Dec 4, 2015

Крытыка эмацыйнага розуму




1. Мэтафізыка пачуцьцяў

Слова “пачуцьці” мае выразную двузначнасьць. Звычайна яно азначае як успрыманьні, так і перажываньні: як зрок, слых, дотык, так і гнеў, радасьць, сум. І калі ў перакладах старажытных твораў гаворка ідзе, напрыклад, пра “ўтаймаваньне пачуцьцяў”, важна ведаць, пра якія пачуцьці ідзе гаворка. Таму далей слова пачуцьці будзе азначаць тут толькі эмацыйныя перажываньні.

Што дачытыць традыцыйнай індыйскай мэтафізыкі, то ўспрыманьні і пачуцьці маюць зусім рознае месца ў пасьлядоўнасьці праяўленьня сьвету. Філасофія санкх’я налічвае 25 тоестваў, да якіх зводзіцца ўсё бытнае. Зь іх 20 ніжэйшых тоестваў складаюць грубае пяцівітае праяўленьне: гэта пяць вялікіх бытаў (прастор, вецер, агонь, вада, зямля), пяць здоляў знаньня (вуха, скура, вока, язык, нос), пяць мераў успрыманьня (гук, дотык, вобраз, смак, пах) і пяць здоляў чыну (мова, рука, нага, чыньнік выдзяленьня і чыньнік спараджэньня). Тры вышэйшых тоествы — гэта мысел, розум, язьня (“я”). Найвышэйшыя тоествы — пратвора і дух — належаць не парадку праяўленьня, а яго крыніцы.

Звычайна, калі ў сьвятарных творах гаворыцца пра “ўтаймаваньне пачуцьцяў”, маюцца наўвезе менавіта пяць здоляў успрыманьня. Прыгэтым пачуцьці, гнеў і радасьць, пагарда і пажада ўзгадваюцца зусім асобна, ня маючы нават агульнай назвы, якая б іх аб’ядноўвала. У Багавітавай Песьні самаяднаньне называецца роўнасьцю — да шчасьця і няшчасьця, гора і радасьці, пагарды і пажады. Але якое месца маюць гэтыя пачуцьці сярод тоестваў праяўленьня? Іх там нібыта няма. Яго можна вызначыць, зьвярнуўшыся непасрэдна да аўтарытэта, на якім грунтуецца індыйская філасофія — да ведавых твораў.

Паводле знакамітага хвалебну “Пачатак” зьмешчага ў 10 мандале Рыг-веды, спачатку не было ні існага, ні няіснага, усё было неразрозным. Затым магутою жару ўзьнікла “тое адно”. А пасьля “жаданьне зь яго напачатку ўзьнікла, якое было семенем першым мыслу” (Рыг-веда 10.129.4). Такім чынам, жаданьне, пачуцьцё, ня толькі папярэднічае мыслу і розуму, але і зьяўляецца іх “першым семенем”. Пачуцьцё папярэднічае засталаму праяўленьню. Пачатак цалкам нямысны для розуму, але розум ня можа не зьвяртацца да яго. І зьвяртаючыся да пачатку, пра які немагчыма гаварыць тым, што ўзьнікла ў выніку, розум не знаходзіць лепшага за мэтафару пачуцьцяў — “спачатку ён захацеў і ўзьнік”. 

Праяўленьне сьвету ў Брыгадара’яка-упанішадзе апісваецца так: “Сам спачатку быў гэта ўсё ў відзе чалавека. Ён, агледзеўшыся, ня ўбачыў іншага ад сябе. <…> І ён баяўся. Таму адзінокі баіцца. І ён агледзеўся. Калі няма нікога іншага ад мяне, чаго я баюся? І ад таго прайшоў яго страх. Бо каго было яму баяцца? Ад другога напраўду бывае страх. Але ён ня радаваўся. І таму самотны ня радуецца. Ён захацеў другога. І ён стаў такім, як жанчына і мужчына, якія абдымаюць адно аднаго. І такога сябе ён змусіў рухацца ў два бакі, і адтаго сталі быць муж і жонка” (Брыгадаран’яка-упанішад 1.4.1—3).

Самаісны, першы з узьніклых, той, каго можна назваць Богам, апынуўшыся адзін, баяўся. І таму яго дзеці і насьледнікі, апынуўшыся адны, баяцца. Ён пажадаў іншага, і таму яго насьледнікі жадаюць іншага. Праяўленьне сьвету апісваецца як гісторыя пачуцьцяў: паступова зьяўляюцца страх, спакой, пажада, здаволя, а за імі, ці нават унутры іх, пакуль яны перажываюцца — усё астатняе праяўленьне.

У трэцім разьдзеле Багавітавай Песьні Арджуна задае Крышну такое пытаньне: “Але чым прымушаны гэты зло чалавек зьдзяйсьняе, не жадаючы нават, Варшнэя, сілай нібы кіраваны?” (3.35) На што Крышна адказвае: “Пажада гэта, гнеў гэта, што з кметы кра́сы ўзьнікае, мнагажэрны, мнагазлачынны, гэнага ворагам ведай. Як агонь ахутаны дымам, як люстра пакрыта срэбрам, як зародак балонай пакрыты, так ім усё гэта пакрыта” (3.36—37). Магута гэтага ворага апісваецца так: “Здолі, і мысел, і розум яго ўладарствам завуцца, імі у зман ён уводзіць, целавітаў знаньне пакрыўшы” (40).

Гнеў-пажада, а гэта значыць — пачуцьці, аказваецца вышэйшым за здолі ўспыраманьня, за мысел і розум, і таму ня можа быць пераможаны ні ўспрыманьнямі, ні мыслам, ні розумам: “Вышэйшымі клічуць здолі, мысел за здолі вышэйшы, за мысел вышэйшы розум, ён той, хто вышэй за розум” (42). Гэты вораг-пачуцьцё, “вышэйшае за розум”, перамагаецца толькі “самім сабой”. 

