Dec 22, 2011

Багавітава Песьня, дванаццаты ўзыход

Дванаццаты ўзыход

Ардж́уна прамовіў:
З божнікаў, едных няспынна, хто табе прысьвечаны цалкам,
і які нявыяве нязьнікнай, хто лепшы веднік яднаньня? |1|

Сьвяты Багавіт прамовіў:
Хто, ў мяне унурыўшы мысел, мне сябе прысьвячае суцэльна,
верай надзелены вышняй, для мяне той самы яднаны. |2|
Але той, кім шануецца тое, што нязьнікна, няўказна, няяўна,
што нямысна і ўсюдысяжна, канцавосна, нярушна, трывала, |3|
грамаду ўсіх здоляў суняўшы, да ўсяго аднакі чый розум,
мяне той дасягае таксама, рады даброці ўсіх бытаў. |4|
Але іх болей пакута, нявыяўю адданых чуваньнем,
бо сьцег невыяўны цяжка асягаецца тут целавітам. |5|
Хто мне ўсе чыны адрокшы, мяне выйшняя паставіўшы цэляй,
недаіншым яднаньнем шануе, на мне засяродзіўшы думу, |6|
у мяне пранікнёны чуваньнем, для таго зьяўляюся збаўцам
з мора суплыні і сьмерці, сыне Пр̣тхі, я неўзабаве. |7|
У мяне накіруй свой мысел, у мяне унуры свой розум,
ува мне будзеш жыць напраўду, звыш за гэта, нямае сумневу. |8|
Калі ты чуцьцё ня здольны ў мяне супадзець трывала,
імкні тады йоґай стараньня знайсьці мяне, скарбазваёўца. |9|
Калі да стараньня няздатны, будзь мне прысьвечаны чынам,
чын чынячы дзеля мяне, ты так дасягнеш зьвяршэньня. |10|
Калі гэтага нават ня можаш, яднаньне са мной прыняўшы,
плёну тады ўсіх чынаў аставу чыні, самаўладны. |11|
Бо лепш ад стараньня знаньне, ад знаньня - сяроджаньне думы,
плёну чыну астава - ад думы,
беспасрэдны спакой ад аставы. |12|
Які неварожы ўсім бытам, спагаднік і сябра, цярплівы,
мніва “я” і “майго” пазбыты, каму роўны здаволя й пакута, |13|
яднар, заўсёды здавольны, самасяжны, трываларашучы,
прысьвяціў хто мне мысел і розум, мой божнік, той мне прыемны. |14|
Не жахаецца сьвет ад якога, і які не жахаецца сьветам,
цьвелі, страху, узбуду, узбуры пазбыты, той мне прыемны. |15|
Беззалежны, чысты, разумны, няўдзельны і непахісны,
астаўнік які ўсіх справаў, мой божнік, той мне прыемны. |16|
Які не злуе, не сьвяткуе, які не сумуе, ня прагне,
які зла і дабра астаўнік, бажаньнік той мне прыемны. |17|
Аднакі да ворага й сябра, той самы ў павазе й зьнявазе,
у холадзе й сьпёцы, пакуце і ўцесе, пазбыты прывязку, |18|
каму роўныя ганьба і слава, здаволены ўсім, маўклівы,
бяздомны, сталамысловы, мне муж бажальны прыемны. |19|
Хто гэтае дгармы нясьмерце як моўлена зь верай шануе,
я вышняя цэль якога, той божнік мне найпрыемны. |20|

ОМ ТАТ САТ
такі ў сьвятарных Багавітавых Песьнях, сьвятых упанішадах, брагма-ведзі, йоґа-наставе, сумове сьвятога Кр̣шн̣ы і Ардж́уны дванаццаты ўзыход на імя "Йоґа бажаньня".

Пераклаў з санскрыту Міхась Баярын.

