранікнёнаму жалем, з вачыма, поўнымі сьлёзаў,
такое скрушнаму слова прамовіў Мадгузабойца: |1|
Сьвяты Багавіт прамовіў:
Адкуль узьнік у табе бруд гэты ў час вырашэньня,
ганебны, нявысакародны, пазбаўны неба, Арджуна! |2|
Ня падай духам, сын Прытхі, ня гэта табе адпаведна,
адрынуўшы сэрца нямогу, паўстань жа, ворагаў пекла! |3|
Арджуна прамовіў:
Як Бгішму і Дрону ў змаганьні стралою, Мадгузабойца,
змагу я вартых пашаны параніць, ворагаў згубца? |4|
Бо лепш, не забіўшы вялікашаноўных
настаўнікаў, жыць жабранінай у сьвеце,
Чым прагных багацьця іх нават забіўшы,
крывёю палітыя есьці спажывы. |5|
Ці ведаць мы можам, што нам будзе лепей,
як мы пераможам ці нас перамогуць,
бо тыя, забіўшы якіх, не захочам,
мы жыць, перад намі, сыны Дгрытараштры. |6|
Свабыт мой паранены ганаю жалю,
я Праўду згубіўшы чуваньнем, пытаю,
што будзе нам лепей, скажы мне рашуча,
як вучань цябе я прашу пра наставу . |7|
Бо я не прадбачу, як гэтага жалю,
што здолі ссушае, пазбыцца магу я,
набыўшы бязьмежную нават уладу
над гэтай зямлёю або над багамі. |8|
Саньджая прамовіў:
Так мовіўшы Пану Чуваньня, Арджуна, ворагаў пекла,
сказаў “Ня буду змагацца” Збаўцу Зямлі і замоўкнуў. |9|
Тады прамовіў Пан Здоляў, нібы сьмеючыся, Бгарата,
Між гэтых абодвух войскаў, яму, пранікнёнаму жалем: |10|
Шкадуеш ня вартых спагады, ды словы мудрасьці кажаш,
але ні жывым, ні мёртвым, мудрыя не спагадаюць. |11|
Ніколі ні я не ня быў, ані ты, ні ўсё гэтае панства,
і не ня будзем ніколі напраўду мы ўсе й надалей. |12|
Як гэтае цела мяняе маленства, юнацтва і старасьць,
так целы мяняе пан цела, трывалага гэта ня зманіць. |13|
Жар, холад, пакута і ўцеха паходзяць з крананьня абсягаў,
мінучыя, ўзьнікшы, зьнікаюць, трывай іх, нашчадак Бгараты. |14|
Хто ім непахісны, трывалы, о бык сярод чалавекаў,
аднакі ў пакуце і шчасьці, той несьмяротнасьці варты. |15|
Няіснае ўзьнікнуць ня можа, і існае зьнікнуць ня можа,
мяжа іх абодвух бачна тым, хто тоествы бачыць. |16|
Нязгубным ведай жа тое, чым усё гэта працята,
яго незьнікомага згубу нікому ўчыніць немагчыма. |17|
Канцоўныя гэтыя целы вечнага ўладніка целаў,
нязгубны ён і нязьмерны, таму змагайся, Бгарата. |18|
Хто лічыць яго забіваным, і той, хто лічыць забойцам,
абодва тыя ня бачаць: ня гіне ён, не забівае. |19|
Ня родзіцца, не памірае ніколі,
ніколі ня ўзьнікшы, ніколі ня ўзьнікне.