То бок, тое, што ўзьнікла спачатку сьвету, сустракае як перашкода і таго, хто да пачатку спрабуе вяртацца. Калі той напачатку праявы адчуваў страх, то супоўны страх мае перажыць і той, хто да яго вяртаецца. Калі ён тады перажываў жаданьне, то яно сустракае і таго, хто ідзе да пачатку.

2. Эмацыйны розум

Але перажываньні і ўспрыманьні маюць прынамсі адну агульную ўласьцівасьць, празь якую яны і называюцца аднолькавым словам “пачуцьці”. Яны ахопліваюць, агортваюць усё, што ў іх апынаецца.

З аднаго боку, ўспрыманьні стаяць на пачатку ўспрыманага, зьяўляюцца месцам яго ўзьнікненьня. Паводле Брыгадарн’яка-упанішад, “Вока — гэта сказ вобразаў, бо зь яго паўстаюць усе вобразы” (1.6.2). То бок месцам быцьця вобразаў зьяўляецца вока, гукаў — вуха, крананьняў — скура, пахаў — нос. Месцам быцьця ўсяго ўспрыманага зьяўляюцца здолі ўспрыманьня, бо яны ахопліваюць успрыманае, успрыманае зьяўляецца ўнутры іх.

Пачуцьці гэтаксама пакрываюць, ахопліваюць сабой усё бытнае. Паводле Багавітавай Песьні, як агонь пакрыты дымам, а люстэрка пакрыта срэбрам, так быцьцё пакрыта пачуцьцямі. Адпаведна, як агонь не бывае бяз дыму, а люстэрка — бяз срэбра, так не бывае быцьця без пачуцьцяў. Пачуцьці ахопліваюць кожную думку, кожны рух, кожнае ўспрыманьне чалавека, стаяць на іх пачатку.

З другога боку, і ўспрыманьні і перажываньні адчуваюць тое, на што яны скіраваны, адлюстроўваюць яго сваім чынам, пакідаючы яго насамрэч невядомым. Дачын зроку становіцца вобразам, дачын нюху становіцца пахам, а дачын перажываньня стаецца пачуцьцём, эмоцыяй. Пачуцьці таксама здольныя ўспрымаць. Як у вобразаў ёсьць чыньнік, які перакладае ўсё, на што ён скіраваны, у вобразы, так і ў пачуцьцяў ёсьць чыньнік перакладу ўсяго ў пачуцьці, які адначасова зьяўляецца месцам іх быцьця.

Але пры тым, што пачуцьці стаяць на пачатку праяўленьня, нельга сказаць, што гэта нешта простае, а не складанае, адзінае, а ня множнае. Бо адно пачуцьцё ня мае сэнсу бязь іншых пачуцьцяў. Нельга гаварыць пра адно пачуцьцё, ня кажучы пры гэтым пра ўсе іншыя. Толькі ўвесь збор пачуцьцяў дае сэнс асобнаму пачуцьцю. Няма гневу бяз радасьці, і радасьці бяз суму.

Набываючы сэнс толькі адносна адно аднаго, пачуцьці ўтвараюць сваю прастору, дзе ёсьць свой зад і перад, верх і ніз, права і лева, ўнутры і вонках. І паколькі прастора пачуцьцяў цалкам суадпаведная прасторы ўвогуле, кожнае асобнае пачуцьцё суадпаведна пэўнаму руху. Колькі кірункаў і рухаў, столькі і пачуцьцяў. Радасьць ня можа быць уніз, і сум ня можа быць уверх, толькі наадварот. Множнасьць і складанасьць пачуцьцяў — гэта множнасьць і складанасьць прасторы і рухаў. Пачуцьці выглядаюць люстэркам прасторы і руху, а рух і прастора — іх перадумовай.

Як жа тады пачуцьці могуць быць мэтафізычна першаснымі дачынна ўсяго засталага?  Калі пагледзець на праяўленьне як на гісторыю зьяўленьня пачуцьцяў, то адзінае цягам гэтай гісторыі нібы расьпіхвае сябе ў розныя бакі, нібы знутры пашыраючы сферу ўласнай прасторы. Яно стварае супрацьлегласьці — страх і спакой, жаданьне і задавальненьне. Тое, што на першым кроку стварае перад і зад, на другім кроку ўтварае верх і ніз, а затым — правы і левы бок. Гэтае расьпіхваньне прасторы знутры навонкі ня мае патрэбы ў адлюстраваньні для свайго ўзьнікненьня, суадпаведнасьць узьнікае ўжо паводле спосабу вытворчасьці.

Узьнікненьне прасторы як цэласьці супрацьлеглых кірункаў — і ёсьць узьнікненьне матрыцы сэнсу. Бо гэта яшчэ зусім ня вобраз прасторы, у якім нешта можа быць разьмешчана. А ўзьнікненьне матрыцы сэнсу — і ёсьць узьнікненьне розуму. Бо першасныя сэнсы прасторы і ёсьць тое, што зьяўляецца асновай усяго сэнсаўтварэньня і мысьленьня. Такім чынам, пытаньне судачыненьня пачуцьцяў і прасторы — гэта насамрэч пытаньне пра дачыненьні пачуцьцяў і розуму. І пытаньне пра зьверхнасьць пачуцьцяў і прасторы — гэта пытаньне пра зьверхнасьць пачуцьцяў і розуму. 

