Aug 1, 2011

Руш

Cлова ṛṣi ўтвараецца ад кораня ṛṣ ("рушыць, рухаць, пранікаць, працінаць"). Ад таго самага кораня ўтвараюцца словы ṛṣṭi (дзіда, меч), ṛṣu (полымя), ṛṣva (высокі, вялікі, велічны), ṛṣya (рана, шкода), arṣaṇa (рухлівы, праніклівы). Ад яго ж походзяць беларускія словы "рушыць" і "рухаць". Таму найбольш блізкім перакладам ṛṣi было б слова "руш".

Словам ṛṣi называюцца празорцы (draṣṭṛ) ведаў, паэты (kavi), пачынальнікі ведавай спадчыны. Веды, якія ўвідзелі, знайшлі ў сабе і выявілі рушы называюцца ў ведах мовай (vāc). bṛhaspate prathamaṃ vāco agraṃ yat prairata nāmadheya dadhānāḥ, yad eṣāṃ śreṣṭhaṃ yad aripram āsīt preṇā tad eṣāṃ nihitaṃ guhāviḥ. saktum iva tita-unā punanto yatra dhīrā manasā vācam akrata, atrā sakhāyaḥ sakhyāni jānate bhadraiṣāṃ lakṣmīr nihitādhi vāci. yajñena vācaḥ padavīyam āyan tām anv avindann ṛṣiṣu praviṣṭām, tām ābhṛtyāvy adadhuḥ purutrā tāṃ saptarebhā abhi saṃ navante - "Пане слова, быў першы пачатак мовы, калі імя-дзею рушылі дзейныя, што было ў іх найлепшае, чыстае, тое, глыбока сукрытае, любоўю яны явілі. Нібы муку́ сітам чысьцячы, дзе разумныя мыслам мову чынілі, там знаюць сябры сяброўства, бо шчасны іх знак укладзены ў мову. Аброкам мовы дарогу яны прайшлі, яе спанайшлі яны ў рушаў праніклай, яе прынесшы, яны разьдзялілі множна, яе сем слаўцаў разам вітаюць (Р̣ґ-веда 10.71.1-3).

Рушы - гэта пачатак мовы. Яны былі першымі, хто загаварыў, тымі, хто даў рэчам імёны. Мова раскрывае адзінае трысьветам змыслу, явы і чыну. Змысел утварае неба, здоль слыху, прастору імені. Ява ўтварае зямлю, здоль зроку, прастору вобразу. Паміж імі адбываецца прастора чыну, здоль руху і дотыку. Сьвет да мовы, да зьяўленьня зроку і слыху, імені і вобразу, явы і змыслу, складаўся бы толькі з руху, а істоты такога першасьвету былі бы істамі чыстага руху, рушамі.

Паводле свайго права нашчадкаў мы ўяўляем рушаў людзьмі, як сваіх продкаў, але рушы былі бацькамі і багоў, і асураў. Як уявіць іх чалавеку, які толькі і ўзьнікае ў трысьвеце мовы, несьвядома жыве, бачыць, слухае, дыхае мовай, калі і само бачаньне і ўяўленьне пра чалавека зьяўляецца толькі часткай мовы. Слова a-pauruṣeya (нечалавечы), што традыцыйна ўжываюць да ведаў, трэба разумець і як "да-чалавечы", і ў гэтым сэнсе яно датычыць і рушаў. Няма вобразу і выявы для тых, хто быў да мовы, да выявы і змыслу, у першасьвеце чыстага руху, хто рушыў пачатак мовы. Існыя адразу ў моўным і перадмоўным сьвеце, і ў мове, і па-за мовай, і вакол, і наскрозь трысьвету, рушы, непадуладныя яго абмежаваньням, ісьняць у чацьвертым (turya) стане, навышняй мове (parā vāk). Яны нібы нерухомыя, бо існуюць у мове паўсюль, адразу ўва ўсіх яе многіх месцах (bhūri-sthātra), але адначасова і самыя хуткія, праніклівыя, рушныя істоты, бо бясчасава пранікаюць, працінаюць мову наскрозь. Дарэчнае тут слова sarvaga, што звычайна перакладаюць як "усюдыісны", значыць насамрэч "усюдырушны".

