Aug 6, 2011

Мы як мора




Tanzwut. Мора

Мы асьлеплі ад зьзяньня
Чароўных ліхтарняў
Абраклі́ сябе хваляў
Залатым каронам

Мы кідаемся зь сьмехам
Ва ўласную розруш
П'яны́я жыцьцём
У выправу гатовы

Ці ты нюхаеш мора
Ці ты слухаеш вецер
Ці сваё чуеш сэрца
Што скакаць пачынае

Мы як у трасцы
На змрочныя скалы
У хвалях лядовых
Зьнікаюць сірэны

Мінаючы іншых
Чоўнаў адломкі
Чуем там тысячаў
Трубаў гучаньне


Ці ты нюхаеш мора
Ці ты слухаеш вецер
Ці сваё чуеш сэрца
Што скакаць пачынае


Мы ёсьць як мора
Як пенная хваля
Што мые пясок
І сьляды выцірае

Мы ёсьць як бура
Як крыкі на ветры
Як вар'ятава сэрца
Што скакаць пачынае



Tanzwut. Meer

Wir wurden geblendet
Von magischen Lichtern
Den goldenen Kronen
Der Wellen geweiht

Wir stürzten uns lachend
Ins eigene Verderben
Vom Leben berauscht
Und zur Abfahrt bereit

Riechst Du die See
Spürst Du den Wind
Fühlst Du Dein Herz
Das zu tanzen beginnt

Wir sind wie das Meer
Wie die schäumende Gischt
Die den Sand überspült
Und die Spuren verwischt

Wir sind wie der Sturm
Wie die Schreie im Wind
Wie das Herz eines Narren
Das zu tanzen beginnt

Wir sind wie im Fieber
Auf schaurigen Riffen
In eisigen Wogen
Sirenen verfallen

Passieren die Wracks
Von den anderen Schiffen
Und hören dort tausend
Posaunen erschallen

Імя-дзея

Ṛgvedaḥ 10-71, bṛhasptiḥ āṅgirasaḥ ṛṣiḥ, jñānaṃ devatā.
Р̣ґ-веда 10-71, руш - Бр̣гаспаті А̄н̇ґіраса, боства - Знаньне.

Пане слова, быў першы пачатак мовы, калі імя-дзею рушылі дзейныя,
што было ў іх найлепшае, чыстае, тое, глыбока сукрытае, любоўю яны явілі. |1|
Нібы муку́ сітам чысьцячы, дзе разумныя мыслам мову чынілі,
там знаюць сябры сяброўства, бо шчасны іх знак укладзены ў мову. |2|
Аброкам мовы дарогу яны прайшлі, яе спанайшлі яны ў рушаў праніклай,
яе прынесшы, яны разьдзялілі множна, яе сем слаўцаў разам вітаюць. |3|
Адзін і гледзячы, мову ня ўбачыў, другі слухаючы, яе і ня чуў,
іншаму ж цела яна раскрыла як прыгожа-ўбраная прагная жонка мужу. |4|
Іншага ў сябрыве стала-прысычаным клічуць, нават не пасылаюць яго на спаборы,
бездароўна жыве ён маною, мову пачуўшы бясплённай, бясьцьветнай. |5|
Які аднадумнага сябра пакінуў, у таго няма нават долі ў мове,
такі што слухае, толькі тое і чуе, ня ўведаў ён дабрачыну дарогу. |6|
Зракавітыя, слыхавітыя сябры ў рухах вуму няроўныя сталіся,
адны відныя як азёры ўглыбкі да рота, другія па плечы, іншыя для купаньня. |7|
Калі з сэрцам станчонымі рухамі мыслу сябры бра̄гман̣ы абракаюць разам,
тады аднаго аставілі ведамі, носьбіты ж брагман̣а стоць вырушаюць. |8|
Якія ані ніжэй, ні вышэй ня рушаць, ня бра̄гманы тыя, ня сома-чынцы,
яны мову здабыўшы ганай, чоўнік па кросьне цягаюць бястворныя. |9|
Усе рады сябру сябры, прыйшламу з славай, пераможцу на сходзе,
абаронцам ад ганы, здабыўцам ежы для іх стаецца на спабор іздольны. |10|
Узьвялічыўшы веліч рочаў, сядзіць адзін, песьню другі ў памеры ўпявае,
іншы брагман апавядае веданьне роду, аброку меру вымервае іншы. |11|




