Dec 4, 2015

Мысленне - гэта разрыў у быцці, які паступова запаўняецца мовай

Размова з Паўлам Баркоўскім напярэдадні адкрытай лекцыі "Крытыка эмацыйнага розуму"

Павел Баркоўскі: Калісьці напрыканцы  XIX ст. выбітны нямецкі мысляр Фрыдрых Ніцшэ паставіў дыягназ еўрапейскай культуры, сказаўшы, што яна пайшла хібным шляхам, бо цалкам страціла эмоцыі і пачуцці. Тое, пра што ты будзеш казаць у лекцыі, – гэта працяг cказанага Ніцшэ ці нешта адваротнае?

Міхаіл Баярын: Ёсць даўняя барацьба, супрацьстаянне паміж розумам і пачуццямі. Пачуцці авалодваюць розумам, а розум  імкнецца ўзяць пачуцці пад сваю ўладу. Філасофія так ці інакш заўжды іграла на баку розуму. І хаця мэтай заўжды быў пераўзыход пачуццяў, стратэгіі яго дасягенння былі рознымі.

Я буду казаць пра два запаветы пераўзыходу пачуццяў у філасофскай традыцыі свету: аскетычны і містэрыяльны. Першы з іх – гэта запавет пераўзыходжання пачуццяў праз іх зраўнанне. Розум мае стаць вышэй за пачуцці, зраўнаўшы іх. Такім чынам ён падначаліць іх, дасягнуўшы бясстрасця і спакою. Найбольш яскрава гэты запавет выражаны ў старажытна-індыйскай філасофіі йогі.

Другі запавет мае наўвеце трансфармацыю пачуццяў у існасць іншага, вышэйшага парадку алхімічным шляхам эмацыйнай містэрыі. Гэты запавет бярэ пачатак у дыянісійскіх і элеўсінскіх містэрыях. У індыскай традыцыі ён мае пэўны адпаведнік у тантрычных практыках.

Ніцшэ ў гісторыі еўрапейскай філасофіі быў якраз тым, хто ўзнавіў гэты дыянісійскі, містэрыяльны запавет. Ягонае мысленне – гэта свядомы тэатр эмоцый. З аднаго боку, яго філасофія ўпершыню грае на баку пачуццяў. З другога боку, яна ў той жа час грае і супраць пачуццяў - бо мараль, дабро і зло - гэта эмацыйныя катэгорыі.

П.Б Добра, а якая эмоцыя зараз штурхае цябе разбірацца з эмоцыямі?

М.Б Мая эмоцыя ў філасофііі - гэта геданізм, эмоцыя асалоды і шчасця. Філасофскае мысленне прыносіць асалоду, недасяжную іншым чынам. Калі ў музыцы мяне захапляе эмоцыя адвагі, то мысленне і паэзія зыходзіць толькі з перапаўнення, пачуцця збытку, быцця на версе быцця.

П.Б Хацелася б пачуць ад цябе кароткую рэмарку ці вызначэнне таго, што для цябе зараз мысленне – гэта больш Эмоцыя? Рацыо, Логас?

М.Б Шчыра кажучы, я бы не сказаў, што займаюся менавіта мысленнем. Сам гэты механічны працэс розумазаключэнняў для мяне не з’яўляецца ні мэтай, ні каштоўнасцю. Тое, што стаіць перад мысленнем і пасля яго, з чаго яно паўстае і ўва што вынікае, - гэта для мяне сапраўды каштоўна.

Мысленне - гэта разрыў у быцці, які паступова запаўняецца мовай. Я гляджу на ўсім вядомую відавочнасць - напрыклад, на эмоцыі - пакуль у ёй не ўтвараецца разрыў. Ён запаўняецца пытаннямі і адказамі, і ў выніку ўзнікае новае, тое, чаго тут раней не было, ніяк не абумоўленае наваколлем. Эмоцыі безумоўна стаяць перад мысленнем і пасля яго, гэта намер, з якім думаецца кожная думка, робіцца кожны ўчынак, гэта тое, чым яны пасля тлумачацца і разумеюцца.