Час і прастора ёсьць час і прастора руху. Усякі рух дачынны нерухомага і таму зьяўляецца рухам па колу. У цэнтры кола ёсьць чароўнае месца нерушы, дзе няма руху, а таму няма ні часу, ні прасторы. Чым далей ад восі, тым скарэйшы рух, тым больш часу і больш адлегласьці. Але з гледзішча восі ўсё кола існуе адразу і адначасова. Таму восевае, непарушнае аказваецца яшчэ і самым хуткім і скорым, імгненна ўседасяжным, а рухлівае, аддаленае ад восі - наадварот аказваецца павольным. Тады наадварот, чым бліжэй да восі сьвету, тым хутчэйшы рух. Неруш, спаўненьне і спыненьне руху супадае зь яго найбольшай хуткасьцю.

"Тыя, хто лічыць, што ўсе ёсьць у руху, лічаць таксама, што бальшыня рэчаў проста рухаецца, а ёсьць таксама нешта, што пранікае ўсё засталае, дзякуючы чаму і ўзьнікае ўсё, што ўзьнікае. Гэта нешта ёсьць таксама і найхуткае: бо яно не магло б пранікаць усё рухомае, каб не было такім тонкім, што яго нішто не затрымлівае, такім хуткім, што яно распараджаецца засталымі рэчамі так, як калі б яны стаялі на месцы" (Плятон. Кратіл).

Імя і вобраз - гэта імя і вобраз чыну, руху адзінага. Чын, рух зьяўляецца змыслам імені, явай вобразу. Увесь трысьвет зьяўляецца траістай выявай руху. Адзін той самы чын адбываецца ў здолях слыху і зроку, утвараючы вернасьць (śrat), тоества (tattva) мовы. Чын у яве, прасторы вобразаў павольны і доўгі. Чын у думцы, прасторы змыслу хуткі і імклівы. Таму тонкая і хуткая здоль слыху ўжыта як прастора імені і змыслу, таго, назоўнага. А павольная і трывалая здоль зроку ўжыта як прастора явы і вобразу, гэтага, называнага. Бо немагчыма гаварыць павольным і грубым пра хуткае і тонкае, можна толькі тонкім і хуткім гаварыць пра павольнае і грубае. Хуткасьць змыслу і розуму перавышае хуткасьць сьвятла і зроку.

Імя і вобраз абмяжоўваюць, схопліваюць рух, выяўляючы яго нібы спыненым, хаця на самай справе ён не спыняецца ніколі. Гэтае запыненьне руху дае магчымасьць бачыць, мовіць, знаць, уладаць, кіраваць. Адным чынам азначаецца іншы чын, і ў выніку зьяўляецца ўява пра трывалую рэч, хаця на самай справе адбываецца толькі адзіны няспынны бязьмежны чын, часткамі якога ёсьць мы ўсе. Даваць імёны (nāmadheya, onomathesis) значыць схопліваць, спыняць рух. Каб магчы схапіць, спыніць, абняць, менаваць рух, трэба быць больш хуткім і рушным за яго, пранікаць яго наскрозь, быць з усіх яго канцоў. Каб быць хутчэйшымі за сам рух, тыя, хто даваў рэчам імёны, мусяць займаць палярнае, восевае, непарушнае становішча. "Сем рушаў" (saptarṣi) - так называецца на санскрыце блізкае да полюсу (dhruva) сузор'е Вялікага Возу (Ursa Major). Магчыма, сем рушаў - тыя сем слаўцаў (saptá rebhā́) што вітаюць Першую Мову. З гледзішча нірукті слова ṛṣi можна было б патлумачыць як складзенае з каранёў (рушыць) і si (абмяжоўваць, зьвязваць). У такім разе ṛṣi значыць таго, хто абмяжоўвае, схопівае, спыняе рух, імае іменем, выабражае вобразам.

kaviṃ purāṇam anuśāsitāraṃ aṇor aṇīyāṃsam anusmared yaḥ, sarvasya dhātāram acintyarūpaṃ ādityavarṇaṃ tamasaḥ parastāt - "Усепразорцу, адвечнага ўладара, за тонкае танчэйшага хто памінацьме, усяго дзяржаўцу, нязмыснага явай, сонцацьветнага, які па-за цемрай," (Бгаґавад-Ґі̄та̄ 8.9) Слова kavi, якім называеца тут вышні прачалавек, значыць звычайна "паэт, мудрэц, празорца". Гэтае слова Шан̇кара і іншыя настаўнікі тлумачаць як утворанае ад кораня kav (рушыць). kaviṃ - krāntadarśinaṃ - sarvajñaṃ - "Паэта - зорцу руху - усёзнаўцу" (Śaṅkarācārya, Bhagavadgītā-bhāṣya, 8.9) Усюдырушны (sarvaga), ён бачыць усё (sarvadṛk) і таму ўсё знае (sarvajña).

No comments:

Post a Comment