Канструктыўны сьвет
Сучасны сьвет набывае новыя абрысы. Мы пачынаем жыць у сьвеце, дзе чалавекам будуецца блізу ўсё. Тое, што лічылася натуральным, пераствараецца цяпер наборам біятэхналёгіяў. Духовае і гуманітарнае ўзнаўляецца псыхалягічнымі, інфармацыйнымі, сацыяльнымі, палітычнымі тэхналёгіямі. Новы сьвет, у які ўваходзіць сучасны чалавек - гэта канструктыўны сьвет.
У яго абсягі патрапляе ўсё, што можа быць перастворана і ўзноўлена. Крок за крокам ён захоплівае тое, што належала раней мадэрнаму і традыцыйнаму сьвету. Яму пачынае належаць усё, што можна паўтарыць і перастварыць. Ён заяўляе свае правы на ўсё, здавалася, падставова чалавечае - жыцьцё, цела, пол, розум, пачуцьці. І ад гэтага ён падаецца чалавеку бязьмежным.
Традыцыйны сьвет, наадварот, грунтуецца на ўшанаваньні вечнага, нечалавечага, непаўторнага, неперастваральнага чалавекам. Вечнае і нечалавечае надае якасьць сьвятарнасьці ўсяму, што мае зь ім сувязь. І хаця гэта не ўваходзіць нават у поле зроку канструктывізму, той усё адно забірае сабе тое, што было раней сьвятарным. Традыцыя нібыта пазбаўляецца ўсяго, што ёй належала.
Якім і ці будзе ўвогуле месца традыцыі ў гэтым новым сьвеце? Якія межы мае чалавечая канструктыўнасьць? Бо рэч нават ня ў тым, ці атрымаецца ў чалавека перастварыць усё, на што ён замахнуўся - такое будучае можна проста ўявіць як ужо насталае. А ў тым, ці зможа традыцыйнае ператрываць гэтае поўнае перастварэньне і ўсё адно мець пасьля яго сэнс?
Штучны розум і мяжа жаданьняў
У аснове высноўваньня ляжыць матрыца сэнсу, катэгорыі якой складаюць нашыя галоўныя пытаньні: хто? чаго? чым? дзе? адкуль? навошта? Гэтая матрыца сэнсу ўтварае староны сьвету - перад і зад, ніз і верх і ўсе магчымыя іх суадносіны, якія мы выражаем склонамі і прыназоўнікамі. Чалавечы розум - гэта прастора, а прастора - гэта розум.
Чалавечая думка ствараецца і падставова абмяжоўваецца кроснамі гэтай прасторы. Яна ўвесь час імкнецца да пераадоленьня гэтага абмежаваньня, але само гэтае пераадоленьне мае сэнс менавіта ў гэтай прасторы, што стварае расьцяг верху і нізу - толькі там існуе “пад” і “звыш”, “за” і “пера”. І ўсё, што мае сэнс - пачуцьці, абрысы, колеры, смакі - спадкуе тое самае прасторавае абмежаваньне.
“Спачатку гэта было толькі адным сабой. Ён пажадаў, хай будзе ў мяне жонка, і я нараджу. Хай будзе ў мяне багацьце, і я ўчыню. Такое напраўду жаданьне, і жадальнік ня знойдзе болей за гэта.” (Брыгадаранйака-упанішад, 1.4.17) Сучасны сьвет стварае вялікую разнастайнасьць, але ня здольны спарадзіць новыя мэты і жаданьні. Чалавек можа выправіцца на Марс, але там усё адно будзе памнажацца і здабываць багацьці. Уся разнастайнасьць канструктыўнага сьвету кіруецца наборам простых жаданьняў, абмежаваных на самым пачатку прасторай розуму.
Стварэньне штучнага розуму зьяўляецца адной з галоўных мэтаў канструктыўнага праекту. Прыгэтым вымерам яго разумнасьці непазьбежна выступае розум чалавечы, як адзіны наяўны і ўяўны. Мы гатовыя прызнаць штучны розум сапраўды разумным тады, калі ён зможа ўсё, што можа розум чалавечы. А гэта азначае, што пасьпяховы штучны розум успадкоўвае ад чалавека і сваё падставовае абмежаваньне.
Традыцыя як арыентацыя розуму
Пераствараючы чалавечы розум, канструктывізм адначасова дазваляе паглядзець на традыцыйнае зусім інакш - як на яго неад’емную і непазьбежную ўласьцівасьць. Надразумнае, патойбочнае, пазасьветнае, боскае існуе ў розуме як сэнс ужо адпачатку - як простае прасторавае дачыненьне. Пакланеньне, ушанаваньне, павага да ўзвышанага - вынікае з гэтага дачыненьня проста як прасторавая арыентацыя. У суадпаведнай прасторы пачуцьцяў гэта адлюстроўваецца ў маральныя цноты і правілы паводзінаў.
Чалавечы розум нібыта загадзя абяцае звышразумнае і звышчалавечае самой наяўнасьцю такога сэнсу ў сабе. Чалавек абмежаваны прасторай розуму, але гэтая прастора нібы загадзя збудавана такім чынам, каб прымушаць яго вызваляцца зь яе, шукаць зь яе выйсьця. І шляхі гэтага выйсьця нібы загадзя падказаныя будовай гэтай прасторы. Традыцыйнае будуецца як архітэктура выйсьця з гэтага абмежаваньня.
Штучны розум - таксама прастора. І калі ён будзе мець жаданьні і пачуцьці, то гэта будуць тыя самыя жаданьні і пачуцьці, абмежаваныя той самай прасторай. Тое, што мела сэнс для розуму чалавечага, будзе мець сэнс і для розуму штучнага. Невырашальныя маральныя праблемы застануцца для яго такімі ж невырашальнымі. І калі чалавечы розум маліўся Богу, то штучны розум будзе маліцца яму таксама.