Mar 5, 2012

Выстаньне

Уявім аповесьць пра праяву сьвету. Яе галоўны дзейнік мае асаблівую рысу і здольнасьць - у любы час застацца адным, вымкнуцца з усіх абставінаў, сувязяў, зносінаў, адасобіцца, выстацца вонках усяго, паглядзець на ўсё звонку. Таму можна нават сказаць, што іх, галоўных дзейнікаў, два, і адзін зь якіх ніякі ня дзейнік, а сьведка, сузорца, дзіўленец. Нятоеснасьць сабе, самаспазор, спачатку выяўляецца як яго міжвольная рыса, пакрысе ўсьдамляецца як уменьне, і цягам аповеду ўвесь час узмацняецца, ператвараючыся ў здольнасьць і магуту. З таго мігу, як яго наведвае знаньне пра сьмерць, бачаньне незмысловасьці жыцьця адорвае самотай, што кожнага разу прымушае яго абяртаць час у барацьбу.

Застаньне адным, выстаньне вонках сьвету, вымыканьне з часу дазваляе аповеду зноў і зноў перапыняць дзеяньне, глядзець на аго збоку, звонку, па-над, па-за. Размовы вязьняў у астрогу, дзе ўпершыню нараджаецца відзея апошняга перавароту, падпольная барацьба, прадмесьці, ахопленыя баявымі дзеямі, пераплёты каханьня кожны раз перапыняюцца адзінотай самавіта, поглядам звонку, што ўзіраючыся ў незмысловасьць падзеяў, шукае змысел і цэль, і бачучы прымус і няволю, дастае з-за невідочнай сьпіны меч паўстаньня і прагу свабоды. Спыны адзіноты ўтвараюць раўналежную, самастойную рысу аповеду, зьнешнюю да яўнай і дзейнай, падзеленай зь іншымі чыньнікамі. І гэтая рыса, хаця і не запоўненая дзеямі, дадае ў яго нешта, без чаго, перагледжаны адылі і пазбаўлены гэтых перапынаў самоты, аповед аказваецца нязьвязным і незмысловым, рассыпаным на паземныя варушэньні выпадкова сутыкнутых асобаў.

Кожны вы-нік самоты запаўняецца асаблівым словам - Ява, Быцьцё, Існае, Бясконцае, Род, Немагчымае, Іншае. Вымаўляючы ў сабе гэтыя словы, нібыта выкліканыя падзеямі аповеду, і вяртаючыся затым у суплынь дзеі і размовы, самавіт усякі раз усё больш дзівіцца таму, як увогуле ён здольны іх падумаць і вымавіць, зьмясьціць у сваім мысьле. Бо адна справа - Бясконцае, а другая - слова Бясконцае. Сказаць слова Бясконцае, магчы сказаць Бясконцае, значыць магчы абмежаваць Бясконцае, адным словам пакласьці яму канец. Гэта здольнасьць крохкага, і здаецца, несуразнага быту, сказаць слова Бясконцае, выкрывае ў ім нібы таемнага ўладара сьвету. І гэтая нераўнаважная магута самавіта, што ў любы момант можа проста зьнікнуць, быць зарэзаным вязьнямі, застрэленым выпадковай куляй, задушаным каханкай, зьдзіўляе яго ўсе больш. І зьдзіўленьне гэтае як вал цунамі павольна але няўхільна ўзрастае з кожным разьдзелам аповеду.

Бытнае выяўляе існае. Існае ўсемагчыма. Бытнае выяўляе суплёт магчымасьцяў. Няіснае - немагчымае. Існае - незьлічонае. Няіснае застаецца вонках існага, тым самым абмяжоўваючы яго. Колькі б ні было існага, застаецца адно засталае, няіснае, немагчымае. Таму нават існае - ня ўсё. Усё - існае і няіснае, бясконцае, вышэйшае за існае і няіснае (sad-asat-para). Бясконцае нятоеснае ні існаму, ні няіснаму, большае і вышэйшае за абодвух. Neti neti - “ня гэта, ня гэта” - толькі так магчыма гаварыць пра Бясконцае. Існае ў сваю чаргу ня тоесна ні бытнаму, ні нябытнаму, большае і вышняе за абодвух.

Але выстаньне, ex-sistentio - гэта выстаньне з бытнага. Выстаньне - адна з магчымасьцяў разасобленага быцьця. Змысел выстаньня ў нятоеснасьці бытнаму, яўнаму. Выстаньне - гэта погляд звонку, адначасовы ўдзел і адзінота. У выстаньні ён кажа - “Я - гэта ня я”. Язьня, слова “я” (ahaṃkāra) складае тоества выстаньня. Калі б слова “я” не было, чалавек быў бы тоесны бытнаму, быў бы спакойнай, беспамылковай, бессаромнай рэччу між рэчаў, што ня можа сказаць, што “я - гэта ня я”. Калі бясконцае - найвялікшае і найнезьнікомае, то язьня - найменшае і найапошняе, самае зманнае і зьнікомае. Але менавіта ў выстаньні, апынуўшыся збоку, звонку бытнага, ён гаворыць словы Я, Бясконцае, Існае, Бытнае, і зьдзіўляецца, як можа гэта бясконцае, нязьмернае, найвялікае, нятоеснае нічому меншаму за сябе зьмяшчацца ў гэтай маленькай абалонцы, адсьветні, зданьнёвай саманятоеснасьці.

І тут паміж выстаньнем і бясконцым, найвялікшым і найменшым маланкай загараецца імгненная вось нятоества. Паміж тым, што нятоесна існаму і няіснаму, што больш за магчымае і не магчымае і тым, што нятоесна бытнаму, што менш за бытнае, што з гледзішча бытнага  - мара і чары, узьнікае тоества. У той момант, калі выстаньне гаворыць слова Бясконцае і зьдзіўляецца сваёй здольнасьці сказаць гэта слова, Бясконцае пазнае ў ім, гаворачым слова Бясконцае, сябе і кажа слова “Я”. Сьвет скарачаецца ў імгненным сполаху тоества гэтых двух нятоестваў.

sahásraśīrṣā púruṣaḥ sahasrākṣáḥ sahásrapāt, sá bhū́miṃ viśváto vṛtvā́ty atiṣṭhad daśāṅgulám - “Тысячагаловы чалавек, тысячавокі, тысячаногі, ён абярнуўшы зусюль быцьцё, выстаўся на дзесяць пальцаў” (Р̣ґ-веда, 10.90.1).

6 comments:

  1. дакладней будзе экс-сістэнцыя ці экз-(с)істэнцыя.

    ReplyDelete
    Replies
    1. і сапраўды, так лепей. Дзякуй

      Delete
  2. яшчэ пару тэхнічных увагаў:

    падпольная барадзьба - барацьба

    апопленыя баявымі дзеямі - ахопленыя

    Вымаўляючы пра сябе гэтыя словы - вымаўляючы сам сабе / сам да сябе / у думках / подумкі (пра сябе = аб сябе)

    ReplyDelete
  3. Прабачце за офтоп, а ці дазволілі б вы, паставіць кнігі Платона
    ( https://docs.google.com/#folders/0B-SjzcPke_37YWtxOG44S1NUVTZ2b3VQdkFGOE5iQQ )

    вось сюды http://pawet.net/library/o_reflections/Філасофія,_роздумы.html

    ?

    ReplyDelete
    Replies
    1. Я ня маю нічога супраць. Чым шырэй будуць даступныя гэтыя тэксты, тым лепш. Думаю, Ян Пятроўскі толькі радаваўся бы гэтаму.

      Delete