Feb 14, 2015

Люстра

яшчэ ня зьзяе срэбным пылам
таго люстэрка шкло, ў якім,
складуцца нашых лёсаў рысы,
сабой стварыўшы твар адзін,
дзе верным знакам кожны рух
здабудзе дарам цэль адвечны,
калі, празорыўшы, скранецца
у новым целе новы дух

Feb 7, 2015

Цела асалоды

Аднойчы адчуўшы смак, чуваньне можа ўзнавіць яго, проста ўзгадаўшы, не зьвяратючыся да рэчы, ад якой той сьпярша паўстаў. Таму і першы, і другі смак належаць толькі чуваньню, бо ўтвараюцца зь яго боку, а ня з боку рэчы.

Нішто не замінае чуваньню ўтварыць самастойна любыя смакі, нават тыя, якое яно ня можа ўзгадаць, ніколі іх не перажыўшы раней. І тое самае - з усімі іншымі пачуцьцямі.  Яно магло б радавацца без прычын, адчуваць любыя смакі і дотыкі, але ня робіць гэтага. 

І нават калі яно робіць гэта, у сьне, дзе ўсё залежыць толькі ад яго, чуваньне ўсё адно тлумачыць свой зьмест менавіта як ад-чуваньне, чуваньне ў у адказ на яву. Інакш яно не дае асалоды. Каб быць асалодай, адчуваньне мае быць толькі адруховым.

Пачуцьці спараджаюць адно аднаго і зьнішчаюць адно аднаго як пяць пратвораў у кітайскай традыцыі. Страх спараджае гнеў і зьнішчае радасьць. Радасьць спараджае спакой і зьнішчае сум. І так бясконца.

Каб даваць асалоду, адчуваньне мае ўтварацца нібы без удзелу чуваньня і давацца яму як дар, не зважаючы на тое, што яно само здольна яго ўтварыць. І больш за тое, атрымліваючы гэты дар, яно кожны раз само яшчэ раз утварае яго, чытаючы яго.

Каб быць дарам і чытвом, пачуцьці маюць складаць мову пачуцьцяў. Гэта правілы мовы пачуцьцяў робяць іх адчуваньнямі, прызначаючы, што адно пачуцьцё зьяўляецца ў адказ на другое, а трэцяе ў адказ на другое.

Правілы мовы пачуцьцяў чытаюць сувязі адных пачуцьцяў як іншыя пачуцьці, а іх сувязі як яшчэ адны пачуцьці, утвараючы такім чынам цэлыя дрэвы адчуваньняў, пачуцьцёвыя рэчы. Выказваньне мовы пачуцьцяў вынікае для чуваньня як дар асалоды, які яно чытае, і чытаючы, стварае.

Калі чуваньне хоча перажыць адчуваньне, яно не стварае яго, бо стварэньне зьнішчыць яго адруховую асалоду. Замест гэтага яно бярэ ўдзел у гульні пачуцьцяў: як зрабіць так, каб у выніку жаданае апынулася перад яго поглядам як дар, а ня ўласны твор.

Яно робіць крокі на адным узроўні, каб атрымаць вынікі ад мовы пачуцьцяў на другім. І калі колькасьць удзельнікаў гэтай гульні павялічваецца, узьнікае відовішча пачуцьцяў, тэатр эмоцый. Хаця чуваньне здольна перажыць каханьне самотна, для асалоды яму патрэбны іншы ўдзельнік.

Дар адчуваньня прадстаўлены перад тварам чуваньня неадрыўна і станоўна як прастора адчуваньня, зьмест якой увесь час мяняецца мовай пачуцьцяў і зноў чытаецца чуваньнем. Усе іншыя прасторы для чуваньня стаюцца толькі сродкамі ўплыву на гэтую адзіную прастору, кіраваць якой прама яно адмаўляецца.

Агортваючы сабой чуваньне, будучы да яго найбольш блізкім, адчуваньне разам з мовай пачуцьцяў складаюць ягонае першае цела, цела асалоды, самую блізкую кашулю. А кожная іншая прастора ўтварае яшчэ адно цела, што агортвае сабой папярэдняе.

Такім чынам, усё што зыходзіць з чуваньня спачатку атрымлівае ў целе асалоды выяву пачуцьця, эмоцыі, і толькі затым перакладаецца ў думкі, словы і ўчынкі. І ўсё, што вяртаецца чуваньню, становіцца ў рэшце рэшт пачуцьцём, і падносіцца яму як дар асалоды. 

Feb 2, 2015

Мова пачуцьцяў

З Духам Цяжару размаўляе Заратуства ў Ніцшэ і яго абвяшчае сваім ворагам. "Той, хто навучыць людзей лётаць, зрушыць усе межавыя камяні. Ён прымусіць самыя камяні лётаць, і новым імем назаве зямлю — імем "лёгкая"."