Бгаґавад-Ґі̄та̄, дванаццаты ўзыход, паслоўны пераклад

atha dvādaśodhyāyaḥ
Дванаццаты ўзыход

arjuna uvāca
evaṃ satatayuktā ye bhaktās tvāṃ paryupāsate
ye cāpy akṣaram avyaktaṃ teṣāṃ ke yogavittamāḥ 12.1

arjuna - Ардж́уна uvāca - прамовіў:
12.1 bhaktās - Божнікі, ye - якія evaṃ - гэтак satata- непадзельна, няспынна yuktā - едныя, pari upa āsate - ушаноўваюць tvāṃ - цябе, ca api - а таксама ye - якія (ўшаноўваюць) a-kṣaram - нязьнікнае a-vyaktaṃ - невыяўнае, teṣāṃ - зь іх ke - якія yogavittamāḥ - набольшыя веднікі йоґі?

śrībhagavān uvāca
mayy āveśya mano ye māṃ nityayuktā upāsate
śraddhayā parayopetāḥ te me yuktatamā matāḥ 12.2

śrī- Сьвяты bhagavān - Багавіт uvāca - прамовіў:
12.2 ye - Якія, āveśya - унурыўшы mayi - ў мяне manaḥ - мысел, upa āsate - ушаноўваюць māṃ - мяне, nitya- заўжды yuktā - едныя, upa-itāḥ - надзеленыя parayā - вышняй śraddhayā - верай, te - тыя me - для мяне matāḥ - лічацца yuktatamāḥ - самымі еднымі.

ye tv akṣaram anirdeśyaṃ avyaktaṃ paryupāsate
sarvatragam acintyaṃ ca kūṭasthaṃ acalaṃ dhruvam 12.3

12.3 ye - Якія tu - ж pari upa āsate - ушаноўваюць a-kṣaram - нязьнікнае, a-nirdeśyaṃ - няўказнае, avyaktaṃ - невыяўнае, sarvatra-gam - усюдырушнае ca - і a-cintyaṃ - нямыснае, kūṭa-sthaṃ - верхастойнае, канцавоснае, a-calaṃ - непарушнае, dhruvam - трывалае.

saṃniyamyendriyagrāmaṃ sarvatra samabuddhayāḥ
te prāpnuvanti mām eva sarvabhūtahite ratāḥ 12.4

12.4 saṃniyamya - утаймаваўшы grāmaṃ - гарамаду indriya- здоляў, sarvatra - паўсюль, да ўсяго sama- аднакія buddhayāḥ - розумам, te - тыя mām - мяне eva - таксама pra āpnuvanti - дасягаюць, ratāḥ - радыя hite - дабру sarva- усіх bhūta- бытаў.

kleśodhikataras teṣāṃ avyaktāsaktacetasām
avyaktā hi gatir duḥkhaṃ dehavadbhir avāpyate 12.5

12.5 kleśaḥ - Пакута adhikataraḥ - большая teṣāṃ - тых, a-vyakta- невыяўнаму ā-sakta- прысьвечаных, адданых cetasām - чуваньнем, hi - бо a-vyaktā - невыяўны gatiḥ - сьцег, дарога, цэль duḥkhaṃ - цяжка ava āpyate - дасягаецца dehavadbhiḥ - целавітамі.

ye tu sarvāṇi karmāṇi mayi saṃnyasya matparaḥ
ananyenaiva yogena māṃ dhyāyanta upāsate 12.6

12.6 ye - Якія tu - ж sarvāṇi - усе karmāṇi - чыны mayi - мне saṃnyasya - адрокшы, mat- для якіх я paraḥ - вышняя цэль, an-anyena - недаіншай yogena - йоґай, яднаньнем eva - напраўду māṃ - мяне upa āsate - шануюць, dhyāyantaḥ - засяроджаныя,

teṣāṃ ahaṃ samuddhartā mṛtyusaṃsārasāgarāt
bhavāmi na cirāt pārtha mayy āveśitacetasām 12.7

12.7 teṣāṃ - для тых, cetasām - чуваньне якіх ā-veśita- унурана mayi - ў мяне, na cirāt - неўзабаве, хутка, pārtha - о сыне Пр̣тхі, ahaṃ - я bhavāmi - зьяўляюся samuddhartā - збаўцам sāgarāt - з мора mṛtyu- сьмерці і saṃsāra- суплыні, кругаверці.

