Nov 18, 2014

Узыход

ночны вецер спыняе дых
цішыня агартае слых
калі з досьвітнай цемры мар
зараніцай у неба твар
узыходзяць сузор'і вей
перад сонцам тваіх вачэй
і па плечах твае валасы
праліваюць сьмех залаты
з багавітых волі вышынь
па-над голым долам прычын

Nov 10, 2014

Увасабленьне чыну

Прэдыкацыя, адносіны дзейніка і выказьніка - гэта разьмяшчэньне дзеяньня ў дзейніку.

На дзеяньне можна паглядзець з гледзішча любога яго ўдзельніка. І так любы ўдзельнік дзеяньня, дачын, сродак, прычына, вычын ці месца можа стаць яго дзейнікам. 

Але сам гэты погляд зьмяшчае ў сабе мярэжу пэўнага нязьменнага дзеяньня, празь якую мы і глядзім на іншае дзеяньне. І тут дзейнік - заўсёды дзейнік.

Спыненьне спазору дзейніка на іншым удзельніку дзеяньня стварае тое, што завецца ў нас станам. 

Калі дзейнікам робіцца дачын, гэта залежны стан, а калі дзейнік - незалежны. Магчымыя, аднак, яшчэ сродкавы, прычынны, мясцовы, вычынны станы і ўсе іх узаемныя падвіды.

Ва "Ўзорах Свадзеі" дзейнік завецца асобай. Асоба ўвасабляе чын, разьмяшчае яго ў сабе. Тое, што ў мове стаецца прэдыкацыяй, зьяўляецца ў прамове ўвасабленьнем чыну.

І незалежна ад стану, то бок тоества асобы з удзельнікам назіранага чыну, разьмяшчэньне можа мець яшчэ і ступень напругі, супадзеньня асобы і чыну.

Калі намаляваць асобу і чын двума кругамі, яны будуць пакрысе збліжацца, ажно да поўнага тоества. 

Так, у сказе "агонь гарыць" асоба і чын цалкам тоесны. У сказе "душа гарыць" чын рашчыняецца ў асобе, але не супадае зь ёй. У сказе "чалавек гарыць" чын ахоплівае асобу.

Увасабленьне чыну праходзіць тыя самыя сем ступеняў напругі: намер, рух, дотык, ахоп, пранікненьне, расчыненьне, тоества. 

Дзеяньне або проста ёсьць для асобы, або рушыць, або кранае, або ахоплівае, або пранікае, або рашчыняе, або тоесьніць асобу.

***
Плятон у размове "Кратіл" кажа пра сьвет як пра мноства рухаў, адны зь якіх больш хуткія, іншыя - больш павольныя - адносна іншых рухаў. 

І тое, што мы лічым рэчамі і называем імёнамі - гэта рухі больш павольныя, а тое, лічым дзеяньнямі і называем дзеясловамі, - рухі больш хуткія.

З гледзішча мовы руху прэдыкацыя, адносіны дзейніка і выказьніка - гэта адносіны двух вобразаў: вобраза павольнага руху і вобраза руху больш хуткага. 

І тут або хуткі рух разьмяшчае павольны, або павольны разьмяшчае хуткі. І калі хуткі выяўляецца зьмяшчальным, вынікам будзе мова дзейнага ладу, а калі павольны - назоўнага.

З гледзішча мовы руху - хуткасьць руху - гэта толькі хуткасьць маўленьня, то бок хуткасьць выказваньня прасьветаў у мову часу.

Тут і сама прэдыкая зьяўляецца рухам - рухам разьмяшчэньня рухаў, хутчэйшым за абодва разьмешчаныя рухі, як павольны, так і хуткі.

Улучэньне ў мову руху ступеняў і станаў увасабленьня чыну стварае асаблівую мову прэдыкацыі, вызваляючы яе з ролі катэгорыі ладу, і пераводзячы ў роўніцу маўленьня.

Nov 9, 2014

Пан глыбіні

о вязень, зрынуты з вышыняў  
у цёмны склеп, дзе ў часе зьмены кар
склікае ўсіх, кім быў даўно забыты
за стол старых напояў, рэдкіх страў,
разгортвае абшары пан глыбіняў 
і кожны прыйшлы атрымае дар




Nov 7, 2014

Шрыфт "Магута"

Шрыфт "Магута" ўяўляе сабой стылізацыю кірылічнага і лацінскага пісьма ўзорамі, заснаванымі на матрыцы беларускага арнамэнту. Шрыфт зьявіўся на сьвет цягам працы над пісьмом для "Узораў Свадзеі". "Магута" амаль не зьмяшчае складаных знакаў і зь іншых беларускіх арнамэнтальных шрыфтоў выдзяляецца большай чытэльнасьцю.


Шрыфт "Магута" зьмяшчае набор Open Type інструкцый для кірыліцы і лацініцы, якія дазваляюць пры наборы запаўняць месца паміж узорамі. Інструкцыі, нажаль, працуюць не ўва ўсіх аперацыйных сыстэмах і не ўва ўсіх праграмах (праверана толькі на Mac OS X Yosemite, Win 7 (Notepad)).