П.Б Ці можна так казаць, што цябе больш хвалюе прагматыка дзеянняў? Ці нешта іншае?

М.Б Мяне, безумоўна, хвалюе праграматыка, але ў асаблівым мэтафізічным сэнсе. Тэорыя сэнсу, якую я распрацоўваю – актыка -  гэта тэорыя дзеяння. Аднак, тут яно паўстае не ў звыклым сэнсе, як нешта, на што можна "паказаць пальцам". Гэта якраз тое, на што "паказаць пальцам" нельга. Мы звычайна блытаем дзеянне і яго малюнак, рух і ягоную выяву. Эмоцыя, дарэчы, па-лацінску якраз і азначае "вырух" - тое, з чаго ўзнікае рух.

П.Б У еўрапейскай традыцыі так склалася, што, калі мы кажам пра дзеянне, мы звычайна маем на ўвазе нейкі інтэлектуальны план, які яму папярэднічае. То бок за кожным дзеяннем стаіць думка, мысленне, а дзеянне – гэта вынік, плён гэтай думкі: чалавек нешта задумаў – чалавек нешта зрабіў. Ты аспрэчваеш гэтую паслядоўнасць?

М.Б Ёсць два асноўныя гледзішчы на дзеянне. Паводле першага - дзеянне ўтвараецца яго ўдзельнікамі, гэта тое, што ўзнікае паміж, напрыклад, суб'ектам і аб'ектам. Розныя дзеянні такім чынам - гэта проста розная камбінацыя ўдзельнікаў. Паводле другога - якраз дзеянне ўтварае сваіх удзельнікаў, і суб'ект і аб'ект, і ўсе іншыя катэгорыі.

З майго гледзішча, дзеянне - гэта падставовая катэгорыя, за якой нічога не стаіць, толькі разрыў у першаснай паўнаце, які яго спараджае. Дзеянне першаснае і чыстае. Гэта з яго паходзіць усё астатняе. Яно адпачатку не мае ні мэты, ні прычыны, бо прычына і мэта - гэта толькі тое, што яно ўтварае. Гэта рух утварае супрацьлегласці, адкуль і куды. Гэты чысты рух пераўтвараецца далей ува ўсё.

П.Б Але, магчыма, у тваім разуменні дзеянне ўтрымлівае і момант мыслення ці не?

М.Б Мысленне – гэта пэўная лінгвістычная механіка. Перад тым як з’явіцца мысленне, павінна яшчэ з’явіцца мова. Ад з‘яўлення дзеяння да з’яўлення мовы трэба яшчэ прайсці вельмі вялікую адлегласць. І гэтая адлегласць не лінейная – яна шматузроўневая і іерархічная, вельмі складана арганізаваная. Мысленне не перад мовай, а пасля яе. Мова, у прынцыпе, можа ўзнікнуць і без мыслення, а мысленне без мовы ўзнікнуць не можа.

П.Б А калі ўсё ж такі не мысленне, не нейкі інтэлектуальны план, што тады наогул можа спараджаць дзеянне? Ці яно паўстае зусім спантанна і выпадкова?

М.Б У чалавечым свеце  -  адно дзеянне спараджае другое дзеянне. А вось што спараджае першае дзеянне – гэта вялікая загадка мэтафізікі, прычына ўсіх прычын, першы рухавік, пачатак усіх пачаткаў. Нашае мысленне ўлады над ім не мае. Гэта зваротная праекцыя розуму, у яго межах існуюць прычына і наступства - і лінгвістычна нішто не замінае запытацца пра прычыну і наступства розуму.

