Apr 7, 2012

Дух мовы

trayaṃ vā idaṃ - nāma rūpaṃ karma. teṣāṃ nāmnāṃ vāg ity etad eṣām uktham, ato hi sarvāṇi nāmāny uttiṣṭhanti ... atha rūpāṇāṃ cakṣur ity etad eṣām uktham, ato hi sarvāṇi rūpāṇy uttiṣṭhanti ... atha karmaṇām ātmety etad eṣām uktham, ato hi sarvāṇi karmāṇy uttiṣṭhanti. - "Усё гэта - тры: імя, ява, чын. Імёнаў - мова - гэта іх выказ, зь яе паўстаюць усе імёны ... Яваў - зрок - гэта іх выказ, зь яго паўстаюць усе явы … Чынаў - сам Дух (ātman) - гэта іх выказ, зь яго паўстаюць усе чыны"  (Бр̣гада̄ран̣йака-упанішад, 1.6.3).

Сузнаньне ўзьнікае як суадпаведнасьць прастораў таго і гэтага, імені і явы. Здоль (indriya) зроку раскрываецца прасторай явы, гэтага. Здоль слыху - прасторай імені, таго. Зрок, прастора явы стаецца зямлёй, шырынёй і даўжынёй. Слых, прастора імені стаецца небам, вышынёй. Паміж імі раскрываецца здоль дотыку, прастора руху і чыну. Чын - ні тое, ані гэтае, чын неадасобны ад сябе, чын сам, пакуль чыніцца. Чалавек жыве ў трысьвеце імені, явы і чыну, на зямлі явы, пад небам імені.

vadan vāk paśyaṃś cakṣuḥ śṛṇvañ chrotraṃ manvāno manaḥ. tāny asyaitāni karmanāmāny eva - “Мовячы, ён мова, бачучы, зрок, слухаючы, слых, мысьлячы, мысел. Усе яны толькі імёны яго чынаў” (Бр̣гада̄ран̣йака-упанішад, 1.4.7.). Чынам лучыцца імя і ява, бо імя - гэта імя чыну, і ява - гэта ява чыну. Адзін той самы чын робіць імя і яву, вобраз і слова. Чын, што творыць яву, дзеіцца ў прасторы зроку, на віднай зямлі і пад відным небам. Калі пытаюцца, што такое чын, то ў адказ уяўляюць выяву чыну. Але чын - не выява чыну, вецер - не паветра, таму чын застаецца няўлоўным, як вецер, дых, тоества руху. Чын няўяўны як чын, бо чын папярэднічае яве.

Імя стаецца словам у прасторы слыху. Чын, што творыць словы, дзеіцца ў роце. Рот - цэлы сьвет, у якім ёсьць свае зямля і неба, між якімі вее вецер-дых і рушыць язык. На санскрыце і лаціне слова “нёба” азначае “неба” (tālu, palatus). Як месца чыну, рот, маленькі сусьвет, суадпаведны зроку, вялікаму сьвету. Таму ўсякі чын, што чыніцца ў адным сьвеце, мае сваю адпаведнасьць у другім. Каб гаварыць слыхам пра зрок, патрэбныя два сьветы, дзьве прасторы чыну, каб той чын адпавядаў гэтаму. Сьвет, прастора зроку - яўная, відная, павольная. Рот, прастора ўтварэньня гуку - сукрытая, тайная, хуткая. Слых гаворыць пра зрок, але зрок ня бачыць слых. У бальшыні моваў слова “мова” адначасна значыць і “язык”.

Гаварыць - значыць чыніць тое самае, пра што ідзе гаворка. Калі чалавек мовіць, то ў сузнаньні чыніцца ўсё, пра што гаворыцца. Гаварыць - значыць чыніць тое, што кажацца, у прасторы мовы. Чын зьяўляецца першасным знакам, бо адно тут не азначае другое. Чын чыніцца і значыць самога сябе адразу. Чын кранае і паведамляе крананьнем. Усе іншыя знакі толькі надбудоўваюцца над чынам і адлі зводзяцца да чыну. Казаць пра яву - значыць казаць пра чын, выявай якога яна ёсьць. Казаць пра чын - значыць чыніць гэты чын у другой прасторы. Мовіць значыць чыніць.