mayy eva mana ādhatsva mayi buddhiṃ niveśaya
nivasiṣyasi mayy eva ata ūrdhvaṃ na saṃśayaḥ 12.8

12.8 mayi - У мяне eva - менавіта ā dhatsva - укладай, накіроўвай manaḥ - мысел, mayi - у мяне ni veśaya - уводзь, унурай buddhiṃ - розум, ni vasiṣyasi - будзеш жыць, мешкаць mayi - ува мне eva - менавіта ūrdhvaṃ - вышэй ataḥ - за гэта, na - няма saṃśayaḥ - сумневу.

atha cittaṃ samādhātuṃ na śaknoṣi mayi sthiram
abhyāsayogena tato mām iсchāptuṃ dhanaṃjaya 12.9

12.9 atha - Калі ж samādhātuṃ - супадзець, cittaṃ - чуваньне mayi - ў мяне sthiram - трывала na - ня śaknoṣi - можаш, iсcha - імкні, жадай tataḥ - тады āptuṃ - дасягнуць mām - мяне yogena - йоґай abhyāsa- стараньня, dhanaṃ-jaya - о Скарбазваёўнік (Ардж́уна).

abhyāse’py asamarthosi matkarmaparamo bhava
madartham api karmāṇi kurvan siddhim avāpsyasi 12.10

12.10 api - Калі таксама asi - ты ёсьць a-samarthaḥ - няздатны abhyāse - да стараньня, bhava - будзь тым, для кога karma- чын mat- дзеля мяне paramaḥ - навышняя цэль, api - нават kurvan - учыняючы karmāṇi - чыны mad-artham - дзеля мяне, ava āpsyasi - ты дасягнеш siddhim - зьвяршэньня.

athaitad apy aśaktosi kartuṃ madyogam āśritaḥ
sarvakarmaphalatyāgaṃ tataḥ kuru yatātmavān 12.11

12.11 atha - Калі ж api - нават etad - гэтага kartuṃ - учыніць asi - ты ёсьць a-śaktaḥ - няздольны, ā-śritaḥ - прыняўшы mad- маю yogam - йоґу, яднаньне, tataḥ - тады kuru - чыні tyāgaṃ - аставу, пакіданьне phala- плёну sarva- ўсіх karma- чынаў, yata-ātmavān - самаўладны.

śreyo hi jñānam abhyāsāj jñānād dhyānaṃ viśiṣyate
dhyānāt karmaphalatyāgas tyāgāc chāntir anantaram 12.12

12.12 hi - Бо śreyaḥ - лепш abhyāsāt - ад стараньня jñānam - знаньне, jñānād - ад знаньня vi śiṣyate - узвышаецца dhyānaṃ - сяроджаньне думы, dhyānāt - ад сяроджаньня думы - tyāgaḥ - астава phala- плёну karma- чыну, tyāgāt - ад аставы śāntiḥ - спакой an-antaram - беспасрэдна, блізка.

adveṣṭā sarvabhūtānāṃ maitraḥ karuṇa eva ca
nirmamo nirahaṃkāraḥ samaduḥkhasukhaḥ kṣamī 12.13

12.13 a-dveṣṭā - Ня вораг sarva- ўсіх bhūtānāṃ - бытаў, maitraḥ - сяброўскі, karuṇaḥ - спагадны eva ca - таксама, nir-mamaḥ - пазбыты “майго”, nir-ahaṃkāraḥ - пазбыты язьні, мніва “я”, sama- для якога роўныя duḥkha- пакута sukhaḥ - і асалода, kṣamī - цярплівы, прабачлівы,

saṃtuṣṭaḥ satataṃ yogī yatātmā dṛḍhaniścayaḥ
mayy arpitamanobuddhir yo madbhaktaḥ sa me priyaḥ 12.14

12.14 yaḥ - які yogī - яднар, satataṃ - заўсёды saṃ-tuṣṭaḥ - здаволены, yata-ātmā - самаасяжны dṛḍha-niścayaḥ -трываларашучы, manaḥ- мысел buddhiḥ - і розум якога arpita- скіраваны, прысьвечаны mayi - у мяне, mad- мой bhaktaḥ - божнік, saḥ - той me - мне priyaḥ - прыемны, дарагі, любы.

