May 10, 2014

Зеўра

разрываецца зеўра нябёс за сьпіной
немакрыкам тугі па зямлі абяцанай
які боль назіраць за тваёю красой
о багіня Радзіма што станецца явай



вобраз: Мікалай Чурлёніс, Саната Пірамід, 1908

Мова і ініцыяцыя

Знаньне прадстаўляецца і інсталюецца як мова, сувязь імёнаў і формаў. Засваеньне знаньня - гэта засваеньне пэўнай мовы. Носьбіты пэўнага знаньня выглядаюць у вачах іншых як носьбіты невядомай мовы. Пра што яны гавораць - незразумела. І ўваход у кола знаўцаў забясьпечваецца вывучэньнем іх мовы. Такім чынам, мова выконвае ролю ініцыяцыі, пасьвячэньня.

Вывучэньне мовы падзяляецца на дзьве часткі - пасыўную, калі чалавек пачынае яе разумець, і актыўную, калі чалавек сам на ёй пачынае гаварыць. Але і традыцыйнае навучаньне таксама падзяляецца на тыя ж дзьве стадыі. І ініцыяцыя лічыцца сапраўднай толькі тады, калі чалавек абудзіць у сабе традыцыю, “загаворыць” яе мовай. Гэта цуд самаабуджэньня, які нельга падмяніць выкананьнем усіх правілаў традыцыі. Дзіўна, але знаўцу мовы дазваляецца парушаць яе правілы.

Наша нацыя стваралася вакол нашай мовы. Наша мова - гэта нясьмерце нашых продкаў, нас і нашых нашчадкаў, сховішча нашага досьведу і знаньня. Каб стаць часткай беларускай нацыі, атрымаць долю ў нясьмерці нашага роду, трэба прайсьці ініцыяцыю - загаварыць па-беларуску. І ніяк інакш. Ня змог - не прайшоў выпрабаваньня.



Вялікі стыль

Спачатку ўсё гэта было самім Сабой. Ён захацеў стаць усім і стаў усім. І паглядзеўшы на ўсё, Сам сказаў: я - гэта ўсё, бо я стварыў гэта ўсё. Так паводле Упанішадаў Пачатак сьвету глядзіць на сьвет і на нас, яго нашчадкаў. Пачатак пазнае сябе ў сьвеце як сваю ўсемагуту, сваю свабоду.

Але ўявім сабе яшчэ як глядзіць на сьвет прадстаўнік культуры вялікага стылю, што жыве напрыканцы гісторыі ўласнай цывілізацыі - эгіпецкі фараон, прыдворны паэт Калідаса або вытанчаны заходні эўрапеец нашых дзён. Ён бачыць перад сабой толькі вытворы ўласнай культуры ўва ўсім: у архітэктуры, побыце, мастацтве, пародзістых расьлінах і жывёлах - і можа сказаць сабе: я - гэта ўсё, бо я стварыў гэта ўсё.


Але мы глядзім на сьвет ня так. Ува ўсім вакол мы бачым або прыроду, або вытворы іншых цывілізацыяў. І гледзячы на ўсё гэта, мы можам сказаць толькі як Сам на пачатку праявы: я хачу стаць усім і я стану ўсім. Каб пасьля, убачыўшы вакол сьвет твораў сваёй культуры, сказаць сабе: я - гэта ўсё, бо я стварыў гэта ўсё зь сябе.


Нацыя стварае ўласную культуру, каб убачыць у ёй сваё адлюстраваньне і пазнаць у ім сябе. І калі мы пазнаем сябе ў выяве, творы ці вершы, мы знаем - гэта наша культура, а калі не пазнаем - гэта чужая. Я магу бясконца сузіраць узоры на беларускім рушніку, бо нешта ўва мне пазнае ў гэтых узорах Сябе. І я хачу, каб мой нашчадак у нейкім калене, адчуў гэта, гледзячы на створаны намі сьвет.



Воля і Хаос

Космас нараджаецца з хаосу. Прыгэтым, космас звычайна перакладаецца як "парадак", а хаос, наадварот, як "беспарадак". Па-старагрэцку, аднак, слова космас значыць "красу, упрыгожаньне, форму", а слова хаос азначае "прорву, расколіну, разрыў". Правільным этымаляґічным перакладам "хаосу" мае быць слова "зеўра".