Сапраўды, няма для чалавека нічога недасяжнага, калі выяўляе ён волю і ставіць цэлі. Ён мог бы зьдзейсьніць немагчымае, дасягнуць небывалай велічы, мог бы лятаць наяве. Лятаць - значыць бесьперашкодна зьдзяйсьняць любую волю. 

Але пэўная сіла прыціскае яго да Зямлі, напаўняючы рэчы вагой дабра і зла. Гэта Дух Цяжару напаўняе чалавека стомай, адчаем, а пасьля вяртае яго ў сон, дзе да яго прыходзіць Дух Лёгкасьці.

Бо ёсьць ужо ў чалавека прастора, дзе ён можа лятаць. Там, у сьне, дзе пануе Дух Лёгкасьці, усякая воля зьдзяйсьняецца цалкам і адразу. І маючы гэтую прастору ў сваёй непадзельнай уладзе, ён ня ставіць сабе ніякіх вялікіх цэляў, а проста адпачывае.

Аказваецца, патрэбна яму зусім ня веліч, і не дасягі, а іх цяжар і цьвёрдасьць. Толькі супраціў рэчаў робіць іх для чалавека сапраўднымі. Толькі тады, калі атрымлівае адпор, прымае ён жыцьцё за праўду.

З Духам Лёгкасьці размаўляе Катул у 51-ым вершы і яго абвяшчае сваім ворагам. "Лёгкасьць ёсьць, Катуле, табе цяжарам. Лёгкасьць робіць прагным цябе над меры. Лёгкасьць моцных здаўна князёў і панствы нішчыла цалкам".

Невыносная лёгкасьць быцьця прымушае несьмяротнага стаць чалавекам, ваяроў шукасць сьмерці на полі боя, уладара дзяржавы прайграць сваё княства ў косткі, а герояў рамана Кундэры вярнуцца ў акупаваную Чэхію.

Дух Лёгкасьці ўраўнаважвае Дух Цяжару і на іх мяжы ўзьнікае Дух Спакою. Гэта ён пануе, калі ў раўнавазе чалавек цешыцца пэўнасьцю і цьвярозасьцю быцьця, не імкнучы наперад, і не зварочваючы назад.

Тры гэтыя духі ўвесь час зьмяняюць і перамагаюць адно аднаго, і толькі колазваротная суплынь гэтай зьмены і робіць сьвет рэчаісным і сапраўдным. Бо варта толькі аднаму зь іх перамагчы напоўніцу, уся сапраўднасьць адразу зьнікне.

Тры гэтыя духі - гэта тры пачуцьці, тры вялікія эмоцыі. І гэтыя тры пачуцьці - гэта напраўду тры рухі - ўзыходны, зыходны і роўны. З гэтых трох рухаў можна ўтварыць усе засталыя, укладаючы іх адно ў адно, утвараючы цэлую мову пачуцьцяў.

У ведавай спадчыне яны зьяўляюцца як тры кметы (guṇa) -  краса (rajas), цемра (tamas) ды іста (sattva), якія звычайна тлумачацца менавіта як тры эмоцыі - страсьць, ачмурэньне й спакой. З гэтых трох пачуцьцяў і складаецца (tri-guṇa-mayī) зман сапраўднасьці (māyā).

І вось, калі мова пачуцьцяў - гэта мова рухаў, і прастора явы таксама ўтвараецца мовай рухаў, тады выяўляецца, што як рэчыва сьвету, так і яго "сапраўднасьць", зроблена з адной і той самай мовы.

Кожны чалавечы рух, кожная чалавечая думка агорнута пачуцьцём, эмоцыяй і кіруецца пачуцьцём. Цяжка знайсьці ў чалавечай сутворы непачуцьцёвы твор і неэмацыйную думку. І тое, што выглядае такім, толькі стварае адпаведнае адчуваньне. Пачуцьцёвасьць не выдаляецца зь сьвету як яго будаўнічае рэчыва.

Усе думкі і ўчынкі выяўляецца агорнутым пачуцьцямі. Але чаго вартыя цэлі, калі ты ведаеш, што за цябе іх паставіў Дух Лёгкасьці, ды іх дасягненьні, калі вагой іх напоўніў Дух Цяжару? Чаго вартае пачуцьцё прыкрасьці, што ўзьнікае ад гэтага запытаньня, калі яно ўтвараецца з тых жа пачуцьцяў? 

Выйсьці за межы пачуцьцяў немагчыма, застаючыся ўнутры мовы цэляў, вартасьцяў і дасягненьняў, лёгкасьці і цяжару, дабра і зла. Узьняцца над пачуцьцямі можна, толькі авалодаўшы іх мовай, змусіўшы мысьленьне гаварыць імі як уласнымі катэгорыямі. 