yasmān nodvijate loko lokān nodvijate ca yaḥ
harṣāmarṣabhayodvegair mukto yaḥ sa ca me priyaḥ 12.15

12.15 yasmāt - Ад якога na - не ud vijate - жахаецца, страшыцца lokaḥ - сьвет, людзі, ca - і yaḥ - які na - не ud vijate - жахаецца, страшыцца lokāt - ад сьвету, людзей, ca - і yaḥ - які muktaḥ - вольны harṣa- ад узбуду, ā-marṣa- цьвелі, bhaya- - страху, ud-vegaiḥ - і узбурэньня, saḥ - той me - мне priyaḥ - прыемны, дарагі, любы.

anapekṣaḥ śucir dakṣa udāsīno gatavyathaḥ
sarvārambhaparityāgī yo madbhaktaḥ sa me priyaḥ 12.16

12.16 an-apekṣaḥ - Беззалежны, бесчакальны, śuciḥ - чысты, dakṣaḥ - разумны, ud-āsīnaḥ - няўдзельны, надпрысутны, gata-vyathaḥ - пазбыты хістаньняў, які - які pari-tyāgī - астаўнік, пакідальнік sarva- усіх ā-rambha - справаў, пачынаньняў, mad- мой bhaktaḥ - божнік, saḥ - той me - мне priyaḥ - прыемны, дарагі, любы.

yo na hṛṣyati na dveṣṭi na śocati na kāṅkṣati
śubhāśubhaparityāgī bhaktimān yaḥ sa me priyaḥ 12.17

12.17 yaḥ - Які na - не hṛṣyati - сьвяткуе, весяліцца, na - не dveṣṭi - злуе, варагуе, na - не śocati - сумуе, na - ня kāṅkṣati - прагне, yaḥ - які pari-tyāgī - астаўнік, пакідальнік śubha- прыемнага a-śubha - і непрыемнага, bhaktimān - бажаньнік, які мае бажаньне, saḥ - той me - мне priyaḥ - прыемны, дарагі, любы.

samaḥ śatrau ca mitre ca tathā mānāpamānayoḥ
śītoṣṇasukhaduḥkheṣu samaḥ saṅgavivarjitaḥ 12.18

12.18 samaḥ - Аднакі ca - і śatrau - да ворага, ca - і mitre - да сябра, tathā - а таксама māna- у павазе apa-mānayoḥ - і зьнявазе, samaḥ - аднакі, той самы śīta- у холадзе, ūṣṇa- сьпёцы, sukha- асалодзе duḥkheṣu - і пакуце, vi-varjitaḥ - пазбыты, адпрэчыўшы saṅga- прывязку,

tulyanindāstutir maunī saṃtuṣṭo yena kenacit
aniketaḥ sthiramatir bhaktimān me priyo naraḥ 12.19

12.19 tulya- для кога роўныя nindā- ганьба stutiḥ і слава, maunī - маўчавіты, маўклівы, saṃtuṣṭaḥ - здавольны yena kena cit - чым-кольвек, усім, a-niketaḥ - бяздомны, sthira-matiḥ - стала-мысловы, naraḥ - чалавек bhaktimān - бажаньнік, які мае бажаньне me - мне priyaḥ - прыемны, дарагі, любы.

ye tu dharmyāmṛtam idaṃ yathoktaṃ paryupāsate
śraddadhānā matparamā bhaktās te’tīva me priyāḥ 12.20

12.20 ye - Якія tu - ж idaṃ - гэтае dharmya- дгармовае, праўднае a-mṛtam - нясьмерце pari upa āsate - ушаноўвае yathā-uktaṃ - як (мной) сказана, śraddadhānā - верачы, mat- для якіх я paramāḥ - навышняя цэль, te - тыя bhaktāḥ - божнікі, ati iva - найбольш, надзвычай me - мне priyāḥ - прыемныя, дарагія, любыя.