Вось жа не парадак нараджаецца зь беспарадку, а краса і выява нараджаецца зь зеўры, разрыву першаснай паўнаты і адзінства існа-няіснага. Усе праявы, быты, людзі, культуры, народы родзяцца з разрыву паўнаты Роду.

Кожны з нас нясе ў сабе хаос, разрыў, празь які ў быцьцё прыходзіць новае, празь які быцьцё намі расьце, празь які нішто і нябыт ператвараецца ў быт і што. І мы перадусім і ёсьць гэты разрыў, зеўра, а не выявы, якія яна спараджае. Што можна зрабіць з гэтым хаосам, які чалавек нясе ў сабе, які яго спарадзіў і зрабіў існым? Усё. Ён ператвараецца ўва ўсё. Наш хаос - гэта наш кон і час. Скончыцца ён, і скончымся мы.

Але і наша нацыя, вялікі беларускі Чалавек, нараджаецца з разрыву паўнаты і аднастайнасьці, які выдзяляе нас з плеромы чалавечага роду. Мы нясем у сабе Беларускі Хаос, зеўру Нацыі, празь якую ў быцьцё прыходзіць наша культура. Наша нацыя - гэта наш кон, ад якога нам не зыйсьці як ад самога сябе.

Слова Воля, акрамя іншага азначае ў нашай мове "пустату": "вольная прастора" значыць "пустая прастора". Мы адчуваем у сабе Волю як свабодную, неабумоўленую нічым магуту, яшчэ пустату, якую мы можам ператварыць у любы чын і быцьцё водле свайго выбару. І чым большая зеўра магуты адкрываецца ўнутры нас, тым большай мы адчуваем нашу Волю.

Так, мы яшчэ не "адбыліся" як нацыя. Мы яшчэ не стварылі сваёй культуры. І калі мы думаем пра сваё, у нас адкрываецца зеўра і бездань. Але чым шырэй гэтая беларуская бездань, тым магутней нашая Воля, зь якой нараджаецца наш космас і наша ява.







Мэтафізыка Нацыі

Ці можа мэтафізыка быць нацыянальнай? Прычым як абсяг існага, папярэдні праяве, а не як тэорыя, што яго апісвае? Мэтафізыка, як шлях ад Пачатку да праявы, відавочна для ўсіх адзіная. Аднак, пытаньне ў тым, дзе на гэтым шляху ўзьнікае нацыя? Бо адтуль і пачынаецца яе мэтафізыка.

Нацыя, грамада, племя - гэта сэнсавы арганізм, што ўзьнікае раней за людзей, што яго складаюць. Як у целе чалавека цягам жыцьця мяняюцца клеткі, так у нацыі мяняюцца пакаленьні, а сама яна трывае. Як арганізм разгортваецца з адной малекулы, у якой засяроджаны ўвечь яго сэнс, так нацыя разгортваецца з сэнсу нацыі. 

Тая малекула, у якую згортваецца і зь якой разгортваецца чалавечы арганізм, - гэта код, мова чалавека. Гэта дрэва імён, адносіны між якімі ўжо зададзены і толькі шукаюць рэчыва для свайго ўвасабленьня. Так і сэнс нацыі, - гэта Мова нацыі. І якім бы ня стала ўвасабленьне Мовы, яе структурныя адносіны, што задаюць карціну сьвету, папярэднічаюць увасабленьню Мовы.

Мы лічым, што нацыя жыве ў сьвеце, людзі маюць цела, ходзяць па зямлі і гавораць мовай. Зямля чорная і зьнізу, а неба сіняе і зьверху. Але тое, што зьяўляецца ў нашай сьвядомасьці як колеры, формы, гукі і дотыкі - не аб’ектыўная рэальнасьць, а агульны для пэўнай групы істотаў спосаб рэпрэзэнтацыі нечага, напрыклад частаты ваганьняў.

Мова - гэта тое, што разьмяшчае зямлю зьнізу, а неба зьверху, што робіць неба сінім, а зямлю чорнай, што называе адны колеры і формы зямлёй, а другія - небам. І гэта тая самая мова, што складае арганізм нацыі, вялікага чалавека. У такім разе, ня нацыя жыве на зямлі і пад небам, а неба і зямля, увесь сьвет існуе ў Нацыі.