bṛ́haspate prathamáṃ vācó ágraṃ yát praírata nāmadhéyaṃ dádhānāḥ |
yád eṣāṃ śréṣṭhaṃ yád ariprám ā́sīt preṇā́ tád eṣāṃ níhitaṃ gúhāvíḥ ||1||
sáktum iva títaünā punánto yátra dhī́rā mánasā vā́cam ákrata |
átrā sákhāyaḥ sakhyā́ni jānate bhadraíṣāṃ lakṣmī́r níhitā́dhi vācí ||2||
yajñéna vācáḥ padavī́yam āyan tā́m ánv avindann ṛ́ṣiṣu práviṣṭām |
tā́m ābhṛ́tyā vy àdadhuḥ purutrā́ tā́ṃ saptá rebhā́ abhí sáṃ navante ||3||
utá tvaḥ páśyan ná dadarśa vā́cam utá tvaḥ śṛṇván ná śṛṇoty enām |
utó tvasmai tanvàṃ ví sasre jāyéva pátya uśatī́ suvā́sāḥ ||4||
utá tvaṃ sakhyé sthirápītam āhur naínaṃ hinvanty ápi vā́jineṣu |
ádhenvā carati māyáyaiṣá vā́caṃ śuśruvā́m̐ aphalā́m apuṣpā́m ||5||
yás tityā́ja sacivídaṃ sákhāyaṃ ná tásya vācy ápi bhāgó asti |
yád īṃ śṛṇóty álakaṃ śṛṇoti nahí pravéda sukṛtásya pánthām ||6||
akṣaṇvántaḥ kárṇavantaḥ sákhāyo manojavéṣv ásamā babhūvuḥ |
ādaghnā́sa upakakṣā́sa u tve hradā́ iva snā́tvā u tve dadṛśre ||7||
hṛdā́ taṣṭéṣu mánaso javéṣu yád brāhmaṇā́ḥ saṃyájante sákhāyaḥ |
átrā́ha tvaṃ ví jahur vedyā́bhir óhabrahmāṇo ví caranty u tve ||8||
imé yé nā́rvā́ṅ ná paráś cáranti ná brāhmaṇā́so ná sutékarāsaḥ |
tá eté vā́cam abhipádya pāpáyā sirī́s tántraṃ tanvate áprajajñayaḥ ||9||
sárve nandanti yaśásā́gatena sabhāsāhéna sákhyā sákhāyaḥ |
kilbiṣaspṛ́t pituṣáṇir hy èṣām áraṃ hitó bhávati vā́jināya ||10||
ṛcā́ṃ tvaḥ póṣam āste pupuṣvā́n gāyatráṃ tvo gāyati śákvarīṣu |
brahmā́ tvo vádati jātavidyā́ṃ yajñásya mā́trāṃ ví mimīta u tvaḥ ||11||


Aug 3, 2011

Паўтарыць бясконцасьць


- ... Сапраўды можна чытаць энэрґію як тэкст? - спытаў я, агаломшаны гэтай ідэяй.
- Так, гэта магчыма! - адказаў ён. - У тваім выпадку гэта ня толькі магчыма, але і ўжо адбываецца з табой.
- Але навошта чытаць энэрґію, як нібы гэта тэкст? - настойвай я, але гэта было рытарычнае пытаньне.
- Гэта пераймайньне з твайго боку, - сказал он. - Калі ты чытаеш тэкст, ты можаш паўтарыць яго даслоўна. Але калі б ты паспрабаваў быць не чытачом бясконцасьці, а гледачом бясконцасьці, аказалася б, што ты ня можаш апісаць убачанае, і ў выніку ты балбатаў бы нязмысьліцу, ня ўмеючы перадаць словамі тое, што назіраў. Гэтаксама, калі б ты паспрабаваў пачуць энэрґію. Гэта, канешне, твая асаблівасьць. У любым выпадку, выбар робіць бясконцасьць. Ваяр-падарожнік проста моўчкі згаджаецца з гэтым выбарам.

Карлос Кастанэда, "Актыўны бок бясконцасьці"

Aug 1, 2011

Руш

Cлова ṛṣi ўтвараецца ад кораня ṛṣ ("рушыць, рухаць, пранікаць, працінаць"). Ад таго самага кораня ўтвараюцца словы ṛṣṭi (дзіда, меч), ṛṣu (полымя), ṛṣva (высокі, вялікі, велічны), ṛṣya (рана, шкода), arṣaṇa (рухлівы, праніклівы). Ад яго ж походзяць беларускія словы "рушыць" і "рухаць". Таму найбольш блізкім перакладам ṛṣi было б слова "руш".

Словам ṛṣi называюцца празорцы (draṣṭṛ) ведаў, паэты (kavi), пачынальнікі ведавай спадчыны. Веды, якія ўвідзелі, знайшлі ў сабе і выявілі рушы называюцца ў ведах мовай (vāc). bṛhaspate prathamaṃ vāco agraṃ yat prairata nāmadheya dadhānāḥ, yad eṣāṃ śreṣṭhaṃ yad aripram āsīt preṇā tad eṣāṃ nihitaṃ guhāviḥ. saktum iva tita-unā punanto yatra dhīrā manasā vācam akrata, atrā sakhāyaḥ sakhyāni jānate bhadraiṣāṃ lakṣmīr nihitādhi vāci. yajñena vācaḥ padavīyam āyan tām anv avindann ṛṣiṣu praviṣṭām, tām ābhṛtyāvy adadhuḥ purutrā tāṃ saptarebhā abhi saṃ navante - "Пане слова, быў першы пачатак мовы, калі імя-дзею рушылі дзейныя, што было ў іх найлепшае, чыстае, тое, глыбока сукрытае, любоўю яны явілі. Нібы муку́ сітам чысьцячы, дзе разумныя мыслам мову чынілі, там знаюць сябры сяброўства, бо шчасны іх знак укладзены ў мову. Аброкам мовы дарогу яны прайшлі, яе спанайшлі яны ў рушаў праніклай, яе прынесшы, яны разьдзялілі множна, яе сем слаўцаў разам вітаюць (Р̣ґ-веда 10.71.1-3).