OM tat sad
iti śrīmad-bhagavad-gītāsūpaniṣatsu brahma-vidyāyāṃ yoga-śāstre śrīkṛṣṇārjuna-saṃvāde bhaktiyogo nāma dvādaśo'dhyāyaḥ

ОМ ТАТ САТ
такі ў сьвятарных Багавітавых Песьнях, сьвятых упанішадах, брагма-ведзі, йоґа-наставе, сумове сьвятога Кр̣шн̣ы і Ардж́уны дванаццаты ўзыход на імя "Йоґа бажаньня".

Пераклаў з санскрыту Міхась Баярын.

Dec 20, 2011

Вір

пуста сьвятая мясьціна
вось раскрываецца кругам

дзьме дух на вугольле цела
агонь уздымае крылы

неба разгорне дзьверы
ступіць на глебу зь віру

Dec 15, 2011

Абсяг жаданьняў

ātmaivedam agra āsīd eka eva. so 'kāmayata jāyā me syād atha prajāyeya. atha vittaṃ me syād atha karma kurvīyeti. etāvān vai kāmaḥ. necchaṃś canāto bhūyo vindet. tasmād apy etarhy ekākī kāmayate. jāyā me syād atha prajāyeyātha vittaṃ me syād atha karma kurvīyeti. sa yāvad apy eteṣām ekaikaṃ na prāpnoty akṛtsna eva tāvan manyate. tasyo kṛtsnatā. mana evāsyātmā. vāg jāyā. prāṇaḥ prajā. cakṣur mānuṣaṃ vittam. cakṣuṣā hi tad vindate. śrotraṃ daivam. śrotreṇa hi tac chṛṇoti. ātmaivāsya karma. ātmanā hi karma karoti. sa eṣa pāṅkto yajñaḥ. pāṅktaḥ paśuḥ. pāṅktaḥ puruṣaḥ. pāṅktam idaṃ sarvaṃ yad idaṃ kiñca. tad idaṃ sarvam āpnoti ya evaṃ veda

Bṛhadāraṇyakopaniṣat 1.4.17

Спачатку гэта ісьнела толькі адным сабой. Ён пажадаў, хай будзе ў мяне жана, і я спараджу. І хай будзе ў мяне здабытак, і я ўчыню чын. Гэткае напраўду жаданьне, і жадальнік ня знойдзе болей за гэта. Таму і цяпер адзінокі жадае - хай будзе ў мяне жана, і я спараджу, хай будзе ў мяне здабытак, і я ўчыню чын. І пакуль ён не дасягне ўсё гэта, ён лічыць сябе няцэлым. То яго цэласьць: мысел - яго сам, мова - жана, дых - нашчадак, зрок - людзкі здабытак, бо зрокам ён яго здабывае, слых - боства, бо слыхам ён яго чуе. Чын - яго сам, бо сабой чыніць ён чын. Пяцівіты гэты аброк, пяцівіта жывёла, пяцівіты чалавек, пяцівіта ўсё 
гэта. Гэтага ўсяго дасягае, хто так ведае.

Dec 14, 2011

Выправа імёнаў

Цзы Лу спытаў: "Калі князь Вэйі запросіць настаўніка кіраваць, з чаго пачацьме настаўнік?" Настаўнік прамовіў: "З выпраўленьня імёнаў". Цзы Лу спытаў: "Настаўнік пачынае здалёк, навошта правіць імёны?" Настаўнік прамовіў: "Ты невук, Йу! Велічны абачлівы да таго, што ня знае. Калі імёны ня правільны, слова пярэчыць чыну. Калі слова пярэчыць чыну, чын не зьдзяйсьняецца. Калі не зьдзяйсьняецца чын, абрад і гудзьба не ўзвышаны. Калі абрад і гудзьба ня ўзвышаны, неналежны выракі й кары. Калі неналежны выракі й кары, людзі разгублены. Таму калі правільныя імёны, велічны можа маўляць, і моўленае зьдзяйсьняецца. Што велічны мовіць, мае мовіць правільна." (Лунь Йу 13.3)