Нацыя як арганізм і мова папярэднічае сьвету. А ўвесь бачны нам сьвет - гэта наш, нацыянальны сьвет, зьяўлены нашай Мовай. І таму ёсьць мэтафізыка нацыі і нацыянальная мэтафізыка. Ёсьць Нябесная Беларусь і мэтафізыка Беларусі. І таму менавіта мы, спадкаемцы мовы Вялікага Княства, першародныя насьледнікі яго Спадчыны. Не забывайце ж мовы нашай, каб ня ўмёрлі!



Эйдапалітыка

Нацыянальны сэнс абумоўлены не геапалітыкай. Вартасьцямі Волі, Асобы, Выбару, увасобленых у творы мастацтва і дзяржаўныя інстытуты, нашы продкі абавязаны ня нашым краявідам, пушчам, рэкам і палям, а свайму мэтафізычнаму досьведу і выбару. Больш таго, абумоўленасьць краявідам пазбаўляе гэтыя ідэі ўсякай вартасьці.

Нацыянальны сэнс зыходзіць з эйдаплітыкі, палітыкі мэтафізычнага Неба чалавецтва, дзе адбываецца размова ідэяў, адкуль яны спускаюцца на Зямлю і ўвасабляюцца ў культурах і народах. Ідэі ствараюць культууры, а культуры ствараюць народы. А затым адбываецца тое, што падаецца нам геапалітыкай, барацьбой за гліну для ўсавабленьня сэнсаў.

Самым насычаным войнамі сюжэтам нашай гісторыі і міталёгіі зьяўляецца змаганьне за Русь, усходне-славянскую прастору. Два цэнтры, Вільня і Масква, некалькі стагодзьдзяў вялі бясконцыя крывавыя войны за чалавечае рэчыва. Але гэтае змаганьне было ня сэнсам існаваньня нашай дзяржавы, а вынікам сутыкненьня зь іншым сэнсам, увасобленым у іншы народ і дзяржаву, якая не пакідала нам месца на белым сьвеце.

Геапалітыка ня можа быць нацыянальнай ідэяй. Нацыянальным сэнсам ня можа быць ні змаганьне за ўсходніх славян, ні супрацьстаяньне Маскве, ні быцьцё "геапалітычным цэнтрам", ні Сярэдняя Эўропа, ні Эўразія, ні Балта-Чарнаморскі Зьвяз, ні Вялікая Поўнач. Усё гэта воз паперадзе каня, вынік паверадзе прычыны. Калі мы думаем свой нацыянальны праект, мы маем зыходзіць ня з нашага мінулага і нашай зямлі, а з нашага Неба і нашага Сэнсу.


Нутраное ўладарства

Нашу культуру папракаюць у самазамкнёнасьці, нутраной скіраванасьці. Пра нас мала ведаюць у сьвеце, нас мала перакладаюць на іншыя мовы, мы не імкнемся зваяваць сьвет сваімі творамі і вобразамі. У той час, як суседнія народы дасягаюць у гэтым посьпехаў.

Але, напраўду, нутраная скіраванасьць - гэта тое, што адрозьнівае культуру ад цывілізацыі. Культура мае справу з прыродай і непраявай, яна адбываецца ў чыстым сьвеце, ёй няма справы да ўплыву на навакольныя народы. Зьмена кірунку на вонкавы якраз і азначае завяршэньне культураґенэзу і пачатак уласнай цывілізацыі. Гэта цывілізацыя тыражуе на ўвесь сьвет здабытае культурай.

Нам важна зразумець, што мы жывем у час культуры, а не ў час цывілізацыі. Ня трэба, ствараючы верш, думаць пра яго распаўсюд - атрымаецца блага. І пакуль мы не завершым стварэньне свайго вялікага стылю, можна не марнаваць высілкі на зьнешнюю экспансію. Бо экспартаваць суседзям пазычаныя ў іх жа формы - значыць насіць соваў у Атэны.

Наадварот, нам трэба як мага паглыбіць нашу нацыянальную валявую мэдытацыю, паступова адпрэчваючы ўсё, што не зыходзіць з нас саміх, і разгарнуць у сваяву свой нацыянальны сэнс. І тады, дайшоўшы да скраю самазасяроджаньня, наша культура, успыхнуўшы звышновай каляднай зоркай, народзіць сваю цывілізацыю.