Мы спрабуем нечым абмежаваным пакрыць бязмежнае. І тут не знаходзім іншай мэтафары за эмоцыю. Мы пытаем: як узнікла ўсё, калі нічога не было? - І адказваем: захацела і ўзнікла. І гэта зусім не выпадкова, што мы размяшчаем пачуцці ў пачатак мэтафізікі і тэалогіі. Што ўнізе, тое і ўверсе. Калі тут усё пачынаецца з эмоцыі, то і там адбываецца тое самае.

Эмацыйны розум мысліць эмацыйна. Старагрэцкія багі - гэта ўвасобленыя пачуцці. На пачатку мэтафізікі Платона ёсць ідэя Дабра. А еўрапейскі хрысціянскі Бог, як вядома, - гэта Любоў, галоўнае пачуццё. Нам жа немагчыма ўявіць сабе неэмацыйнае Дабро, неэмацыйную Любоў.

П.Б Наколькі я разумеў цябе раней, у чалавечым вымярэнні дзеянне так ці інакш павінна суправаджацца, калі не мысленнем, то нейкай базавай эмоцыяй, якая гэтае дзеянне вызначае пэўным чынам…

М.Б Мы практычна не можам знайсці нічога чалавечага, што б не было агорнута эмоцыяй. А калі мы знаходзім такое, то не лічым гэта вышэйшым за эмоцыі. Бо ўласна лічыць вышэйшым - гэта само па сабе эмоцыя.

Мы па-сутнасці стварылі штучнае мысленне, якое падставова не з'яўляецца эмацыйным - гэта працэсар. Але якраз таму, што ён не здольны на эмоцыі, мы лічым яго не вышэйшым, а ніжэйшым за эмацыйны розум. Гэта цяпер фундаментальная задача - як навучыць штучны розум адчуваць эмоцыі і прыгэтым не проста сімуляваць іх. Як стварыць эмацыйны працэсар. То бок, калі мы нарэшце атрымалі цалкам неэмацыйны розум, нібыта пераўзыйшлі пачуцці - ён падаўся нам не вышэйшым, а ніжэйшым за чалавека.

Чалавечы розум - гэта ў прынцыпе эмацыйны розум. Праблема ў тым, што разам з запаветамі пераўзыходу пачуццяў мы ўспадкавалі і знявагу да пачуццяў. Сама па сабе пастаноўка розуму вышэй за пачуцці, пагарда да пачуццяў - гэта эмоцыя. Лічыць адны пачуцці, напрыклад, цвердыя і мужныя лепшымі за іншыя, напрыклад, мяккія і пяшчотныя, абражаць іх розным чынам - гэта ўсяго толькі эмоцыі. Кожная прыстаўка "усяго толькі", "проста" да любога іншага слова - ні што іншае як эмоцыя. Мы лічым, што адны эмоцыі лепшыя за іншыя, але ўсё гэта адбывааецца на адным узроўні.

П.Б А хіба псіхааналітыкі не навучылі нас наадварот – прыслухоўвацца да кожнай сваёй эмоцыі, пеставаць у сабе нейкія свае комплексы, розныя памкненні? Хіба гэта не ёсць зваротам да эмоцыі ў ХХ стагоддзі?

М.Б Я бы не сказаў, што псіхааналіз насамрэч звяртаецца да эмоцый. Шчыра кажучы, я нават не магу зараз прыгадаць нейкую плынь псіхалогіі, якая б насмрэч займалася менавіта эмоцыямі. Не як вынікам пэўных цялесных зменаў, а як падставовай мовай псіхікі. Калі ўявіць псіхіку як тэатр пачуццяў, у выніку можа з'явіцца зусім іншая тэрапія.

У аснове кітайскай мэдыцыны, напрыклад, знаходзіцца канцэпцыя пяці першаэлементаў, якія бясконца спараджаюць і знішчаюць адно аднаго. Кітайскі медык выбудоўвае стратэгію лекавання, маючы на ўвазе правілы гэтай мовы. Гэтаксама можна працаваць і з эмоцыямі, яны гэтаксама спараджаюць іншыя эмоцыі і знішчаюць іх.