Станоўны, няроджаны, вечны, выточны,
ён не забіваецца ў целе забітым. |20|
Хто знае яго незьнікомым, нязьменным, няроджаным, вечным,
як той чалавек, сын Прытхі, заб'е ці забіць прымусіць? |21|
Падобна як зьняўшы адзежы старыя,
у новыя муж апранаецца строі,
пакінуўшы гэтакжа целы старыя,
пан цела ўваходзіць у новыя целы. |22|
Ні меч яго не працінае, ні полымя не апаляе,
яго ня мочаць ні воды, ні вецер яго не ссушае. |23|
Няўсушны ён, нерасьсечны, нязмочны ён, неапальны,
паўсюдны, вечны і сталы, заўсёдны ён, непарушны. |24|
Завуць яго невыяўным, нямысным і невыторным,
таму яго ўведаўшы гэтак, ты спагадаць не павінен. |25|
Але калі ты нараджальным лічыш яго ці ўміручым,
тады пагатоў, дужарукі, ты спагадаць не павінен. |26|
Народжаны мусіць памерці, памёрлы мусіць радзіцца,
таму пра няўнікную справу ты гараваць не павінен. |27|
Выток невыяўны ўсіх бытаў, працяг жа выяўны, Бгарата,
ізноў невыяўны іх вынік, якое тут можа быць гора? |28|
Адзін са зьдзіўленьнем яго сузірае,
другі са зьдзіўленьнем аб ім павядае,
аб ім са зьдзіўленьнем слухае іншы,
пачуўшы, аднак жа, ня ўведаў ніводзін. |29|
Нязгубны гэты пан цела заўсёды ў кожнага целе,
таму ўсім бытам, Бгарата, ты спагадаць не павінен. |30|
І з гледзішча ўласнае праўды вагацца ты не павінен,
бо лепей ад бітвы за праўду нішто ваяру быць ня можа. |31|
Нібыта спатканыя раптам адкрытыя выраю дзьверы
ваяр шчасьлівы, сын Прытхі, бітву такую прымае. |32|
Але калі ты за праўду гэтае бітвы ня ўчыніш,
тады сваю праўду і славу страціўшы, зганены будзеш. |33|
Тваю непапраўную ганьбу ўсе быты будуць няславіць,
для годнага ж ганьба такая лічыцца горшай ад сьмерці. |34|
Палічаць вялікія воі, што ўнікнуў ты бою ад страху,
для тых, кім быў паважаны высока, станеш ты нізкім. |35|
Нямоўныя многія словы казаць твае ворагі будуць,
тваю няславячы годнасьць, што можа быць горай за гэта? |36|
Ці неба дасягнеш забіты, ці возьмеш зямлю, перамогшы,
таму паўстань, сыне Кунты, для бітвы, выбар зрабіўшы! |37|
Уцеху з пакутай, паразу са змогай, страту з набыткам,
зраўнаўшы, зьяднайся да бітвы, так ты пазьбегнеш заганы. |38|
Ты выслухаў думку Зьлічэньня, паслухай жа думку Яднаньня,
зьяднаны якою, сын Прытхі, ты вязьму чыну пакінеш. |39|
Твой высілак тут недарэмны, і вынік яго не зьнікае,
і нават трохі той Праўды з пагрозы вялікай ратуе. |40|
Тут самарашучая думка, адзіная, Куру нашчадак,
бясконцы і шматгалінны думкі невырашальных. |41|
Квяцістая мова, якую пазбытыя мудрасьці кажуць,
здавольныя словамі ведаў, ня знаючы болей нічога,
пажадныя, прагныя неба, – за чын абяцае раджэньне,
абрадаў поўная радаў для ўлады і ўцехаў дасягу.