Паколькі пачуцьці ўтвараюць сваю прастору і маюць чыньнік перакладу ўсяго ахопленага ў пачуцьці — гэтую прастору і чыньнік можна назваць эмацыйным розумам. Эмацыйны розум атрымлівае зваротную перамогу над усім адчуваным. Калі пачуцьцё — гэта адлюстраваны ў прасторы пачуцьцяў рух, то ўспрыманы рух абывязкова чытаецца як пэўнае пачуцьцё. Незалежна ад таго, гэта рух вобразу, гуку ці думкі. Усё, што трапляе ў люстэрка пачуцьцяў, вобразы, дотыкі, думкі, і нават іншыя пачуцьці  — стаецца толькі пачуцьцямі. Такім чынам, эмацыйны розум атрымлівае мэтафізычную зьверхнасьць над розумам першасных сэнсаў — нават у тым разе, калі ён узьнікае пасьля яго.

Усякі сэнс у такім разе немінуча аказваецца эмацыйным, пачуцьцёвым, сэнсам эмацыйнага розуму. Лацінскае слова сэнс, якое ў нас звычайна азначаем змысел,  значыць насамрэч “пачуцьцё” і паходзіць ад дзеяслова sentire — “адчуваць”. З усіх складнікаў “сэнсу” пачуцьцёвы аказаўся тут выбраным за аснову. Сэнс руху — гэта яго пачуцьцё, эмоцыя, якая яго пачынае.

3. Мова пачуцьцяў

Слова эмоцыя па-лацінску азначае “вырух”. Калі пачуцьцё стаіць на пачатку руху, то яно зьяўляецца яго намерам. А гэта значыць, што намер, які здаецца цэлым, неразрозным і адзіным, насамрэч можа быць дакладна выражаны на мове пачуцьцяў. Пачуцьцё як намер ахоплівае рух адпачатку, яшчэ да яго ўзьнікненьня.

З другога боку, пачуцьцё ўзьнікае і ў выніку чытаньня руху. У такім разе чытаньне руху, разгадка яго пачуцьця, — гэта ўзнаўленьне яго намеру. А намер руху, тое, зь якім пачуцьцём ён быў пачаты, і зьяўляецца яго сапраўдным сэнсам. Такое пачуцьцё зваротна ахоплівае рух зь яго канца.

Гэтыя два віды пачуцьцяў — намер і яго разгадка — адпавядаюць двум удзельнікам маўленьня, моўцу і слухачу, і ўтвараюць размову пачуцьцяў. Адно выражае, а другое чытае. Пачуцьцё як намер стаіць на пачатку руху, рух выражаецца, затым чытаецца пачуцьцёвым розумам, і ў выніку ўзьнікае яшчэ адно пачуцьцё. 

Тое, што пачуцьці можна наўмысна выклікаць, бо пачуцьцёвы розум ня можа не перакладаць рух у пачуцьці, стварае яшчэ адну магчымасьць у гэтай размове. Можна ствараць рух толькі для таго, каб выклікаць пачуцьцё. У такім разе адно пачуцьцё зьяўляецца ўжо намерам іншага. Але гэта ў сваю чаргу ўскладняе стратэгію разгадкі намеру. І ў выніку, як на пачатку, так і на канцы руху аказваюцца складаныя пачуцьцёвыя будовы.

Такім чынам, адны пачуцьці могуць ахопліваць іншыя пачуцьці, а яны ў сваю чаргу  — іншыя, зь іх пачатку або зь іх канца. Такім чынам утвараецца цэлая дрэвавідная архітэктура пачуцьцяў, якая далей удзельнічаае ў размове пачуцьцяў, утвараючы новыя складаныя будовы пачуцьцяў у выніку іх разгадкі.

Пачуцьці маюць сваю неверагодную складанасьць, якая перажываецца адначасова як пэўная смакавая гамма. Гнеў можа ўлучаць у сябе радасьць, а радасьць адначасова і сум, і зайздрасьць. Каб утвараць такую складанасьць, і каб гаварыць пра яе, патрэбна асаблівая мова пачуцьцяў. І паколькі мова складаецца з правілаў (“калі сэнс, то форма”), і паколькі правілы могуць быць рознымі, то моваў пачуцьцяў можа быць мноства.

У стажытна-індыйскай традыцыі слова, што абагульняе ўсе пачуцьці, узьнікае не ў мэтафізыцы, а ў тэорыі мастацтва. Можна сказаць, што індыйская тэорыя мастацтва насамрэч і зьяўляецца тэорыяй пачуцьцяў. Яго аснову складае вучэньне пра расу і бгаву. Слова “раса”, што даслоўна значыць “сок”, азначае чыстае пачуцьцё. Адпачатку, у творы Бгараты “Навука танца” выдзяляецца восем расаў: пажада, сьмех, гнеў, спагада, пагарда, страх, адвага, зьдзіўленьне. Уласна, мастацкае майстэрства і зьяўляецца ўменьнем выклікаць патрэбныя пачуцьці ў гледача.

Акрамя чыстых пачуцьцяў, ёсьць яшчэ іх другасныя праявы, што называюцца тэрмінам “бгава” (быцьцё). Бгавы бываюць трох відаў: сталыя (8), рухавыя (33) і іставыя (8), адны зь іх зьяўляюцца чыстымі праявамі расаў, другія — зьмяшанымі ці часовымі. Такім чынам, пачуцьці могуць трываць, рухацца адно да аднаго і застываць. Пачуцьці могуць быць чыстымі і зьмяшанымі.

У кіатйскай традыцыі існуе канцэпцыя пяці першасных пратвораў (агонь, вада, зямля, дрэва, мэтал). Хаця ў перакладзе іх назвы пратвораў супадаюць з назвамі індыйскіх тоестваў, ня варта думаць, што гаворка ідзе ідзе пра адзін і той самы агонь, ваду ці зямлю. Кітайскія пратворы не апісваюць гісторыю праяўленьня. Яны бясконца спараджаюць і зьнішчаюць адно аднаго. Паводле гэтай канцэпцыі пяці пратворам адпавядаюць і пяць першасных пачуьцяў (радасьць, страх, спакой, гнеў, сум). 