П.Б Твой праект апошняга часу, пра які ты ўзгадваў, – актыка, тэорыя дзеянняў – мае сваім развіццём новую тэорыю маўлення – Свамову. Яны маюць на ўвазе таксама выхад на новую спробу сімвалічна- семантычнага апісання свету дзеля выражэння ў тым ліку эмоцыяй, а не толькі нейкіх інтэлектуальных, мысленчых здабыткаў? Ці гэта цалкам не звязаныя для цябе праекты?

М.Б Свамова – гэта не тэорыя маўлення, гэта новы ідэал беларускай мовы,  які мы прапануем беларускай культуры замест мадэрнага ідэалу мовы літаратурнай. Ёсць пэўнае застыванне энергіі ў нашай культуры, мове, мастацтве, палітыцы. У яго аснове - пэўны крызіс нацыяналізму. Перш за ўсё, гэта звязана з тым, што мы пераблыталі нацыяналізм і еўрапеізм, паставіўшы паміж імі знак роўнасці.

Аснову нацыяналізму складае падставовая эмоцыя самастойнасці, суб'ектнасці народу. А ідэалогія еўрапеізму - гэта прыняцце зверхнасці еўрапейскіх стандартаў. Паставіўшы паміж імі знак роўнасці мы губляем суб'ектнасць. Нас пакідае энергія самастойнасці і чакае заўчасная старасць.

Нам зараз перадусім неабходна вялікая ін'екцыя эмоцыі самасці. Свамова - гэта і ёсць эмоцыя самастойнасці ў мове, гэта ідэя чыстай беларускай мовы, якая зыходзіць сама з сябе, будуецца на аснове ўласнай граматыкі, а не на лацінскім стандарце. Гэта, з аднаго боку, кульмінацыя традыцыі беларускага моўнага пурызму, а з другога - яго пераўзыходжанне.

Dec 3, 2015

Замест

Заместа шэрай вуліцы з вакна,
Замест чаканьня сну працягам ночы,
Замест таго ўсяго, што бачаць вочы,
Магло бы быць усё, чаго няма.

Feb 28, 2015

Свой час

Дзея часу проста адкрываецца і закрываецца і гэтым утварае імгненьне. Кожнае новае імгненьне адбываецца ўнутры папярэдняга. Імгненьні складаюць пасьлядоўнасьць, якая расьце ў глыбіню, не губляючы сваёй паверхні.

Дзея часу рухаецца мовай часу. Мова часу зьмяшчае мноства розных часоў, прывязаных да першаснай дзеі часу. Іх імгненьні маюць розную даўжыню і адбіваюць розны бой. Дзеі часу разам утвараюць рэчыва часу. 

Дзея часу б'ецца ў сэрцы грамады дзеяў, мове народу, вялікім чалавеку. Кожнае імгненьне прастора явы зьнікае і наноў ствараецца. Кожнае імгненьне толькі стварае, але стварэньне на месцы іншага нібыта ўтварае зьнікненьне. 

Абнаўленьне прасторы чытае і выконвае намер. Намер - гэта намер зьмены зь нечага ў нешта. Намер, вонкавы да часу, злучае два імгненьні ў адзін рух. Намер у намеры ўтварае прастору руху, што галініцца як дрэва.

Рух, зьмешчаны ў мову руху, паўтараецца сваім выказваньнем і ўтварае круг. Прастора руху падзяляе круг на часткі. Долі прасторы ўтвараюць староны сьвету, усход і захад, поўдзень і поўнач. Кожная старана прасторы змыслова і якасна іншая.

Прастора руху ўтварае вобраз часу. Вобраз часу накладаецца на рэчыва часу і супрацьстаіць яму. Вобраз часу трывае і працягваецца, пакуль зьмяняюцца імгненьні, разьмяшчаючы ў сабе ўсе іншыя намеры.