Рушы - гэта пачатак мовы. Яны былі першымі, хто загаварыў, тымі, хто даў рэчам імёны. Мова раскрывае адзінае трысьветам змыслу, явы і чыну. Змысел утварае неба, здоль слыху, прастору імені. Ява ўтварае зямлю, здоль зроку, прастору вобразу. Паміж імі адбываецца прастора чыну, здоль руху і дотыку. Сьвет да мовы, да зьяўленьня зроку і слыху, імені і вобразу, явы і змыслу, складаўся бы толькі з руху, а істоты такога першасьвету былі бы істамі чыстага руху, рушамі.

Паводле свайго права нашчадкаў мы ўяўляем рушаў людзьмі, як сваіх продкаў, але рушы былі бацькамі і багоў, і асураў. Як уявіць іх чалавеку, які толькі і ўзьнікае ў трысьвеце мовы, несьвядома жыве, бачыць, слухае, дыхае мовай, калі і само бачаньне і ўяўленьне пра чалавека зьяўляецца толькі часткай мовы. Слова a-pauruṣeya (нечалавечы), што традыцыйна ўжываюць да ведаў, трэба разумець і як "да-чалавечы", і ў гэтым сэнсе яно датычыць і рушаў. Няма вобразу і выявы для тых, хто быў да мовы, да выявы і змыслу, у першасьвеце чыстага руху, хто рушыў пачатак мовы. Існыя адразу ў моўным і перадмоўным сьвеце, і ў мове, і па-за мовай, і вакол, і наскрозь трысьвету, рушы, непадуладныя яго абмежаваньням, ісьняць у чацьвертым (turya) стане, навышняй мове (parā vāk). Яны нібы нерухомыя, бо існуюць у мове паўсюль, адразу ўва ўсіх яе многіх месцах (bhūri-sthātra), але адначасова і самыя хуткія, праніклівыя, рушныя істоты, бо бясчасава пранікаюць, працінаюць мову наскрозь. Дарэчнае тут слова sarvaga, што звычайна перакладаюць як "усюдыісны", значыць насамрэч "усюдырушны".

Час і прастора ёсьць час і прастора руху. Усякі рух дачынны нерухомага і таму зьяўляецца рухам па колу. У цэнтры кола ёсьць чароўнае месца нерушы, дзе няма руху, а таму няма ні часу, ні прасторы. Чым далей ад восі, тым скарэйшы рух, тым больш часу і больш адлегласьці. Але з гледзішча восі ўсё кола існуе адразу і адначасова. Таму восевае, непарушнае аказваецца яшчэ і самым хуткім і скорым, імгненна ўседасяжным, а рухлівае, аддаленае ад восі - наадварот аказваецца павольным. Тады наадварот, чым бліжэй да восі сьвету, тым хутчэйшы рух. Неруш, спаўненьне і спыненьне руху супадае зь яго найбольшай хуткасьцю.

"Тыя, хто лічыць, што ўсе ёсьць у руху, лічаць таксама, што бальшыня рэчаў проста рухаецца, а ёсьць таксама нешта, што пранікае ўсё засталае, дзякуючы чаму і ўзьнікае ўсё, што ўзьнікае. Гэта нешта ёсьць таксама і найхуткае: бо яно не магло б пранікаць усё рухомае, каб не было такім тонкім, што яго нішто не затрымлівае, такім хуткім, што яно распараджаецца засталымі рэчамі так, як калі б яны стаялі на месцы" (Плятон. Кратіл).

Імя і вобраз - гэта імя і вобраз чыну, руху адзінага. Чын, рух зьяўляецца змыслам імені, явай вобразу. Увесь трысьвет зьяўляецца траістай выявай руху. Адзін той самы чын адбываецца ў здолях слыху і зроку, утвараючы вернасьць (śrat), тоества (tattva) мовы. Чын у яве, прасторы вобразаў павольны і доўгі. Чын у думцы, прасторы змыслу хуткі і імклівы. Таму тонкая і хуткая здоль слыху ўжыта як прастора імені і змыслу, таго, назоўнага. А павольная і трывалая здоль зроку ўжыта як прастора явы і вобразу, гэтага, называнага. Бо немагчыма гаварыць павольным і грубым пра хуткае і тонкае, можна толькі тонкім і хуткім гаварыць пра павольнае і грубае. Хуткасьць змыслу і розуму перавышае хуткасьць сьвятла і зроку.

Імя і вобраз абмяжоўваюць, схопліваюць рух, выяўляючы яго нібы спыненым, хаця на самай справе ён не спыняецца ніколі. Гэтае запыненьне руху дае магчымасьць бачыць, мовіць, знаць, уладаць, кіраваць. Адным чынам азначаецца іншы чын, і ў выніку зьяўляецца ўява пра трывалую рэч, хаця на самай справе адбываецца толькі адзіны няспынны бязьмежны чын, часткамі якога ёсьць мы ўсе. Даваць імёны (nāmadheya, onomathesis) значыць схопліваць, спыняць рух. Каб магчы схапіць, спыніць, абняць, менаваць рух, трэба быць больш хуткім і рушным за яго, пранікаць яго наскрозь, быць з усіх яго канцоў. Каб быць хутчэйшымі за сам рух, тыя, хто даваў рэчам імёны, мусяць займаць палярнае, восевае, непарушнае становішча. "Сем рушаў" (saptarṣi) - так называецца на санскрыце блізкае да полюсу (dhruva) сузор'е Вялікага Возу (Ursa Major). Магчыма, сем рушаў - тыя сем слаўцаў (saptá rebhā́) што вітаюць Першую Мову. З гледзішча нірукті слова ṛṣi можна было б патлумачыць як складзенае з каранёў (рушыць) і si (абмяжоўваць, зьвязваць). У такім разе ṛṣi значыць таго, хто абмяжоўвае, схопівае, спыняе рух, імае іменем, выабражае вобразам.