Канцэпцыя пяці пратвораў знаходзіцца ў аснове кітайскай традыцыйнай мэдыцыны і мастацтваў барацьбы, якія самі па сабе ўжо ўяўляюць дасканалае тэатральнае мастацтва. Як кожны пратвор спараджае адзін пратвор і зьнішчае іншы, так і кожнае пачуцьцё зьнішчае адно пачуцьцё і спараджае іншае. Мова пачуцьцяў такім чынам зьмяшчае ў сябе цыклы спараджэньня і зьнішчэньня, сваю матэматыку складаньня і адыманьня, якія пры павелічэньні колькасьці пачуцьцёвых словаў могуць станавіцца нашмат больш складанымі, як кітайская мэдыцына ці кунфу.

4. Пераўзыход пачуцьцяў

Тое, што пачуцьці можна выклікаць наўмысна, робіць эмацыйны розум маніпуляваным і падуладным. Але намер утаймаваньня ці пераўзыходжаньня пачуцьцяў, што ўзьнікае ў адказ як паўстаньне супраць улады пачуцьцяў, сам безумоўна зьяўляецца пачуцьцём. Старажытны аскетычны загад “пераўзыходу пачуцьцяў” у філасофіі йогі ажыццьцяўляецца як зраўнаньне ўсіх пачуцьцяў паміж сабой. 

У другім разьдзеле Багавітавай Песьні йогін, дасяглы самаяднаньня, апісваецца такім чынам: “Які да ўсяго непрыцяжны, калі лучыць у гора ці ўдачу, не злуецца і не сьвяткуе, празнаньне таго ўсталявана” (2.57).  У такім разе ён дасягае вышэйшага спакою, поўнай адсутнасьці руху розуму, нірваны: “Самапраўны, які ўспрымае абсягі бяз жарсьці, агіды, сабе падуладнымі здолямі, той дасягае спакою. У спакоі пакутаў усіх у яго адбываецца страта, спакойна-чуйнага скора розум стае ўсталяваным” (2.64-65).

Першая стратэгія пераўзыходу пачуцьцяў, такім чынам, — гэта стратэгія іх зраўнаньня і дасягненьня спакою, нерушы эмацыйнага розуму. Аднак, зь цягам часу, да васьмі расаў індыйскага мастацтва дадаецца дзявятая: а менавіта, пачуцьцё спакою. Тое, што адпачатку разглядаецца як пераўзыход усіх пачуцьцяў, пасьля зьяўленьня тэорыі мастацтва само аказваецца адным з пачуцьцяў. Такім чынам, запавет пераўзыходу пачуцьцяў сам аказваецца пачуцьцёвым, як са свайго пачатку, пачуцьця абурэньня, так і са свайго канца, пачуцьця спакою.

Старажытна-грэцкая тэорыя мастацтва, як і старажытна-індыйская, пачынаецца як тэорыя тэатру. Размаўляючы пра мастацтва мовай пачуцьцёвых катэгорыяў, яна таксама зьяўялецца тэорыяй пачуцьцяў. У “Паэтыцы” Арыстотэля задачай мастацтва таксама зьяўляецца выкліканьне пэўных пачуцьцяў у гледача. Катэгорыя “патасу”, уведезная Арыстотэлем, збольшага адпавядае панятку “бгавы”, праявы пачуцьця, у індыйскім мастацтве, хаця і ня мае такой дакладнай і падрабязнай клясыфікацыі.  Аднак, выкліканьне пачуцьцяў мае тут падставова іншую мэту. Цягам тэатральнага відовішча адны пачуцьці спараджаюць другія, другія пераходзяць у трэція, і ў выніку ўзьнікае катарсіс, ачышчэньне, узыход пачуцьцяў на новы, няведамы ўзровень, што прыносіць гледачу асалоду, што пераўзыходзіць звычайную асалоду спажываньня ўспрыманага. І адпаведна спосабу дасягненьня гэтай кульмінацыі старагрэцкі тэатр мае два асноўныя жанры — трагедыю і камэдыю.

Другая стратэгія пераўзыходу пачуцьцяў мае наўвеце пэўную алхімію, у выніку якой мова пачуцьцяў сама ўзносіць спазорцу на новы, надпачуцьцёвы ўзровень. Лічыцца, што старагрэцкі тэатр мае сваім пачаткам дыянісійскія і элеўсынскія містэрыі, то бок узыходзіць да пэўнай традыцыі сьвятарных абрадавых дзеяньняў. Цягам грэцкага тэатральнага паказу на сцэне розума гледача ствараюцца, а затым сьціскаюцца расьцяжкі невырашальных супрацьлегласьцяў, што так ці інакш вядуць да сьмерці галоўнага героя. Глядач, перажываючы сьмерць героя, перажывае адначасова сьмерць пачуцьцяў. 

Калі ўзгадаць, што распьпіхваньне супрацьлегласьцяў і ёсьць узьнікненьнем розуму, то іх сутыкненьне аказваецца яшчэ адным спосабам яго спыненьня і пераўзыходу. Можна меркаваць, што менавіта стварэньне расьцяжак і сутыкненьне супрацьлегласьцяў і было галоўнай часткай містэрыяў, зь якіх паходзіць эўрапейская тэатральная традыцыя. Іх найбольш блізкім адпаведнікам, паводле гэтай азнакі, у індыйскай традыцыі можна лічыць тантрычныя практыкі, цягам якіх вызваленьне дасягаецца не праз зраўнаньне пачуцьцяў, а празь сутыкненьне супрацьлегласьцяў і іх ператварэньне ў вышэйшыя існасьці.