Вобраз часу таксама ўтварае круг, ён сканчаецца, а затым паўтараецца. Гэта ў вобразе часу існуюць мінулае, цяперашняе і будучыня. Тое, што ўтварае староны сьвету, тут утварае раніцу і вечар, дзень і ноч, вясну і восень, зіму і лета. Вобраз часу сьпярша дзеліцца на вякі і эпохі, і толькі пасьля напаўняецца зьместам.

Як і дзея часу, вобраз часу належыць мове грамады. Рух - гэта намер, таму вобраз часу, каляндар - гэта воля народу. Вобраз часу стаіць паміж рэчывам часу і часткамі грамады, забясьпечваючы чарговасьць і адначаснасьць выкананьня намераў адносна адной прасторы явы.  

Усе іншыя намеры сьпярша ўкладаюцца ў намер вобразу часу, які паступова аддае свае рухі імгненьням. Дзея часу глыбіцца і брыняе напаўненьнем прасторы явы і кожнае імгненьне зьмяшчае ў сабе ўвесь сусьвет.

Самаразгортваньне грамады зьмяшчае ўсю мову гарамады ў кожную яе частку. Такім чынам, кожная яе доля мае сваё сэрца, што ўвесь час б'ецца, нараджаючы імгненьні, і свой вобраз часу, што накладаецца на гэтае рэчыва.

Кожны народ і кожны чалавек мае свой час, сваё рэчыва часу і свой вобраз часу. Кожнае дзеяньне народа і дзеяньне чалавека сьпярша разьмяшчаецца ў яго вобразе часу, і толькі затым спаўняецца.

Агульны вобраз часу становіцца месцам быцьця агульнага дзеяньня. Усе дзеяньні, што былі асобна, тут апынаюцца разам, у адным часе, атрымліваюць сваю чаргу і пасьлядоўнасьць, сваю долю.

Дзеі, укладзеныя ў вобраз часу, затым чытаюцца і ўтвараюць аповед часу, гісторыю. Аповед часу існуе толькі ў сутворы, што ўтвараецца разьмеркавай мовай грамады. Аповед часу зьяўляецца часткай спадчыны, дзе ўсе аповеды часу ўтвараюць аповед аповедаў.

Мова падказвае, што словы "шчасьце" і "час" родныя слову "частка", а частка - гэта частка поўнага. Шчасьце - гэта бачыць спаўненьне свайго намеру, калі воля зьдзяйсьняецца. Шчасьце - гэта быць своечасовым, быць у свой час і мець свой час.

Вобраз свайго часу мае кожны раз узнаўляцца, утвараючы прастору для новых дзеяў. Кожны новы дзень - гэта новы намер дня, і кожны новы год - гэта новы намер году. Тады ў сярэдзіне гэтага круга ўзьнікае стажар часу.

Калі вобраз часу сканчаецца, нехта мае сказаць яго зноў. У мове народу мае быць частка, што зноў і зноў выказвае намер свайго часу, каб у дзеяў было месца быць, каб аповед народу быў аповедам шчасьця. Нацыяналізм - гэта перадусім тая сіла, што нясе адказнасьць за свой час і яго аповед, а не за прыстасаваньне народу да іншых сучаснасьцяў.

Каб стварыць сваю вялікую сутвору, трэба сьпярша знайсьці для яе месца ў сваім часе, бо ў чужым часе для яе ніколі ня будзе месца. Трэба мець адвагу ўкладаць свае дзеі ў свой час, нават калі ў іншых люстэрках яны ня будуць мець ніякіх адлюстраваньняў. І свой вялікі аповед можна стварыць, толькі прачытаўшы яго зь летапісу свайго часу.

Feb 24, 2015

Цела нораву

Мова пачуцьцяў стварае адны пачуцьці ў адказ на другія, зьяўляе адны пачуцьці на месцы іншых. Яны зьяўляюцца перад тварам чуваньня як дар асалоды, які яно адмаўляецца ствараць само наўпрост.