kaviṃ purāṇam anuśāsitāraṃ aṇor aṇīyāṃsam anusmared yaḥ, sarvasya dhātāram acintyarūpaṃ ādityavarṇaṃ tamasaḥ parastāt - "Усепразорцу, адвечнага ўладара, за тонкае танчэйшага хто памінацьме, усяго дзяржаўцу, нязмыснага явай, сонцацьветнага, які па-за цемрай," (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 8.9) Слова kavi, якім называеца тут вышні прачалавек, значыць звычайна "паэт, мудрэц, празорца". Гэтае слова Шан̇кара і іншыя настаўнікі тлумачаць як утворанае ад кораня kav (рушыць). kaviṃ - krāntadarśinaṃ - sarvajñaṃ - "Паэта - зорцу руху - усёзнаўцу" (Śaṅkarācārya, Bhagavadgītā-bhāṣya, 8.9) Усюдырушны (sarvaga), ён бачыць усё (sarvadṛk) і таму ўсё знае (sarvajña).

Jul 31, 2011

Наскрозь

Адзінае выяўляецца трысьветам змыслу, явы і чыну. Змысел утварае неба, хуткую і тонкую здоль слыху, абсяг Таго, прастору імені. Ява ўтварае зямлю, трывалую і доўгую здоль зроку, абсяг Гэтага, прастору вобразу. Чын, раскрыты змыслам і явай, утварае абсяг паміж, здоль дотыку і руху, прастору чыну, вецер, што вее скрозь сьветы.

Чын (karman) арэ зямлю явы, кідае ў поле (kṣetra) вобразаў семя (bīja) змыслу, і пад промнямі сонца і кроплямі хмараў з уробленага поля ўзрастае (vipāka) плён (phala). Знаўца поля (kṣetrajña), араты, вяртае плён чыну аброкам (yajña) небу, і здаволены астачай (śiṣṭa), застаецца нязьвязным. Такі чын у коле аброку завецца культурай (saṃskṛti). yajñaśiṣṭāśinaḥ santo mucyante sarvakilbiṣaiḥ - "Праведныя, што зьядаюць астачу аброку, вызваўляюцца ад усіх заганаў" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 3.13).

Чын папярэднічае яве, выяўляецца явай, але нязводны да явы. Ява не зьяўляецца змыслам чыну, але толькі яго вынікам. Змыслам чыну зьяўляецца аброк, што вяртае яву змыслу па кругу дару. Чын ня дзеля плёну чыну, явы, застаецца свабодным ад закону гэтай працяглай і трывалай здолі, адбываючыся наскрозь, неапасродкавана ў празрыстай першасьці свабоды. karmaṇy evādhikāras te mā phaleṣu kadācana, mā karmaphalahetur bhūr mā te saṅgostv akarmaṇi - "Твая ўлада толькі над чынам, ніколі над плёнам чыну, плёнам ня будзь абумоўны, нячынам ня будзь зьвязаны"  (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 2-47).

Чын, які ставіць яву сваім цэлем, стаецца абумоўленым законамі явы і трапляе пад уладу яе даўгіх ланцугоў прычынаў і наступстваў. yajñārthāt karmaṇo'nyatra lokoyaṃ karmabandhanaḥ - "Ад чыну, што не для аброку, сьвет гэты зьвязаны чынам" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 3.9)Пазбыты свайго праўдзівага змыслу, прыняўшы за змысел яго выяву, ён усё больш апасродкуецца, ліючы ваду сваёй сілы на жорны ўласнай няволі.

Чын дзеля плёну чыну, чын не дзеля аброку, вымыкае чыньніка з адзінага скразнога сьвету свабоды. evaṃ pravartitaṃ cakraṃ nānuvartayatīha yaḥ, aghāyur indriyārāmo moghaṃ pārtha sa jīvati - "Хто так закручонага кола кручэньня далей ня доўжыць, зламысны, здаволя здоляў, дарэмна жыве ён, Па̄ртха" (Бгаґавад-Ґі̄та̄, 3-16).

Дзеля таго каб дасягнуць аднаго, трэба зрабіць другое, а для другога трэцяе - такая прычыннасьць абумоўленага явай чыну. Каб апынуцца ў гасподзе, неабходна ўзьняцца па сходах, адчыніць дзьверы. Уява прадказвае доўгі вобразны алгарытм дасягненьня цэлю, тым часам як ён можа быць дасягнуты непасрэдна і адразу. Магчыма адразу апынуцца ля цэлю, бо выява няўладна над тым, што яна выяўляе.