Dec 12, 2011

Буян

мыслу рака выплынае на доўгі дол
пэўна паволі поўніць сабой абшар

дзержа на сівер кола стырна рукой
човен упарты правіць самаўладар

верны і абяцаны днее мора-кіян
ясны стажары, ноч абяцае дзень

на даляглядзе стане сьвяты Буян
дзе залатой гарой зьзяе Латыр-камень

Dec 6, 2011

Багавітава Песьня, адзінаццаты ўзыход

Адзінаццаты ўзыход

Ардж́уна прамовіў:
Якім словам навышнюю тайну, прасамасьцю знаную мовіў
ты да мяне дзеля ласкі, тым зман мой разьвеяны гэты. |1|
Бо мной узбыцьцё і зьнікненьне бытаў пачута прасьцяжна,
з тваіх вуснаў, лотацевокі, і вечная самавялікасьць. |2|
Так, як сябе апавёў ты, я хачу, навышні ўладару,
тваю ўладарную яву, убачыць, Духу навышні! |3|
Калі лічыш ты гэта магчымым убачыць мне, гаспадару,
дазволь тады мне пабачыць сябе вечнага, пане яднаньня! |4|

Сьвяты Багавіт прамовіў:
Бач, Па̄ртха, маіх выяваў сотні і тысячы розных,
дзівосных і рознакветных, размаітых, рознавыразных. |5|
Бач А̄дітйаў, Васу і Рудраў, Аш́вінаў, Марутаў таксама,
мнагалікіх, раней невіда́ных, чароўных, нашчадак Бгараты. |6|
Тут увесь сьвет аднасталым бач сёньня рушна-нярушны,
у целе маім, пане сьненьня, і ўсё, што ты бачыць жадаеш. |7|
Але мяне гэтым зрокам ты сваім убачыць ня можаш,
я даю табе боскага зроку, бач маю ўладарную сілу. |8|

Саньджайа прамовіў:
Тады так мовіўшы, княжа, Залаты, вялікі пан йоґі,
бачыць дазволіў Па̄ртху ўладарную вышнюю яву |9|
з мноствам вачэй і твараў, мноствам дзіўных пазораў,
мноствам дзіўных украсаў, дзіўных узьнятых зброяў, |10|
з мноствам дзіўных адзежаў, вянкоў, дабрапахаў дзіўных,
уседзівоснага бога, што бясконцы і ўсюдытвары. |11|
Каб у небе тысячы сонцаў адразу ўзыход адбыўся,
сьвятло тое было б падобна да таго самадужага зьзяньня. |12|
Там увесь сьвет аднасталым і распадзеленым множна
тады ў целе бога багоў убачыў Па̄н̣д̣у нашчадак. |13|
Тады скарбазваёўца ў зьдзіве, з валасамі станьгом, прамовіў,
прад богам схіліўшы голаў, малітоўна склаўшы далоні: |14|