5. Эмацыйная тэалёгія

Сама па сабе мова пачуцьцяў азначае чыстую няспынную маніпуляцыю. Пачуцьцё ня можа ня быць прачытаным, і паводле правілаў пачуцьцё нараджаецца ў адказ на іншае пачуцьцё. Але не тады, калі моваў пачуцьцяў стаецца многа, і кожная зь іх мае ўжо свае правілы. У такім разе размова пачуцьцяў узыходзіць на новы ўзровень складанасьці.

Нораў, характар — гэта асобная мова пачуцьцяў, гэта збор правілаў пачуцьцёвых паводзінаў, які надае пачуцьцям устойлівасьць да вонкавых уплываў. У адказ на ласкавасьць быць ласкавым, у адказ на злобу злавацца. Або наадварот: у адказ на злобу быць лагодным, ці ў адказ на літасьць зайзросьціць. Калі ад пэрсанажаў тэатру паінуць толькі пачуцьці, выдаліўшы іх імёны і абставіны дзеяньня, ад іх застануцца толькі норавы і іх размова.

У гэтай размове нораваў пачуцьці выказваюцца пра пачуцьці, пачуцьці асуджаюць і ўхваляюць іншыя пачуцьці. Але ў гэтай размове ёсьць удзельнік, які размаўляе з усімі норавамі адразу. Гэта сумленьне, якое асуджае ці ўхваляе пачуцьцёвыя паводзіны. Яго асуджэньне ці ўхвала таксама зьяўляецца ці прынамсі чытаецца як выказваньні мовы пачуцьцяў. Сумленьне як збор пачуцьцёвых правілаў складае нораў вялікага чалавека, усяго грамадства адразу і мае назву маралі, нораўнасьці.

Як і асабовы нораў, мараль можа быць рознай у розных грамадзтваў. Гэта не абавязкова двухпачуцьцёвы падзел усяго на дабро і зло, гэта могуць быць і больш тонкія адценьні выказваньняў. Але мова, на якой яна размаўляе, у любым выпадку зьвяртаецца да эмацыйнага розуму. А той, у сваю чаргу мае магчымасьць адказу, размовы зь вялікім норавам.

Мараль традыцыйна зьвязваецца з боскім пачаткам, яна зыходзіць зьверху, усталёўваючы каштоўнасьці, уяўленьні пра дабро і зло, цноту, заслугу і грэх. Боскае як удзельнік размовы пачуцьцяў немінуча таксама паўстае як нораў. Старагрэцкія і індыйскія багі гневаюцца і радуюцца як людзі. Бог манатэізму праяўляе гнеў, любоў і рэўнасьць. Паводле славутага хрысьціянскага сьцьверджаньня, “Бог ёсьць любоў” (Першае пасланьне Яна, 4.8). Бог мае свой нораў.

Тэалёгію боскага нораву можна назваць эмацыйнай тэалёгіяй. Калі боскі пачатак маралі і ёсьць боскім норавам, то пачуцьцёвая размова зь ім аказваецца размовай з богам. Боскі нораў можа быць адзіным ці цэлым тэатрам багоў, але любоў да бога мае сэнс толькі тады, калі ён таксама размаўляе на мове пачуцьцяў. Мы ня можам уявіць неэмацыйнага бога, як ня можам уявіць неэмацыйнае дабро і зло. Дабро і зло як простыя матэматычныя вылічэньні мы ўспрымаем якраз як відавочнае зло. Надэмацыйны бог аказваецца бесчалавечным і асуджаецца самой маральлю.

Эмацыйная тэалёгія мае наўвеце асабовую эмацыйную сувязь з богам. У старажытна-індыйскай традыцыі адным са шляхоў дасягеньня вызваленьня зьяўляецца бгаткі, адданая любоў да бога. Вернік цалкам напаўняе свае пачуцьці абранай выявай боства і ў выніку становіцца яму тоесным. Паводле Багавітавай Песьні любоў робіць бога і верніка адзінымі і неразрознымі. 

З гэтага гледзішча, выкананьне маральных абавязкаў, паводзіны ў адпаведнасьці з агульнымі ўяўленьнямі пра дабро і зло, робяць тоеснымі два норавы — боскі нораў і нораў чалавека. Эмацыйная тэалёгія як стратэгія пераўзыходу пачуцьцяў азначае ўтаясьненьне асабовага і боскага нораву. Паколькі боскі нораў дасканалы, асабовы нораў таксама дасягае дасканаласьці.

6. Крытыка эмацыйнага розуму

Паміж розумам і пачуцьцямі ёсьць даўняя барацьба, працяглы канфлікт. Але гэта не разумовы, а эмацыйны канфлікт. У гэтай барацьбе мастацтва традыцыйна гуляе на баку пачуцьцяў, а філасофія — на баку розуму. Прыгэтым, выяўляючы пагарду ці зьверхнасьць да эмоцыяў, філасофія не заўважае сваю ўласную эмацыйнасьць. Бо  быцьцё супраць, прага быцьця вышэй, і сама па сабе ацэнка “вышэй-ніжэй” — гэта ўжо эмоцыі. Акрамя ўласнай доказнай асновы і шляхоў развагі кожны філосаф у гісторыі філасофіі мае свой нораў і выражае ўласную асноўную эмоцыю, і магчыма, менавіта філасофскі нораў і застаецца ў гісторыі філасіфіі як актор на сцэне тэатру ідэяў.

Ёсьць эмоцыя Плятона і Дыягена, Гэгеля і Шапэнгаўэра, Гайдэгера і Вітгенштайна. Ніцшэ быў тым філосафам, хто ўпершыню паспрабаваў граць баку пачуцьцяў. Яго філасофія стала свядомым тэатрам эмоцый. Ён узнавіў дынісійскую катарсічную традыцыю. Заратустра нічога не даказвае, а прымушае перажываць. Яго галоўны тытанічны імпэратыў — “быць па-за межамі дабра і зла” — скіраваны супраць маралі, норову Бога. Але  сама мараль - эмацыйная катэгорыя, і змаганьне зь ёй - гэта змаганьне эмоцыяў з эмоцыямі. Калі з размовы нораваў людзей выдаліць нораў чалавецтва, ці не перастане чалавецтва быць чалавецтвам у такім разе?