Прыгэтым чуваньне заўсёды захоўвае магчымасьць умяшацца, дадаўшы ў прастору ўтварэньня пачуцьцяў свой рух, зьмяніўшы гэтым хаду аповеду. Тады на тканіну ад-чуваньняў накладаецца ўзор у-чуваньняў.

Насуперак мове адчуваньняў, што складае прыродны крываток цела асалоды, чуваньне стварае сваю ўласную мову ўчуваньняў, робячы свае ўмяшаньні ў прастору пачуцьцяў трывалымі.

Калі ў мове адчуваньняў наступ спараджае адступленьне, і гэта ад'яўляецца ў целе асалоды дарам жаху, то адваротны наступ зьяўляецца як выказваньне мовы ўчуваньняў і ад'яўляецца як вырух сьмеласьці.

Захаваная ў мове ўчуваньняў сьмеласьць ў адказ на выклік мовы пачуцьцяў, складае ўжо звычай сьмеласьці. А ўзятая разам мова звычаяў - рашэньні здушаць гнеў, адмаўляцца ад прыцягальнага, рушыць насустрач страху - складаюць нораў.

Такім чынам вакол цела асалоды пакрысе вырастае яшчэ адна тонкая абалонка, цела нораву, што складаецца з мовы звычаяў. Звычай як рух складаецца з двух крылаў, адчуваньня і ўчуваньня, кожнае зь якіх можа быць цэлым дрэвам пачуцьцяў.

Цела нораву ў мове чалавека ёсьць асобнікам цела нораву ў мове чалавецтва. Нораў народу спускаецца да чалавека як дабро і выяўляецца ў звычаях грамады.

Тое, што ў мове нораву складае адзінае правіла, у прасторы явы чытаецца як разнастайнасьць паводзінаў. Прыгэтым кожны рух паводзінаў перакладаецца адразу і ў мову адчуваньняў, і ў мову звычаяў, і ўспымаецца адразу з абодвух бакоў. 

Зьяўленьне мовы нораваў робіць магчымым суперажываньне. Цяпер кожны дзейнік на вонкавай сцэне бачыцца як звонку, з гледзішча мовы адчуваньняў, так і знутры, з гледзішча мовы нораву. 

Гледзячы на сцэну, чуваньне ўжо ня проста будуе дрэва адчуваньняў, але адначасовы адбудоўвае дрэва нораву кожнага ўдзельніка аповеду. Сам нораў гледача ўтварае яшчэ адны вочы, напрамленыя на сцэну.

І адначасовы з тым, як цела асалоды нарэшце атрымлівае ў дар дрэва адчуваньняў, цела нораву ня стрымліваецца, умешваецца ў хаду аповеду, і расьце новым звычаем.

Хмара

покі хмара ня знае,
чым упадзе на дол,
неба яшчэ гадае,
чым разарве прастор,
тое, чаго ня зьзяе,
зараз ужо маўчыць,
тое, што гукам стане,
зараз ужо дрыжыць

Feb 21, 2015

Рака

па-над белай зямлёй
тонкай чорнай зьмяёй
як ты цячэш, рака,
зараз, калі няма
нават маіх сьлядоў
тых каля берагоў,
дзе над ціхай вадой
мы маўчалі з табой

Feb 16, 2015

Мастацтва

У той час як увага гледача напрамлена наперад, туды, дзе на сцэне перад ім разгортваюцца рухі дзейнікаў, увага стваральніка напрамлена ў адваротны бок, дзе сцэнай для яго ёсьць сама ўвага гледача, а дзейнікамі выступаюць пачуцьці, якія ён у ім выклікае.