Верш Ігара Бабкова, набраны "Магутой", будзе выглядаць так:



***
Празрысты, прывідны крышталь
Сьпявае ў сьнегавым бяссоньні
І абтрасае на далоні
Зімовых сноў шалёны баль
Алмазных сьпеваў вастрыня
Пляце бязважкія карункі
І люстраная цішыня
Нямоты спазнае дарункі
На ветах дымкага ляза
Дыхні у досьвітнай цямрэчы
І шклярусу спакой аспрэчыць
Блакітнай вечнасьці сьляза

Ігар Бабкоў



Шрыфт зьмяшчае наступныя знакі:

Кірыліца:



Лацініца:



Лічбы:



Знакі прыпынку:



Дадатковыя знакі:



Шрыфт распаўсюджваецца свабодна для некамэрцыйнага выкарыстаньня пад умовамі ліцэнзіі SIL Open Font License. Гэта значыць, шрыфт можна свабодна выкарыстоўваць для афармленьня бясплатных і платных прадуктаў, але не прадаваць як асобны прадукт і ня браць дадатковай платы за яго ўключэньне ў іншы прадукт (напрыклад, дыстрыбутыў аперацыйнай сыстэмы). Пры распаўсюджаньні вітаюцца спасылкі на аўтара і ягоны сайт.

Міхаіл Баярын.
06.11.2014

Nov 1, 2014

Гукі

ты чуеш у льдзістых узорах
на роўніцы спыненых рэкаў,
у згуках падзеньня лістоты
ў суплёты таемных прасьветаў,
як грукае ў бубен прасторы
сьцісканьне цягліцаў волі,
як ніткай праходзіць вецер
скрозь перлы сьмяротных істотаў


Oct 27, 2014

Цераз край

о келіх, перапоўнены нястачай
чырвоных вуснаў смаку і тугой
па дотыку далоні ўсхваляванай,
што цераз край заве ў сябе напой


Oct 26, 2014

Паўстаньне дзейніка

З гледзішча мовы руху выдзяленьне дзейніка - як таго, які дзейнічае, так і таго, на якога скіравана дзеяньне - зьяўляецца будаўнічым заданьнем. Бо напачатку, у коле прасьветаў, на аснове якога будуецца мова руху, ёсьць толькі рух, і яшчэ няма ні таго, хто рухаецца, ні таго, што ён рушыць, ні некага, ні нечага.

Узьнікненьне дзейніка пачынаецца з выдзяленьня і супастаўленьня двух рухаў. На гэты момант у сказе "чалавек мовіць" пакуль што "чалавек" - гэта такі самы дзеяслоў, як і "мовіць", толькі больш павольны. Ёсьць адзін рух, які захоплівае вобраз іншага руху, пранікае ў яго і рушыць яго. Дзейнік заўважаецца як супастаўленьне двух рухаў, адзін зь якіх зьяўляецца прасторай другога. І ў дадзеным выпадку гэта рух "чалавек" адбываецца ўнутры руха "ідзе".

У першаснай мове інда-эўрапейцаў словы, што азначаюць дзейнікаў, існасьці і рэчы, утвараюцца ад дзеяслоўных каранёў, што азначаюць дзеяньні, пры дапамозе афіксаў, што азначаюць спосаб удзелу ў дзеяньні. Прыгэтым, афіксы таксама паходзяць ад дзеяслоўных каранёў. 

Так, прыкладам, у санскрыце слова vad-i-tṛ 'моўнік' утвараецца ад кораня vad 'мовіць' афіксам tṛ, а корань tṝ азначае 'перасякаць'. Слова brah-man утвараецца ад кораня bṛh 'расьці' афіксам man, а корань man азначае 'мысьліць'. vad-i-tṛ узьнікае як 'працінаньне маўленьня', а brah-man - як 'мысьленьне ці ідэя росту'. 

Паніні выдзяляе толькі 6 удзельнікаў дзеяньня, і для ўтварэньня іх імёнаў дастаткова 6 афіксаў, але першасных афіксаў у санскрыце некалькі сотняў, і мяркуючы па тэксьце Uṇādi-sūtra, прысьвечанаму непрадуктыўнаму словаўтварэньню, іх было нашмат больш -столькі ж, колькі і каранёў.

Сучасныя намінатыўныя мовы па змаўчаньні маюць наўвеце першаснасьць аб'екту, дзейніка і прэдыкацыю да яго дзеяньня. Спачатку дзейнік, пасьля дзеяньне. Колькасьць спосабаў удзелу ў дзеяньня абмежавана і замацавана граматычна. У першаснай мове інда-эўрапейцаў, наадварот, сьпярша дзеяньне, дзейнік узьнікае зь дзеяньня і колькасьць разнастайных дзейнікаў роўная колькасьці дзеяньняў.

Наданьне дзейніку першаснасьці, прыпісаньне яму дзеяньне - гэта велізарны па сваім значэньні пераварот, зь якога пачынаецца чалавек сучасны. Вяртаючы першаснасьць дзеяньню і ператвараючы дзейніка ў яго вытвор, мова руху робіць гэты пераварот яшчэ раз.