Цягам усёй сваёй гісторыі філасофія была сьвядома ці несьвядома эмацыйнай і нораўнай філасофіяй, нават змагаючыся супраць пачуцьцяў ці нораўнасьці. Але ці ўладарыць чалавек над сваімі эмоцыямі? Будучы здольным спараджаць іх самастойна, ён толькі чакае пакуль яны зьявяцца ў сьвядомасьці і толькі тады — думае, рухаецца, чыніць. Нематываваныя эмоцыі прачытваюцца як эмоцыі шаленства. А матываванымі яны робяцца толькі тады, калі спараджюцца мовай пачуцьцяў. У такім разе, калі мысьленьне падстатвова эмацыйнае, і эмоцыі ствараюцца толькі мовай эмоцыяў, хто насамрэч мысьліць мысьленьне? Чаго вартае мысьленьне, калі яно рухаецца мовай эмоцый і яшчэ й ня ведае пра ўласную эмацыйнасьць?

Мысьленьню не застаецца нічога іншага, як прызнаць сваю эмацыйнасьць. Замест таго, каб пагарджаць эмоцыямі і ўздымацца над імі, яно мае прынамсі вывучаць іх. Эмацыйны розум мае быць выдзелены ў асобны дачын лінгвістыкі пачуцьцяў. Трэба скласьці граматыкі і слоўнікі мовы пачуцьцяў, а развага мае пакрываць сябе разьметкай мовы эмоцый і нораваў, каб мець магчымасьць быць мэтаэмацыйнай. У такім разе мысьленьне хаця бы наблізіцца да таго, каб зьведаць сваю эмацыйную абмежаванасьць. Тэорыя эмоцый, эмоцыялёгія, мае быць крытыкай эмацыйнага розуму.

Ёсьць тое, што ёсьць і ёсьць тое, чаго няма. Ёсьць тое, што толькі называецца. Тое, што мае адно месца быцьця — ёсьць, а тое што мае многа месцаў, аб’ядноўваецца толькі іменем. Яно ёсьць як імя. Часткай отналёгіі зьяўляецца яе номіналёгія. І ёсьць таксама тое, чаго няма, што не называецца, але толькі адчуваецца. Тое, што аб’ядноўваецца адной эмоцыяй ёсьць імя ў мове пачуцьцяў. Часткай номіналёгіі зьяўляецца яе эмоцыялёгія.

Мастацтва пасьля тэорыяй пачуцьцяў — зусім ня тое самае, што мастацтва перад тэорыяй пачуцьцяў. Яно ўзыходзіць на якасны іншы ўзровень загадваньня загадак. Мова пачуцьцяў ня толькі назвывае існыя пачуцьці, але і дае магчымасьць утварыць і адчуць зусім іншыя, танчэйшыя, нечуваныя раней пачуцьці, для разрозьненьня якіх нам не хапала імёнаў. 

Вялікія культуры мінулага стварылі мастацтва, прачытаць і адчуць якое немагчыма, не валодаючы іх мовай пачуцьцяў. Мы жывем у культуры, якая мае ўсе магчымасьці ня толькі адчуць усе пачуцьці іншых культураў, але і стварыць нашмат больш складаную мову пачуцьцяў і адпаведнае ёй мастацтва, здольнае выразіць нечуванае чалавекам раней. Я цалкам суперажываю эмоцыі, якую выражае герой фільма Паола Сарэнціна “Маладосьць”: “Кажуць, пачуцьці нібыта моцна пераацэненыя. Лухта, пачуцьці - гэта ўсё што ў нас ёсьць”.

Мысленне - гэта разрыў у быцці, які паступова запаўняецца мовай

Размова з Паўлам Баркоўскім напярэдадні адкрытай лекцыі "Крытыка эмацыйнага розуму"

Павел Баркоўскі: Калісьці напрыканцы  XIX ст. выбітны нямецкі мысляр Фрыдрых Ніцшэ паставіў дыягназ еўрапейскай культуры, сказаўшы, што яна пайшла хібным шляхам, бо цалкам страціла эмоцыі і пачуцці. Тое, пра што ты будзеш казаць у лекцыі, – гэта працяг cказанага Ніцшэ ці нешта адваротнае?

Міхаіл Баярын: Ёсць даўняя барацьба, супрацьстаянне паміж розумам і пачуццямі. Пачуцці авалодваюць розумам, а розум  імкнецца ўзяць пачуцці пад сваю ўладу. Філасофія так ці інакш заўжды іграла на баку розуму. І хаця мэтай заўжды быў пераўзыход пачуццяў, стратэгіі яго дасягенння былі рознымі.

Я буду казаць пра два запаветы пераўзыходу пачуццяў у філасофскай традыцыі свету: аскетычны і містэрыяльны. Першы з іх – гэта запавет пераўзыходжання пачуццяў праз іх зраўнанне. Розум мае стаць вышэй за пачуцці, зраўнаўшы іх. Такім чынам ён падначаліць іх, дасягнуўшы бясстрасця і спакою. Найбольш яскрава гэты запавет выражаны ў старажытна-індыйскай філасофіі йогі.

Другі запавет мае наўвеце трансфармацыю пачуццяў у існасць іншага, вышэйшага парадку алхімічным шляхам эмацыйнай містэрыі. Гэты запавет бярэ пачатак у дыянісійскіх і элеўсінскіх містэрыях. У індыскай традыцыі ён мае пэўны адпаведнік у тантрычных практыках.