Ёсьць строгая адпаведнасьць і адначасовасьць рухаў на гэтых дзьвюх сцэнах: кожнае дзеяньне на вонкавай сцэне адгукаецца пачуцьцем на сцэне нутраной. Але пакуль рухі на вонкавай сцэне зьмяняюць адно аднаго пасьлядоўна, усе пачуцьці на нутраной сцэне трываюць і зьбіраюцца ў адну складаную будову, адваротнае дрэва, што расьце ад галін да кораня.

Хаця чыстых пачуцьцяў нямнога - столькісама, колькі чыстых рухаў у слоўніку мовы прасьветаў, любы выраз чалавечага твару выяўляе сабой такую неверагодную пачуцьцёвую складанасьць, што для апісаньня яе словы гэтага слоўніка вымушаны зьбірацца ў сказы, а сказы ў аповеды. Унутры радасьці можа хавацца гора, а ўнутры яго - дарога ад суму да адчаю.

Пакуль глядач чытае мігі дзейнікаў на вонкавай сцэне і перакладае іх пачуцьці, мова пачуцьцяў аб'ядноўвае адны пачуцьці іншымі, утварае з адных пачуцьцяў новыя, узрошваючы дрэва пачуцьцяў да яго кораня. І калі ён урэшце зьяўляецца як нечаканы дар асалоды, твор набывае сваю цэласьць і адзінства. Але для гэтага ён мусіў спачатку ўжо быць перакладам з дрэва пачуцьцяў у мову мігаў.

Мастацтва змушае перажываць пачуцьці з дапамогай мігаў. Мастацтва робіць адно, а насамрэч робіць другое. Мастацтва зьяўляецца не тады, калі творца стварае твор, а тады, калі ён скіроўвае свой погляд на нутраную сцэну і знаходзіць там дзейнікаў, якімі можа таемна кіраваць, пачуцьці. 

Тэорыя мастацтва ўзьнікае як тэорыя пачуцьцяў (αἴσθησις). Існасьць мастацтва Арыстотэль і Бгарата вызначаюць як выкліканьне пачуцьця (rasa, πάθος) праз перайманьне (anubhava, μίμησις). У такім разе ў мастака ёсьць два галоўныя сродкі - вонкавы і нутраны. Калі вонкавы сродак - гэта веданьне, якімі мігамі выклікаць пачуцьці, то нутраны - гэта веданьне мовы пачуцьцяў, іх слоўніка, правілаў злучэньня ў сказы, а сказаў у дрэва пачуцьцяў. І збольшага раней тэорыя мастацтва была дасьледваньнем толькі вонкавага сродку.

Мова пачуцьцяў - гэта вытвор мовы рухаў. У аснове мовы рухаў знаходзіцца мярэжа прасьветаў, сымбалічная матрыца, што стварае тую бездамоўную мову, на якой людзі дамаўляюцца пра агульныя назвы. Гэта той вялікі стыль, які знаходзіцца ў аснове сутворы і адрозьнівае сабой народы. Таму пачуцьці ў кожанага народу свае і кожны народ варты сваёй уласнай тэорыі мастацтва. 

Мастацтва, што мае ўласную паэтыку, тэорыю мастацтва, - гэта мастацтва вялікага стылю. Яно адрозьніваецца ад мастацтва, што мае чужую паэтыку, таксама як мова, што мае ўласную граматыку, ад мовы, што мае чужую. Стварыць мастацтва вялікага стылю - гэта значыць загаварыць на ўласнай мове пачуцьцяў, перавесьці погляд з вонкавай сцэны на нутраную. 

Мова рухаў - гэта нутраны сродак мастацтва, што дазваляе ствараць дрэвы пачуцьцяў любой складанасьці, згортваць іх у аповеды, а затым разгортваць іх у адваротныя дрэвы. Яна дазваляе стварыць тэорыю мастацтва не вакол сродкаў і спосабаў выражэньня, а вакол той гульні пачуцьцяў, што адбіваецца ў люстэрку нутраной сцэны. Гэта той ключ, што адчыняе дзьверы да маствацтва ліючайся формы.