Імя і вобраз зьяўляюцца імем і вобразам чыну. Тое, што доўга і пасьлядоўна ў прасторы явы, імгненна і адначасова ў прасторы змыслу. Чын, вольны ад служэньня яве, вярнуўшы змысел аброку, стаецца скразным і непасрэдным, неабумоўленым прычыннасьцю працягласьці і прасторы. sthūla-svarūpa-sūkṣma-anvaya-arthavattva-saṃyamād bhūta-jayaḥ. tato 'ṇimādi-prādurbhāvaḥ kāya-saṃpat tad-dharma-anabhighātaś ca - "Ад авалоданьня змысьловасьцю сувязі тонкай і грубай явы адбываецца перамога (вялікага) быцьця. Адгэтуль узьнікненьне зьмяншэньня і іншых здольнасьцяў, набыцьцё (ўсякага) цела і непашкоднасьць яго прыроды" (Пат̣аньджалі. Йоґа-сӯтры, 3.44-45)

śraddhayāgniḥ samidhyate śraddhaya huyate haviḥ - "Верай запальваецца агонь, верай абракаецца аброк" (Р̣г-веда 10.151.1). Вера стаіць напачатку мовы, злучаючы прасторы явы і змыслу, прасягаючы ўвесь трысьвет. ahám evá vā́ta iva prá vāmy ārábhamāṇā bhúvanāni víśvā, paró divā́ pará enā́ pṛthivyaítā́vatī mahinā́ sám babhūva - "Я нібы вецер вею, рушачы ўсе сусьветы, больш за неба, больш за зямлю, магутой такая паўстала" (Рг-веда, 10.125.8).

yā niśā sarvabhūtānāṃ tasyāṃ jāgarti saṃyamī - "Што ноч дзеля ўсіх істотаў, у тым самаўладны чуйны" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 2.69). Чын аброку дзеіцца ў ночы явы, чацьвертай (turya) уседасяжнай прасторы веры, аднолькава блізкай да любога часу і месца, цэлі і прычыны. Няма немагчымага веравіту.

Jul 29, 2011

Сэрца

śraddhāvāṃl labhate jñānaṃ - "У якога ёсьць вера, атрымлівае знаньне" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 4.39). Што такое вера? Які змысел веры? Як зьвязаныя вера і знаньне? Якім чынам знаньне вынікае зь веры?


Чалавек як істота зьяўляецца ў выніку раскрыцьця адзінага змыслам і явай, іменем (nāman) і вобразам (rūpa). Чалавек жыве ў сьвеце знаньня, і толькі суадпаведнасьць, тоеснасьць (tattva) явы і змыслу робіць магчымым знаньне. Імя і вобраз - гэта імя і вобраз чыну (karman) адзінага. Чалавек мае пяць здоляў чуваньня (indriya). Тры зь іх утвараюць для чалавека тры сьветы (tri-bhuvanam): неба (svar), зямлю (bhū) і прастору сярод (bhuvas). Слых (śrotra) - найтонкая і найхуткая здоль - ужыта як прастора імені і змыслу, неба, прастора Таго. Здоль зроку (cakṣus) - доўгая і трывалая - ужыта як прастора явы і вобразу, зямля, апора Гэтага. Паміж імі адбываецца і яднае іх прастора руху і чыну, здоль дотыку (sparśa) і ветру (vāyu). Імя - чын у прасторы слыху, вобраз - чын у прасторы зроку. Пяць здоляў - гэта пяць выяваў (vyakti) адзінага вялікага быту (mahābhūta). 

Ісьненьне ў адной прасторы зводзіцца да простай рэакцыі на імпульсы без усякай магчымасьці знаць пра сябе, сваё існаваньне і чын, раджэньне і сьмерць, без магчымасьці зьмяніць сваю долю. Для істоты, пазбытай суадпаведнасьці змыслу і явы, любая разнастайнасьць прастораў будзе збытнай, няўведнай і няіснай, роўнай той самай адной прасторы. І толькі падзел на змысел і яву, імя і вобраз робіць магчымым знаньне і сама-змысьленьне, сьвядомасьць. І хаця змысел і ява ня тоесны вобразу і імені, хаця здолі слыху і зроку ўжываюцца як прасторы змыслу і явы, чалавечыя слых і зрок могуць узьнікнуць толькі разам і як вынік узьнікненьня явы і змыслу. Што робіць неба сінім і бязьмежным, траву зялёнай, а дрэва высокім у нашых вачах? Чаму зямля ўнізе, а неба ўверсе? Чаму мы бачым такім тое, што бачым? Бо сьвет як прастора явы і ўсякая асобная ява абавязкова зьяўляецца выявай змыслу. Змысел і ява ўтвараюць слых і зрок як прасторы сваёй праявы. Разрозьненьне змыслу і імені, вобразу і явы другаснае ў чалавеку, а першапачатковае неразрозьненьне цалкам апраўднае.

Знаньне можа быць толькі знаньнем ісьціны (sattva), таго, як насамрэч ёсьць. Бяз знаньня быцьцё нібы роўнае нябыту. Знаньне ісьціны, вернага немагчымае без раскрыцьця аднаго існага ў дзьвю прасторах - таго і гэтага, азначальнага і азначанага, назоўнага і называнага, змыслу і явы і іх суадпаведнасьці, судачыннасьці, тоества. "Гэта ёсьць тое", тое змысел гэтай явы, тое імя гэтага вобразу - гэтае падставовае двойства і лучнасьць явы і змыслу завецца тоествам (tattva). Тое, што лучыць гэтыя дзьве прасторы, цьвердзіць іх абавязковую (nitya) адпачатковую лучнасьць (sambandha) - папярэднічае і знаньню, і ісьціне, і чалавеку як істоце знаньня. Змысел абавязкова зьяўляецца змыслам явы, а ява абавязкова зьяўляецца явай змыслу, яны ўзьнікаюць і існуюць адначасова, аднаго няма без другога. Тоества мае наўвеце ня проста сувязь таго ці іншага імені і вобразу, але суцэльную першапачатковую вернасьць, ісьціннасьць прасторы явы і прасторы змыслу як перадумовы ўсякага знаньня.