Ніцшэ ў гісторыі еўрапейскай філасофіі быў якраз тым, хто ўзнавіў гэты дыянісійскі, містэрыяльны запавет. Ягонае мысленне – гэта свядомы тэатр эмоцый. З аднаго боку, яго філасофія ўпершыню грае на баку пачуццяў. З другога боку, яна ў той жа час грае і супраць пачуццяў - бо мараль, дабро і зло - гэта эмацыйныя катэгорыі.

П.Б Добра, а якая эмоцыя зараз штурхае цябе разбірацца з эмоцыямі?

М.Б Мая эмоцыя ў філасофііі - гэта геданізм, эмоцыя асалоды і шчасця. Філасофскае мысленне прыносіць асалоду, недасяжную іншым чынам. Калі ў музыцы мяне захапляе эмоцыя адвагі, то мысленне і паэзія зыходзіць толькі з перапаўнення, пачуцця збытку, быцця на версе быцця.

П.Б Хацелася б пачуць ад цябе кароткую рэмарку ці вызначэнне таго, што для цябе зараз мысленне – гэта больш Эмоцыя? Рацыо, Логас?

М.Б Шчыра кажучы, я бы не сказаў, што займаюся менавіта мысленнем. Сам гэты механічны працэс розумазаключэнняў для мяне не з’яўляецца ні мэтай, ні каштоўнасцю. Тое, што стаіць перад мысленнем і пасля яго, з чаго яно паўстае і ўва што вынікае, - гэта для мяне сапраўды каштоўна.

Мысленне - гэта разрыў у быцці, які паступова запаўняецца мовай. Я гляджу на ўсім вядомую відавочнасць - напрыклад, на эмоцыі - пакуль у ёй не ўтвараецца разрыў. Ён запаўняецца пытаннямі і адказамі, і ў выніку ўзнікае новае, тое, чаго тут раней не было, ніяк не абумоўленае наваколлем. Эмоцыі безумоўна стаяць перад мысленнем і пасля яго, гэта намер, з якім думаецца кожная думка, робіцца кожны ўчынак, гэта тое, чым яны пасля тлумачацца і разумеюцца.

П.Б Ці можна так казаць, што цябе больш хвалюе прагматыка дзеянняў? Ці нешта іншае?

М.Б Мяне, безумоўна, хвалюе праграматыка, але ў асаблівым мэтафізічным сэнсе. Тэорыя сэнсу, якую я распрацоўваю – актыка -  гэта тэорыя дзеяння. Аднак, тут яно паўстае не ў звыклым сэнсе, як нешта, на што можна "паказаць пальцам". Гэта якраз тое, на што "паказаць пальцам" нельга. Мы звычайна блытаем дзеянне і яго малюнак, рух і ягоную выяву. Эмоцыя, дарэчы, па-лацінску якраз і азначае "вырух" - тое, з чаго ўзнікае рух.

П.Б У еўрапейскай традыцыі так склалася, што, калі мы кажам пра дзеянне, мы звычайна маем на ўвазе нейкі інтэлектуальны план, які яму папярэднічае. То бок за кожным дзеяннем стаіць думка, мысленне, а дзеянне – гэта вынік, плён гэтай думкі: чалавек нешта задумаў – чалавек нешта зрабіў. Ты аспрэчваеш гэтую паслядоўнасць?

М.Б Ёсць два асноўныя гледзішчы на дзеянне. Паводле першага - дзеянне ўтвараецца яго ўдзельнікамі, гэта тое, што ўзнікае паміж, напрыклад, суб'ектам і аб'ектам. Розныя дзеянні такім чынам - гэта проста розная камбінацыя ўдзельнікаў. Паводле другога - якраз дзеянне ўтварае сваіх удзельнікаў, і суб'ект і аб'ект, і ўсе іншыя катэгорыі.

З майго гледзішча, дзеянне - гэта падставовая катэгорыя, за якой нічога не стаіць, толькі разрыў у першаснай паўнаце, які яго спараджае. Дзеянне першаснае і чыстае. Гэта з яго паходзіць усё астатняе. Яно адпачатку не мае ні мэты, ні прычыны, бо прычына і мэта - гэта толькі тое, што яно ўтварае. Гэта рух утварае супрацьлегласці, адкуль і куды. Гэты чысты рух пераўтвараецца далей ува ўсё.

П.Б Але, магчыма, у тваім разуменні дзеянне ўтрымлівае і момант мыслення ці не?

М.Б Мысленне – гэта пэўная лінгвістычная механіка. Перад тым як з’явіцца мысленне, павінна яшчэ з’явіцца мова. Ад з‘яўлення дзеяння да з’яўлення мовы трэба яшчэ прайсці вельмі вялікую адлегласць. І гэтая адлегласць не лінейная – яна шматузроўневая і іерархічная, вельмі складана арганізаваная. Мысленне не перад мовай, а пасля яе. Мова, у прынцыпе, можа ўзнікнуць і без мыслення, а мысленне без мовы ўзнікнуць не можа.

П.Б А калі ўсё ж такі не мысленне, не нейкі інтэлектуальны план, што тады наогул можа спараджаць дзеянне? Ці яно паўстае зусім спантанна і выпадкова?

М.Б У чалавечым свеце  -  адно дзеянне спараджае другое дзеянне. А вось што спараджае першае дзеянне – гэта вялікая загадка мэтафізікі, прычына ўсіх прычын, першы рухавік, пачатак усіх пачаткаў. Нашае мысленне ўлады над ім не мае. Гэта зваротная праекцыя розуму, у яго межах існуюць прычына і наступства - і лінгвістычна нішто не замінае запытацца пра прычыну і наступства розуму.

Мы спрабуем нечым абмежаваным пакрыць бязмежнае. І тут не знаходзім іншай мэтафары за эмоцыю. Мы пытаем: як узнікла ўсё, калі нічога не было? - І адказваем: захацела і ўзнікла. І гэта зусім не выпадкова, што мы размяшчаем пачуцці ў пачатак мэтафізікі і тэалогіі. Што ўнізе, тое і ўверсе. Калі тут усё пачынаецца з эмоцыі, то і там адбываецца тое самае.