Ардж́уна прамовіў:
Бачу багоў у тваім, божа, целе,

ўсіх чыста і лікі духаў найрозных,
Брагмана пана на лотаць-пасадзе,
рушаў усіх, і зьмеяў дзівосных. |15|
З мноствам вачэй, рук, чэраваў, твараў
я бачу цябе ўсюль бясконцага явай,
ні канца, ні сярэдзіны, ані пачатку
ня бачу твайго, усеўладару, ўсеява! |16|
З кружалом у руцэ, з булавой, у кароне,
як безьліч сьвятла, паўсюднага зьзяньнем,
цябе, адусюль цяжкагледнага, бачу,
зьзяньнем бы полымя й сонца, нязьмерны. |17|
Ты - навышняя цэль незьнікомая веды,
ты - ўсяго гэтага вынік навышні,
ты - вечнае дгармы нязьменны ахоўнік,
ты Духам адвечным мной уважаны. |18|
Цябе без пачатку, сярэдзіны, краю,
бясконцым магой, сонца-месяца-вокім,
бачу з ротам агнёвым жэрцы аброкаў,
што зьзяньнем сваім прапаляе ўсе гэта. |19|
Бо гэты прастор між зямлёю і небам
табой адным поўны, і ўсе бакі сьвету,
убачыўшы зьдзіўны яры твой вобраз,
трапеча трысьвет увесь, самавялікі. |20|
У цябе тыя лікі багоў уваходзяць,
малітоўна гукаюць іншыя ў страху,
зьвершнікаў лікі і рушаў вялікіх
цябе праслаўляюць мноствам уславаў. |21|
Рудры, А̄дітйі, Васу і Са̄дгйі
ўсе, і Аш́віны, Маруты і продкі,
лікі ґандгарваў, йакшаў і чортаў
цябе спазіраюць, поўныя зьдзіву. |22|
Тваю яву вялікую ўбачыўшы з мноствам
твараў, вачэй, ног, рук, дужарукі,
сьцёгнаў і чарэваў, пашчаў раскрытых,
сусьветы дрыжаць, і я гэтаксама. |23|
Небасяжнага, зьзярнага мноствамі кветаў,
з ашчэрамі пашчаў, агнямі вачніцаў,
як бачу цябе, ўсім сабой скалынуты,
ня маю спакою й трываньня, Навышні. |24|
З ашэрам клыкоў твае ўбачыўшы твары,
што зьзяюць як полымя часу, ня знаю
прасторы, ня маю апірышча, літуй,
пане багоў, сяліба сусьвету! |25|
І гэтыя ўсе сыны Дгр̣тара̄шт̣ры
разам са зборам зямлі абаронцаў,
Бгі̄шма і Дрон̣а, сын возьніка гэты,
разам з найлепшымі з нашых ваякаў, |26|
імкліва ў ашчэры клыкоў уваходзяць
ротаў тваіх, наляканыя духам,
зь іх некаторых, між зуб’яў павіслых
відныя часткі галоваў драблёных. |27|
Як безьлічы рэкаў водныя плыні
у рот акіяна зьбягаюць імкліва,
так у твае палымяныя пашчы
волаты сьвету людзей уваходзяць. |28|
Як матылькі ў вагонь запалёны
на згубу лятуць, паскараючы хуткасьць,
так дзеля згубы людзі ўваходзяць
у пашчы твае, паскараючы хуткасьць. |29|
Глынаючы цалкам людзей усіх гэтых,
аблізваеш зноў палымяныя вусны,
напоўніўшы зьзяньнямі сьвет увесь цэлы,
сьветлы твае прапаляюць, Навышні! |30|
Хто ты, скажы мне, пан лютаяўны,
лепшы з багоў, паклон табе, літуй,
панам адвечным хачу цябе вызнаць,
не празнаю́ бо твайго я пачатку. |31|

Сьвяты Багавіт прамовіў:
Я час, насьпелы на згубу сусьветаў,

жніва людзей я тут пачынаю,
цябе акрамя больш ня будзе нікога
з вояў, сталых у супраць-войсках. |32|
Таму паўстань, дасягні праславы,
ворагаў змогшы, валодай дзяржавай,
загадзя мной яны ўжо забіты,
будзь адно сродкам маім, леварукі. |33|
Дрону, і Бгі̄шму, і Дж́айадратху,
і Карн̣у, і іншых волатаў-вояў,
мною забітых, разі, не вагайся,
змагайся, і ворагаў зможаш у бітве. |34|

Саньдж́айа прамовіў:
Тое слова пачуўшы Кеш́і-забойцы,

Каранавіт у трымценьні малебным,
пакланіўшыся зноў, гэтак мовіў Кр̣шн̣у,
з запінам, у старху, поўны пашаны: |35|