Дзіця спазнае сьвет, зыходзячы з адной гэтай пэўнасьці (pratyaya) ў тоестве змыслу і явы. Яно знае, нічога яшчэ ня знаючы, але давяраючы, што знаньне магчымае ў прынцыпе, што пытаньні маюць адказы, і гэтая прастора даверу пакрысе запаўняецца знаньнем. Вера мове, прыняцьце тоества змыслу і явы, давер да мовы неабходная як перадумова спазнаньня і вучэньня. Сумнеў можа ўзьнікнуць толькі пасьля веры і ніколі перад ёй, бо сумнеў гэта сумнеў у вернасьці. Вера (śrat) робіць магчымым знаньне, ісьціну і чалавека. śraddhāvāṃl labhate jñānaṃ - "Які мае веру, атрымлівае знаньне".  (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 4.39). Зь веры насамрэч вынікае знаньне.

Слова śraddhā (вера) складаецца з слова śrat (ці śrad) і кораня dhā (ставіць, класьці, усталёўваць). śrat ужываецца як прыстаўка і зь іншымі каранямі - kṛ (рабіць) і (даваць). Слова śrat можа паходзіць ад кораня śrathазьнявольвацца, дападаць, пакладацца, далучацца, зьвязвацца), а ў прычынным змысьле значыць "старацца, намагацца, радавацца, зьвязваць". Або, магчыма, ад незасьведчанага кораня śrad. śrath перагукаецца з śri (льнуць, дападаць, апірацца), śru (слухаць, чуць) і śrambh (давяраць). Ад слова śrat паходзяць бел. "сярод, сярэдні, сэрца", "сердаваць, сярчаць", рас. "среди, сердце, усердствовать, сердиться", лац. "cor, cordis" (сэрца), "credo" (верыць), грэц. "καρδία" (сэрца), анг. "heart" (сэрца). śraddhā такім чынам значыць засяроджаньне, усталяваньне сярэдзіны, сэрца, цэнтру, сувязь, злучэньне, дападаньне адно да аднаго.

Цяпер звыкліся ўяўляць сэрца як руха́вы кавалак мяса ўнутры цела, а веру як бяздумнае прыняцьце за праўду неправераных зьвестак. Але калі адмовіцца ад ілюзіі зрокавай выявы як аб'ектыўнай рэальнасьці і зразумець яе як тое, чым яна і зьяўляецца - выявай, зрокавым выказам змыслу, то што тады будзе сэрцам, сяродкам, цэнтрам істоты і сьвету? У чым змысел сэрца? Што яно чыніць? Сярэдзіна, сэрца яднае істоту як сяродак кола яднае сьпіцы і вобад у кола. Сэрца робіць часткі цэлым целам. Бяз сэрца істота памірае, і сабраныя ў яе складнікі распадаюцца. Таму істота цалкам можа быць зьведзеная да свайго сэрца, месьціва душы, крыніцы жыцьця і руху. Чалавек як істота жыве ў сьвеце мовы і знаньня, і калі распадаецца знаньне і мова, ён перастае быць чалавекам. Чалавечы сьвет - гэта ўпарадкаваная цэласьць явы і змыслу. Таму тое, што зьбірае і злучае ўсе явы і змыслы ў цэласьць мовы і цэласьць сьвету, зьяўляецца сэрцам мовы і чалавека. Верай завецца гэты цэльны, жывільны чын сэрца, тая абавязковая сувязь імені і вобразу, змыслу і явы, што робіць саму мову магчымай.

Ёсьць першасная суадпаведнасьць, пачатковае тоества сэрца сьвету і сэрца істоты, вялікага і маленькага чалавекаў. Празь сярэдзіну гэтых двух колаў праходзіць вось сусьвету, злучаючы іх у вялікі воз. Зрух, перамяшчэньне цэнтру малога кола адпаведна зьмяняе яго судачыненьне зь вялікім колам. Гарызантальная адлегласьць паміж двума цэнтрамі адсутнічае, таму перанос цэнтру азначае падарожжа па прасторы ўсемагчымасьці. Вера, змысьленая як чын сэрца, як магута зрабіць пэўны змысел цэнтрам істоты, зьмясьціць істу ў сваё сэрца, выбірае дарогу і вызначае сьвет. śraddhāmayoyaṃ puruṣo yo yacchraddhaḥ sa eva saḥ - "Чалавек гэты цалкам зроблены зь веры, якая яго вера, такі і ён сам" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 17.3).