Эмацыйны розум мысліць эмацыйна. Старагрэцкія багі - гэта ўвасобленыя пачуцці. На пачатку мэтафізікі Платона ёсць ідэя Дабра. А еўрапейскі хрысціянскі Бог, як вядома, - гэта Любоў, галоўнае пачуццё. Нам жа немагчыма ўявіць сабе неэмацыйнае Дабро, неэмацыйную Любоў.

П.Б Наколькі я разумеў цябе раней, у чалавечым вымярэнні дзеянне так ці інакш павінна суправаджацца, калі не мысленнем, то нейкай базавай эмоцыяй, якая гэтае дзеянне вызначае пэўным чынам…

М.Б Мы практычна не можам знайсці нічога чалавечага, што б не было агорнута эмоцыяй. А калі мы знаходзім такое, то не лічым гэта вышэйшым за эмоцыі. Бо ўласна лічыць вышэйшым - гэта само па сабе эмоцыя.

Мы па-сутнасці стварылі штучнае мысленне, якое падставова не з'яўляецца эмацыйным - гэта працэсар. Але якраз таму, што ён не здольны на эмоцыі, мы лічым яго не вышэйшым, а ніжэйшым за эмацыйны розум. Гэта цяпер фундаментальная задача - як навучыць штучны розум адчуваць эмоцыі і прыгэтым не проста сімуляваць іх. Як стварыць эмацыйны працэсар. То бок, калі мы нарэшце атрымалі цалкам неэмацыйны розум, нібыта пераўзыйшлі пачуцці - ён падаўся нам не вышэйшым, а ніжэйшым за чалавека.

Чалавечы розум - гэта ў прынцыпе эмацыйны розум. Праблема ў тым, што разам з запаветамі пераўзыходу пачуццяў мы ўспадкавалі і знявагу да пачуццяў. Сама па сабе пастаноўка розуму вышэй за пачуцці, пагарда да пачуццяў - гэта эмоцыя. Лічыць адны пачуцці, напрыклад, цвердыя і мужныя лепшымі за іншыя, напрыклад, мяккія і пяшчотныя, абражаць іх розным чынам - гэта ўсяго толькі эмоцыі. Кожная прыстаўка "усяго толькі", "проста" да любога іншага слова - ні што іншае як эмоцыя. Мы лічым, што адны эмоцыі лепшыя за іншыя, але ўсё гэта адбывааецца на адным узроўні.

П.Б А хіба псіхааналітыкі не навучылі нас наадварот – прыслухоўвацца да кожнай сваёй эмоцыі, пеставаць у сабе нейкія свае комплексы, розныя памкненні? Хіба гэта не ёсць зваротам да эмоцыі ў ХХ стагоддзі?

М.Б Я бы не сказаў, што псіхааналіз насамрэч звяртаецца да эмоцый. Шчыра кажучы, я нават не магу зараз прыгадаць нейкую плынь псіхалогіі, якая б насмрэч займалася менавіта эмоцыямі. Не як вынікам пэўных цялесных зменаў, а як падставовай мовай псіхікі. Калі ўявіць псіхіку як тэатр пачуццяў, у выніку можа з'явіцца зусім іншая тэрапія.

У аснове кітайскай мэдыцыны, напрыклад, знаходзіцца канцэпцыя пяці першаэлементаў, якія бясконца спараджаюць і знішчаюць адно аднаго. Кітайскі медык выбудоўвае стратэгію лекавання, маючы на ўвазе правілы гэтай мовы. Гэтаксама можна працаваць і з эмоцыямі, яны гэтаксама спараджаюць іншыя эмоцыі і знішчаюць іх.

П.Б Твой праект апошняга часу, пра які ты ўзгадваў, – актыка, тэорыя дзеянняў – мае сваім развіццём новую тэорыю маўлення – Свамову. Яны маюць на ўвазе таксама выхад на новую спробу сімвалічна- семантычнага апісання свету дзеля выражэння ў тым ліку эмоцыяй, а не толькі нейкіх інтэлектуальных, мысленчых здабыткаў? Ці гэта цалкам не звязаныя для цябе праекты?

М.Б Свамова – гэта не тэорыя маўлення, гэта новы ідэал беларускай мовы,  які мы прапануем беларускай культуры замест мадэрнага ідэалу мовы літаратурнай. Ёсць пэўнае застыванне энергіі ў нашай культуры, мове, мастацтве, палітыцы. У яго аснове - пэўны крызіс нацыяналізму. Перш за ўсё, гэта звязана з тым, што мы пераблыталі нацыяналізм і еўрапеізм, паставіўшы паміж імі знак роўнасці.

Аснову нацыяналізму складае падставовая эмоцыя самастойнасці, суб'ектнасці народу. А ідэалогія еўрапеізму - гэта прыняцце зверхнасці еўрапейскіх стандартаў. Паставіўшы паміж імі знак роўнасці мы губляем суб'ектнасць. Нас пакідае энергія самастойнасці і чакае заўчасная старасць.

Нам зараз перадусім неабходна вялікая ін'екцыя эмоцыі самасці. Свамова - гэта і ёсць эмоцыя самастойнасці ў мове, гэта ідэя чыстай беларускай мовы, якая зыходзіць сама з сябе, будуецца на аснове ўласнай граматыкі, а не на лацінскім стандарце. Гэта, з аднаго боку, кульмінацыя традыцыі беларускага моўнага пурызму, а з другога - яго пераўзыходжанне.

Dec 3, 2015

Замест

Заместа шэрай вуліцы з вакна,
Замест чаканьня сну працягам ночы,
Замест таго ўсяго, што бачаць вочы,
Магло бы быць усё, чаго няма.