Хто прагне ўлады і ўцехі, зьнячулены гэтаю мовай
на самарашучую думку ня здольны у супадзеве. |44|
Тры кметы ёсьць межамі ведаў, выйдзі за межы трох кметаў,
нядвойны, незабясьпечны, істотны заўжды, самавіты. |45|
Той змысел, што ў вадапоі, куды суплынаюцца воды,
такі ўва ўсіх ведах знаходзіць змысел Роду вызнаўца. |46|
Ты маеш уладу над чынам, але не над плёнамі чыну,
ня будзь абумоўлены плёнам, ня будзь зьвязаны нячынам. |47|
Чыні, пакінуўшы зьвязак, учынкі, сталы ў яднаньні,
аднакі да спору і страты, аднакасьць завецца яднаньнем. |48|
Бо чын ніжэй за яднаньне думкай, скарбаў зваёўца,
знайдзі апірышча ў думцы, убогія прагныя плёну. |49|
Зьяднаны думкай губляе і злыя, і добрыя ўчынкі,
зьяднайся дзеля яднаньня, яднаньне – ўмеласьць у чыне. |50|
Бо плён пакінуўшы чыну, мудрыя, едныя думкай,
пазбытыя вязьмаў народзін рушаць у край беспакутны. |51|
Калі ўсе гушчары аблуды перасягне твая думка,
тады дасягнеш ты зьведы слушнага й варта слыху. |52|
Калі незалежна ад слушы трывала твая ў супадзеве
нязрушнай станецца думка, тады ты дасягнеш яднаньня. |53|
Арджуна прамовіў:
Як вызанаць таго, які ўсталіў празнаньне сваё ў супадзеве,
Ці мовіць усталены думкай, ці мае сядзець або рушыць? |54|
Сьвяты Багавіт прамовіў:
Хто ўсе пакідае жаданьні, якія ўваходзяць у мысел,
сабою ў сабе толькі рады, той сталае мае празнаньне. |55|
Хто мыслам няўзрушны ў пакутах, і прагі пазбыты ва ўцехах,
бяз палу, страху і гневу, маўчар той, усталіўшы думку. |56|
Які да ўсяго непрыцяжны, патрапіўшы ў гора ці ўдачу,
ня ўзрадваны, не раззлаваны, таго ўсталявана празнаньне. |57|
Калі адусюль забірае, як лапы ў сябе чарапаха,
ён здолі ад здоляў абсягаў, яго ўсталявана празнаньне. |58|
Для тых, хто ўнікае спажывы, абсягі зьнікаюць, ня смакі,
але нават смакі зьнікаюць для тых, хто навышняе ўбачыў. |59|
Наможнага нават, сын Кунты, мужа, відушчага нават,
скрадаюць вірлівыя здолі сілаю мысел міжволі. |60|
Усе іх суняўшы, зьяднаны хай будзе ў мяне скіраваны,
бо кім падначалены здолі, таго ўсталявана празнаньне. |61|
Хто думкай датычны абсягаў, у тым узнікае прывязак,
з прывязку паходзіць пажада, гнеў узьнікае з пажады. |62|
Ад гневу зман узьнікае, замста ўзьнікае ад зману,
ад замсты губляецца розум, калі гіне розум, ён гіне. |63|
Хто здолямі, збытымі жарсьці і гіды, абсягі ўспрымае,
пакорнымі волі, сваўладны, той дасягае спакою. |64|
Пакутаў усіх у спакоі ў яго адбываецца страта,
чуваньнем спакойнага думка хутка стае ўсталяванай. |65|
Няма ў незьяднага думкі, няма ў незьяднанага творства,
нятворчы ня мае спакою, адкуль неспакойнаму шчасьце? |66|
Вірлівых здоляў рушэньню чый падначалены мысел,
таго ён уносіць празнаньне, як вецер човен па водах. |67|
Таму ў таго, дужарукі, якім забраныя здолі
ад здоляў абсягаў суцэльна, таго ўсталявана празнаньне. |68|
Што ноччу здаецца ўсім бытам, у тым самаўладны чувае,
чуваюць у чым усе быты, то ноч маўчару, які бачыць. |69|
Як воды ўваходзяць у велямора,
нязрушнаасноўнае, поўнае вечна,
жаданьні ў каго гэтаксама ўваходзяць,
спакой здабывае, ня жадны жаданьняў. |70|
Жаданьні пакінуўшы цалкам, хто дзеіць, вольны ад прагі,
бязьязны і безмаёмы, той дасягае спакою. |71|
Такі стан Роду, сын Прытхі, дасягшы яго, не блукаюць.
Хто стане ў ім нават пры сконе, у неруш Роду ступае. |72|
No comments:
Post a Comment