Jun 16, 2014

Гарышча

У маленстве летам у вёсцы на гарышчы ў лазьні ў мяне быў свой схоў. Я забіраўся туды і апынаўся па-за ўсім, недаступны нікому, і ўвесь сьвет распасьціраўся перада мной.

Там я рабіў толькі тое, што вырашыў рабіць я сам. Напрыклад, меч. Праблема выбару зыходзячы толькі з самога сябе была для мяне галоўнай. Мне здавалася прыніжальным мець іншыя прычыны сваіх дзеяньняў, акрамя сваіх рашэньняў. Што я толькі не рабіў, каб даказаць сабе сваю свабоду. Тады сваім прынцыпам я зрабіў не паведамляць нікому пра свае рашэньні, а толькі паказваць вынікі.

Мне ніколі не пераказаць тыя бездані думкі, якія разгортваліся перада мной у 12 гадоў, калі я быў па-за ўсім. Свабоду самазыходжаньня і быцьцё па-за ўсім я зрабіў тады сваім радыкальным праектам і плянам жыцьця. Зыйсьці з чалавецтва, дзе ўсё маё жыцьцё загадзя вызначана, у чыстую свабоду і самоту, зьнішчыць усе свае згадкі і сьляды.

І цяпер, каб мысьліць свабодна, мне патрэбна гэтае гарышча па-над усім, куды я сыходжу з чалавецтва, дзе перада мной распасьціраецца ўвесь сьвет.

Jun 8, 2014

Шрыфт "Берагіня"

Шрыфт "Берагіня" ўяўляе сабой стылізацыю кірылічнага і лацінскага альфабэту пад узоры беларускага арнамэнту. Стыль "Берагіні" натхнёны узорнай паласой паясоў і рушнікоў

Шрыфт можа ўжывацца як дэкаратыўны - прыкладам, для афармленьня загалоўкаў. З другога боку ў Свамове выяўленыя ў шрыфце ўзоры выкарыстоўваецца для фанэтычнага напісаньня запазычаных слоў у дадатак да змысловага марфалягічнага пісьма (як катакана ў японскай).


"Берагіня" зьмяшчае набор кірылічных літараў, неабходных для ўжываньня ў беларускай мове, без разрозьненьня вялікіх і маленькіх:



Верш Максіма Багдановіча "Добрай ночы зара-зараніца!" ў стылі "Берагіні" выглядае такім чынам:


Добрай ночы, зара-зараніца!
Ўжо імгла над зямлёю лажыцца,
Чорнай рызай усё пакрывае,
Пылам зор небасхіл абсявае.
Цішыня агартае мне душу.
Вецярок прыдарожную грушу
Ледзьве чутна варуша-калыша,
Міла бомы смяюцца у цішы,
Ціха срэбрам грукае крыніца.
Добрай ночы, зара-зараніца!

"Берагіня" зьмяшчае таксама набор лацінскага альфабэту, дастатковы для ўжываньня ў беларускай лацінскай транслітэрацыі:


Лічбы:


І самы неабходны набор знакаў прыпынку і дадатковых сымбаляў. Прабел дзеля захаваньня стылю пазначаецца не пустым месцам.


Шрыфт распаўсюджваецца свабодна для некамэрцыйнага выкарыстаньня пад умовамі ліцэнзіі SIL Open Font License. Гэта значыць, шрыфт можна свабодна выкарыстоўваць для афармленьня бясплатных і платных прадуктаў, але не прадаваць як асобны прадукт і ня браць дадатковай платы за яго ўключэньне ў іншы прадукт (напрыклад, дыстрыбутыў аперацыйнай сыстэмы). Пры распаўсюджаньні вітаюцца спасылкі на аўтара і ягоны сайт.



Міхаіл Баярын.

08.06.2014

Jun 3, 2014

Крыжы-абярэгі

Выява - гэта адзежа змыслу. Змысел заварочваецца, апранаецца ў выяву і адзеты выходзіць у сьвет. Выява беражэ змысел як бераг зямлю ад мора. Выява - гэта абярог змыслу. 

Адзежа пакрываецца ўзорамі-абярэгамі ў ранімых месцах - на плячах, рукавах, горле, грудзях. На дзьвярах і вокнах хаты вешаюцца знакі-абярэгі. На мяжы вёскі ставяцца крыжы-абярэгі. Абярэгі ахоўваюць уваходы.

Выява мовы - гэта абярог, што захоўвае досьвед пакаленьняў і ахоўвае сутвору ад чужынцаў і непасьвечаных. Мовы падзяляюць народы. Мова мае быць незразумелай чужым, бо знаньне дае ўладу.

Пісьмо - гэта абярог мовы, межавы знак. Далей пачынаецца беларускае чалавецтва. Беларускаму чалавецтву патрэбна ўласнае пісьмо як абярог на межах яго змыслу. Уласнае пісьмо зьяўляецца першым выразьнікам вялікага стылю.



УЗОРЫ СВАДЗЕІ. 1. ВЫПРАЯВА

Зьявілася відэа маёй публічнай лекцыі "Узоры Свадзеі. Мэтафізыка мовы". Вельмі ўдзячны "Лятучаму унівэрсытэту" за гэтую выдатную магчымасьць зьвярнуцца да беларускай культурнай і інтэлектуальнай супольнасьці. Дзякую ўсім, хто прысутнічаў і глядзеў трансляцыю. Прэзэнтацыю можна таксама знайсьці тут.






Паволя

Алесю Разанаву прыпісваюць выслоўе пра вялікі талент: "Глыбокая рака цячэ павольна".

Першае ўражаньне пра нашу мову звонку - гэта яе павольнасьць. Гэта мабыць адна з самых нясьпешных моваў у сьвеце, асабліва калі слухаеш старых. Мяркуючы па ўсім, старабеларуская была яшчэ павольней. Такім самым нясьпешным здаецца звонку наш народ і сутвора.

Але слова "павольна" значыць у нас ня толькі "няхутка", але і "па сваёй волі", ня змушана, не прысьпешана, свабодна. А куды сьпяшаць, хіба перад бацькі ў пекла? Знутры мовы павольнасьць аказваецца нязмушанасьцю, свабодай.

Гаварыць толькі тады, калі ёсьць воля. А калі няма, то гаварыць на іншай. Заўсёды зьдзіўляўся, як у вёсках пераходзяць з табой на трасянку і ня хочуць прызнаваць сваю мову беларускай. Нібы берагуць яе ад усіх нарматываў.

Творчасьць можа быць толькі нязмушанай, павольнай. Паволя - гэта тое, што адрозьнівала старых грэкаў і старых індусаў - яны стваралі так, нібы мелі цэлую вечнасьць.

Наша мова - толькі для паволі, для цэлай вечнасьці. Яе берагуць для нашай сутворы. Праз нас у сьвет цячэ глыбокая рака, што ні ад кога не адстае, нікога не даганяе, нікім не паганяецца.



Рыба

ты невад, закінуты ў мора
богам, што ходзіць па водах
і ловіць адбіткі абдымкаў 
ты невад, а я твая рыба






карціна Мікалая Чурлёніса, Саната зор, Алегра

Чайкі

летам чайкі крычаць
што там за вуліцы рогам
чакае нас сіняе мора
смачнае і ласкавае
як нецалаваныя вусны
клічнае і напятае
як маладыя грудзі
зіхцяць залатыя вятрылы
на срэбных шчоглах чаўноў
гатовых адплыць на Буян



карціна Мікалая Чурлёніса, Саната мора