Ардж́уна прамовіў:
Тваю славу дастойна, пане чуваньня,

сьвяткуе сусьвет, у цябе закаханы,
чорты паўсюль разьбягаюцца ў страху,
і ўсе пакланяюцца зьвершнікаў лікі. |36|
Як не пакланяцца табе, самадужы,
вялікшы за брагмана ты, першатворца,
бясконцы, пан бостваў, сяліба сьвету,
нязьнікны, ад існа-няіснага вышні. |37|
Ты першабоства, Духу адвечны,
ты ўсяго гэтага вынік навышні,
ты веднае, веднік, табою, дом вышні,
прасьцягнута ўсё, бясконца-выяўны. |38|
Ты Ва̄йу і Йама, Агонь і Варун̣а,
Месяц і Продак, вялікі Прапрадзед,
паклон зноў і зноў табе тысячалікі,
і болей, і зноў паклон і праслава. |39|
З твару паклон табе і са сьпі́ны,
паклон адусюль, бо ўсё ты напраўду,
мужна-бясконцы, нязьмерна-вычынны,
ты ўсё прасягаеш, адгэтага ўсё ты. |40|
Лічачы сябрам, што груба я мовіў:
“Гэй, Кр̣шн̣а, Йа̄дава, сябру, таварыш”,
гэтую веліч тваю не пазнаўшы,
або ад няўвагі або ад любові, |41|
што не ўшанаваў цябе дзеля жарту,
гуляючы, седзячы, лежачы, еўшы,
адзін ці пры іншых, цябе, Непарушны,
прашу дараваць тое мне, невымерны. |42|
Ты рушна-нярушнага бацька сусьвету,
шаноўны настаўнік ягоны вялебны,
няма табе роўнага, скуль велічэйшы
у цэлым трысьвеце, магой беспадобны? |43|
Таму ў паклоне прасьцёршы цела,
малю цябе літаваць, слаўны ўладару,
як бацька сына, як любага любы,
як сябра сябру прабач мяне, божа. |44|
Я шчасны раней невіданае бачыць,
але скалынуты страхам мой мысел,
божа, яві мне, ранейшую яву,
літуй, пане багоў, сяліба сьвету. |45|
З кружалом у руцэ, з булавой, у кароне
я бачыць жадаю цябе гэтаксама,
тою выяваю чатырохрукай,
тысячарукі, станься, ўсеяўны. |46|

Сьвяты Багавіт прамовіў:
Мной самасілай, Ардж́уна, шчыра

табе паказана навышняя ява
уся, сьветавітай, выточнай, бясконцай,
раней да цябе не віданая іншым. |47|
Ні ведай, аброкам, вучэньнем ці дарам,
ні чынам, ні нават лютаю жарбай,
не магу быць я ўбачаны ў гэтай выяве
іншым у сьвеце людзей, волат Куру. |48|
Хай ні замяшаньня ў цябе, ні трывогі,
маю ўбачыўшы ярую яву, ня будзе,
пакінуўшы страх і з радасным мыслам
зноў маю зер ранейшую яву. |49|

Саньдж́айа прамовіў:
Так Ардж́уну мовіўшы, сын Васудэвы

зноў паказаў сваю ўласную яву,
яго страх супакоіў самавялікі,
стаўшыся зноў месяцова-цялёсым. |50|

Ардж́уна прамовіў:
Тваю чалавечую яву, месяцовую, люду ўзрушэньне,
убачыўшы, зноў у сабе я, ў чуваньні, ва ўласнай пратворы. |51|

Сьвяты Багавіт прамовіў:
Цяжкаўгледную гэтую яву маю, што ты зараз убачыў,
заўсёды нават багі палаюць жаданьнем убачыць. |52|
Ані ведамі я, ані жарбай, ні дарамі, ні абраканьнем
не магу быць убачаны гэтак, як ты мяне зараз убачыў. |53|
Адным недаіншым бажаньнем бачыць такім мяне можна,
Ардж́уна, тоесна знаць, і ўвайсьці ў мяне, ворагаў пекла. |54|
Чын мне, вышняй цэлі, аддаўшы, мой божнік, пакінуўшы зьвязак,
які неварожы ўсім бытам, да мяне, сыне Па̄н̣д̣у, прыходзіць. |55|

ОМ ТАТ САТ
такі ў сьвятарных Багавітавых Песьнях, сьвятых упанішадах, брагма-ведзі, йоґа-наставе, сумове сьвятога Кр̣шн̣ы і Ардж́уны адзінаццаты ўзыход на імя "Йоґа бачаньня ўсевыявы".

Пераклаў з санскрыту Міхась Баярын.