І калі мысьленьне пачынае думаць пачуцьцямі, яно стварае яшчэ адну сапраўднасьць, мастацтва.

Feb 1, 2015

Сапфо, 31

Той здаецца мне да багоў падобным
чалавек, каторы з табой сам-насам
сеўшы побач, мовіць і твой салодкі
  слухае голас,

ды чароўны сьмех, што маё напраўду
сэрца біцца хутка ў грудзях змушае,
бо адразу, толькі цябе я бачу,
  страчваю мову,

мой язык маўкліва дранцвее, тонка
льюцца стромні полымя па ўсім целе,
зрок ня бачыць мой анічога, вушы
  поўняцца звонам. 

пот па скуры долу цячэ, трымценьне
ўсё сабой сягае, жаўцей за травы,
ёсьць я, ці ўжо блізу памерла пэўна,
  так падаецца.

пераклаў са старагрэцкай Міхаіл Баярын.

Катул, 51

Роўным богу той для мяне здаецца,
той, калі магчыма, вышэй за бога,
хто сядзіць паблізу цябе штознову,
       бачыць і чуе


сьмех салодкі твой, што ў мяне нябогі

ўсе пачуцьці скраў, калі я пабачыў
Лесбія, цябе, у мяне няма больш
       голасу ў роце,

мой язык дранцвее, агонь па целе
тонка льецца, звонам зьвіняць уласным
вушы, сховам ночы двайным сукрыты
       сьветачы зроку.

Лёгкасьць ёсьць, Катуле, табе цяжарам,
лёгкасьць робіць прагным цябе над меры,
лёгкасьць моцных здаўна князёў і княствы
       нішчыла цалкам.

пераклаў з лаціны Міхаіл Баярын

Jan 19, 2015

Гальлё

як павольна галініць дрэва зямлі
свае рэкі разлогамі мараў
так ласкава чакае сустрэчы вякі
з дрэвам дрэваў наканаваным
як імкліва зрынаецца дрэва нябёс
стадам птахаў бліскучых з-за хмараў
так сплятаюць яны залатое гальлё
нараджаючы новае зьзяньне

Jan 18, 2015

Аповед Аповедаў

Спадчына зьвязвае настаўніка і вучня. Прыгэтым настаўнік сам зьяўляецца вучнем свайго настаўніка. Такім чынам іх сувязь утварае дрэва спадчыны.

Настаўнік перадае вучню свой аповед. Але ягоны вучань распавядае свайму вучню ня толькі яго аповед, але і аповед пра свайго настаўніка, які яго яму перадаў.

Настаўленьні збольшага складаюцца з аповедаў пра настаўнікаў, у якіх зьмяшчаюцца іх настаўленьні, у якіх зьмяшчаюцца іншыя аповеды пра іншых настаўнікаў.

Так утвараецца аповед у аповедзе. Папярэдні аповед загортваецца ў наступны. Спадчына аказваецца аповедам у аповедзе, і ўтварае дрэва аповедаў.

Прыгэтым вучань можа аб'ядноўваць сабой некалькі дрэваў спадчынаў. Вучань трох настаўнікаў у настаўленьні сайму вучню злучае ўсе іх аповеды ў адзін свой.

Калі коранем дрэва спадчыны быў першы настаўнік, то коранем дрэва аповеду ёсьць апошні вучань. Дрэва аповеду нібы адлюстроўвае і перагортвае дрэва спадчыны.

Але кожнае адгалінаваньне дрэва спадчыны ўяўляе сабой дрэва аповеду, і чым далей па галінах, тым яно квяцісьцей і буйней. Спадчына расьце, калі пераказваецца наступнікам.

Людзі адной спадчыны - гэта людзі, што чулі адзін аповед. Аповед, загорнуты ў мноства іншых аповедаў. І кожнае пакаленьне спадчыны павялічвае дрэва аповеду.

Народ - гэты людзі адной спадчыны. Тут на кожным пакаленьні ляжыць абавязак пераказу, аб'яднаньня і загортваньня папярэдніх аповедаў ў свой аповед.

Зьяўленьне сутворы вялікага стылю выяўляецца ў зьяўленьні Аповеду Аповедаў. Гэта Магабгарата. Гэта Тысяча і адна ноч. 

Аповед Аповедаў зьбірае ўсе аповеды сутворы ў адным аповедзе, утварае зь іх дрэва аповедаў і робіць яго тым самым адзіным аповедам, які чулі ўсе людзі Спадчыны.

Аповед Аповедаў - гэта запавет, які мае быць зьдзейсьнены. Каб стаць сутворай вялікага стылю, мы маем сабраць усе нашы аповеды ў адзін, Аповед Аповедаў.