Папярэднічаючы знаньню, вера вызначае існасьць і няіснасьць. aśraddhayā hutaṃ dattaṃ tapas taptaṃ kṛtaṃ ca yat, asad ity ucyate pārtha na ca tat prepya no iha - "Што абракаюць, жарбуюць, дораць ці чыняць бязь веры, няісным, Па̄ртха, завецца, бо ні тут, ні пасьля не існу́е."  (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 17.28). Зьнявера, сумнеў (saṃśaya) ірве абавязковую сувязь тоества, якое перадумоўлівае самы чалавечы сьвет. Разбураючы веру, сумнеў насамрэч разбурае самога чалавека, спляжваючы яго стоцевы траісты сьвет у аднамерную рэактыўную прастору. Сьцьверджаньне неабавязковасьці, адвольнасьці і ўмоўнасьці сувязі явы і змыслу, імені і вобразу хаця і мае разумовае апраўданьне, насамрэч супярэчыць розуму як суадпаведнай прасторы змыслу, выдаляючы самую яго сярэдзіну. ajñaścāśraddadhānaśca saṃśayātmā vinaśyati, nāyaṃ loko'sti na paro na sukhaṃ saṃśayātmanaḥ - "Які знаньня ня мае і веры, той самасумнеўны гіне, ні гэты сьвет, ані вышні, ні шчасьце для самасумнеўных" (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 4.40).

sa prāṇam asṛjata, prāṇāc chraddhāṃ khaṃ vāyur jyotir āpaḥ pṛthivīndriyaṃ mano 'nnam, annād vīryaṃ tapo mantrāḥ karma lokā, lokeṣu nāma ca - "Ён спарадзіў дых, з дыху ўзьнікла вера, прастор, вецер, сьвятло, воды, зямля, здоль, мысел, ежа, зь ежы - семя, жарба́, мантры, чын, сьветы, і ў сьветах імя (Праш́на-упанішад 6-4). Слова prāṇa значыць прад-рух, пачатак руху, і адначасова пра-рух, рух наперад. Зь першаруху, дыху спачатку зьяўляецца вера. Вера становіць яву і ў явы зьяўляецца імя. Нездарма іншае слова, якім называецца вера (viśvāsa) значыць літаральна "выдых".

máyā só ánnam atti yó vipáśyati yáḥ prā́ṇiti yá īṃ śṛṇóty uktám, amantávo mā́ṃ tá úpa kṣiyanti śrudhí śruta śraddhiváṃ te vadāmi - "Мной ежу той есьць, які бачыць, які дыхае, слухае сказ які, несьвядома жывуць ува мне яны, слухай, слушны, верна кажу я"  (Р̣г-веда 10.125.4). Чалавек жыве і чыніць у мове, на зямлі явы, пад небам змыслу. Верай пачынаецца праява мовы, вера паўсюдна расчынена ў мове. Вера мове ёсьць крыніцай знаньня.

Jul 21, 2011

Багавітава Песьня, шосты ўзыход


Шосты ўзыход

Сьвяты Бог прамовіў:
Незалежны ад плёну чыну належны чын які чыніць,
той адрочнік, і той йоґі́н, не бязвогневы, не безабрадны. |1|
Што называюць адрокам, тое йоґай ведай, сын Пан̣д̣у,
бо без адроку намераў йоґі́н не бывае ніякі. |2|
Які моўкнік да йоґі ўзыходзіць, для таго чын завецца дзейсным,
для таго, хто ўзьняўся да йоґі, спакой называецца дзейсным. |3|
Калі ні да цэляў здоляў, ні да чынаў не дападае
адрочнік усіх намераў, тады ўзьнятым да йоґі завецца. |4|
Хай уздыме сябе сабой, хай сам сябе не апускае,
бо толькі сам сабе сябра, і толькі сам сабе вораг. |5|
Сябра сам сабе для таго, кім адолены сам сабою,
у варожасьці да не-сябе сам сабе будзе як вораг. |6|
З супакоеным, самаадольным навышні сам супадае
у холадзе, сьпёцы, пакутах, уцехах, павазе, зьнявазе. |7|
Спатолены знаньнем, вызнаньнем, канцавосны, адолеўшы здолі,
йоґін едным завецца аднакі да жвіру, золата, гліны. |8|
Сябраў, любых, варожых, староньніх, пасярэдніх, агідных, родных,
злых і добрых пераўзыходзіць той, розум якога аднакі. |9|
Йоґі́н хай яднае няспынна сябе ў таямніцы сталы,
самотны, чуцьцё суняўшы, бесспадзеўны, неназапашны. |10|
Усталіўшы ў чыстым месцы пасад для сябе трывалы,
незанізкі, незавысокі, коўдрай, шкурай, Куш́ай пакрыты, |11|
аднацэльным мысел зрабіўшы, чын чуцьця і здоляў суняўшы,
на пасадзе сеўшы, яднацьме йоґу для самачышчэньня. |12|
Роўна цела, сьпі́ну і шыю хай нярушна трымае трывалы,
узерыўшы ў носа вяршыню, не зьвяртаючы ўвагі навокал. |13|
Хай самаспакойны, бясстрашны, сталы ў волі Роду дасягу,
едны ісьніць, мысел суняўшы, чуцьцём да мяне, вышняй цэлі. |14|
Які так яднае няспынна йоґі́н сябе, мысел суняўшы,
у неруш-вярхоўны спакой, прысутны ўва мне, ўзыходзіць. |15|
Няма йоґі таму, хто замнога есьць ці ня есьць анічога,
звыкламу спаць замнога або чуйнаваць, Ардж́уна. |16|
Для стрыманага ў ежы й спачыне, намаганьнямі стрымнага ў чыне, 
для стрымнага ў сьненьні й чуваньні будзе йоґа згубай пакуты. |17|
Калі чуцьце сунятае цалкам у сабе застаецца толькі,
збыты прагі да ўсіх пажадаў тады назаваецца едным. |18|
Як сьвечка ў бязьветры ня рушыць - зраўнаны такім падабенствам
йоґі́н, якім чуцьце сунята, які сябе ў йоґу яднае. |19|
Дзе адпачывае чуцьцё, спынёнае йоґі адданьнем,
дзе сам сабой сябе бачыць і сам сабой сабе рады, |20|
надздалёвае поўнае шчасьце, асяжнае розумам толькі
дзе ўведвае ён, дзе стаўшы больш з тоества не адпадае. |21|
што дасягшы, ня лічыць нічога іншага большым дасягам,
дзе стаўшы, ня ўзрушыцца болей нават вялікай пакутай, |22|
тое ведай злукі пакуты разлукай, йоґай названай;
тую йоґу належыць рашуча яднаць адваротным чуваньнем. |23|
Узьніклых з уявы пажадаў адрокшыся ўсіх без астачы,
здоляў усю грамаду суцэльна мыслам суняўшы, |24|
паволі паволі спыні́цца мае розумам, воляй стрыманым, 
у сабе ўсталяваўшы мысел, ні пра што разважаць ня мае. |25|
Чаму б і куды б не зыходзіў мысел рухавы, нястойкі,
хай яго адусюль адняўшы, да сябе ўва ўладу вяртае. |26|
Йоґі́на, чый мысел спакойны, суцішаны страсьці якога,
які брагманам стаў, бязбрудны, страчае навышняе шчасьце. |27|
Яднаючы гэтак няспынна йоґі́н сябе, вольны ад бруду,
дасягае бязьмежнага шчасьця дотыку брагмана лёгка. |28|
Сябе існым ува ўсіх бытах, і ў сабе самым усе быты
бачыць йоґай самаадзіны, паўсюль аднакавы зрокам. |29|
Які бачыць мяне паўсюдна, і ўсё ўва мне які бачыць, 
я не зьнікаю ў яго, і ён у мяне не зьнікае. |30|
Мяне існым ува ўсіх бытах хто бажае, абраўшы адзінства,
якім чынам не існаваў бы, йоґі́н той ва мне існуе. |31|
Які ўсюды сабе падабенствам як адно тое самае бачыць
пакуту або асалоду, той йоґі́н уважаны навышнім. |32|

Ардж́уна прамовіў:
Тая йоґа, якую ты мовіў як аднакасьць, Мадгу-забойца,
у яе не магу я разгледзець праз рухавасьць трывалай асновы. |33|
Бо мысел рухавы, вірлівы, моцны і крэпкі, Кр̣шн̣а,
яго затрыманьне лічу я бы ветра спыненьне цяжкім. |34|

Сьвяты Бог прамовіў:
Несумнеўна, магутнарукі, цяжкастрымны мысел, рухавы,
але заданьнем, сын Кунті, спыняецца ён і бясстрасьцем. |35|
Для несамастрымнага йоґу я ўважаю цяжкадасяжнай,
але намагар самаўладны дасягнуць яе высілкам здольны. |36|

Ардж́уна прамовіў:
Які зь верай, але бяз стрыму, чый мысел зрушыў ад йоґі,
не дасягшы йоґі зьвяршэньня, якім сьцегам ідзе ён, Кр̣шн̣а? |37|
Ці абедзьве дарогі згубіўшы, бы разьвеянай хмарай ня гіне
безасноўны, магутнарукі, які з сьцегу брагман̣а збочыў? |38|
Гэты сумнеў мой, Кр̣шн̣а, расьцяць без астачы ты маеш,
бо ад цябе ніхто іншы расьцяць той сумнеў ня можа. |39|

Сьвяты Бог прамовіў:
Па̄ртха, ня тут, і ня там для такога ня маецца згубы,
дабрачынец ніякі дрэннай дарогай, сыне, ня рушыць. |40|
Праведных сьветаў дасягшы, там безьліч гадоў пражыўшы,
бацькоў чыстых, багатых у доме родзіцца зрушаны зь йоґі. |41|
Або нават у йоґінаў родзе духовых ён узьнікае,
але вельмі рэдка дасяжна ў сьвеце такое раджэньне. |42|
Там ён ад мінулага цела тую розуму повязь прымае,
і ўзмацняе сваё намаганьне да зьвяршэньня, Куру нашчадак. |43|
Да ранейшых сваіх стараньняў ён вяртаецца нават міжволі,
знаць йоґу жадаючы проста, слова-брагман пераўзыходзіць. |44|
Імкнучы намагарна да йоґі, йоґі́н, ачышчоны ад бруду,
дасягшы па многіх раджэньнях, рушыць дарогай вышэйшай. |45|
Ад жарбітаў йоґін вялікшы, яго лічаць вялікшым ад знаўцаў,
ад чыньнікаў йоґін вялікшы, таму, Ардж́уна, станься йоґі́нам. |46|
Але з усіх чыста йоґі́наў хто сабою адданы мне цалкам,
мне зь верай сябе прысьвячае, той для мяне самы едны. |47|

ОМ ТАТ САТ
такі ў сьвятых Песьнях Бога, велічных упанішадах, брагма-ведзе, йоґа-наставе, у сумове сьвятога Кр̣шн̣ы і Ардж́уны шосты ўзыход на імя "Йоґа самаўладаньня".

Пераклаў з санскрыту Міхась Баярын.