Суадпаведнасьць слова і явы забясьпечвае адзін і той самы чыньнік і ўспрымальнік, які мовіць словы і бачыць вобразы. Плятон у размове “Кратіл” тлумачыць суадпаведнасьць словаў і рэчаў перайманьнем (μίμησις) - “імя ёсьць перайманьне голасам таго, што пераймаюць”, “імя ёсьць пэўнае перайманьне рэчы” (Плятон, “Кратіл”, 432b). Але ад гэтага рэч, перайманае, нібы набывае большую істасьць за слова, пераймальнае. Выява, віднае (εἶδος) пачынае займаць месца імені (nāman). Але перайманьне ўжо патрабуе суадпаведнасьці прастораў як сваёй перадумовы. Рот не пераймае сьвет, і слых не пераймае зрок. Адзіны выток забясьпечвае суадпаведнасьць. Чын, што чыніцца адным чыньнікам у дзьвюх суадпаведных прасторах, ня мае іншай магчымасьці, як толькі быць суадпаведным. Адзіны чыньнік, адзіны ўспрымальнік чыну, і суадпаведныя прасторы чыну робяць гук, народжаны ў роце непазьбежна суадпаведным яве ў зроку.

Змысел - частка знаньня. Змысел існуе ў прасторы знаньня. Знаньне знае тоества, сувязь гэтага і таго, явы і імені, быцьця і існага. Чын лучыць тое і гэтае, забясьпечвае адпаведнасьць явы і імені, і таму знаньне тоества аказваецца знаньнем чыну. Таму змысел - гэта знаньне чыну, руху. Слова artha (змысел, цэль, прызначэньне) утвараецца ад кораня (рушыць). Слову “рэч” адпавядае ў санскрыце padārtha - “змысел, цэль слова”. Рэч - тое, пра што рачэцца, ідзе мова. Змысел рэчы складаецца ў чыне, руху, у тым, якую долю яна мае ў чыне. Пытацца, у чым змысел рэчы, значыць пытацца, у чым яе цэль, дзеля якога яна чыну?

Словаўтварэньне ў санскрыце пачынаецца з каранёў, што маюць змысел чыну. Уток (афікс) упэўнівае, абмяжоўвае змысел пратвору (кораня), удакладняючы яго долю ў чыне, утвараючы чыньніка, кмень чыну, сродак чыну ці месца чыну. Другасныя словы ўтвараюцца ад першасных, утвораных ад каранёў. Таму змысел усякага слова складаецца ў чыне і ўсякае выказваньне можа быць зразумета як чын. Пытацца, у чым змысел слова, значыць пытацца, які чын і ўдзел ў чыне яно азначае. Чын становіць змысел рэчы і слова.

Як зразумець чын? Чын ня зводны да выявы чыну. Чын няўлоўны як вецер, які бачаць толькі па яго наступства, выявах. Вецер - ня лісьце дрэва, якое ён трасе, і не паветра, якое ён рушыць. Чын рушыць рэчы, кранае рэчы, уваходзіць у рэчы, праходзіць скрозь рэчы, але застаецца пазамежным рэчам. Але калі чын - змысел рэчы, значыць чын кранае і рушыць чын. Чын нібыта мае выкметы, адрозьніваецца часам, прасторай, сродкам, высілкам, але ўсё гэта ня сам чын. Калі пакінуць толькі змысел, застанецца толькі чын. Таму чын мае змысел і знаецца дачынна іншага чыну, усіх чынаў і чыну ўвогуле. Слоўнік каранёў (dhātupāṭha) зьяўляецца адначасова слоўнікам чынаў. І калі змысел - знаньне чыну, слоўнік чынаў - гэта слоўнік змыслаў мовы. Карані ўтвараюцца з спалучэньня прагукаў. Кола прагукаў зьяўляецца альфабэтам, колам чынаў. І паколькі змысел - гэта знаньне чыну, кола чынаў - гэта кола змыслаў, аснова знаньня. Гук мае змысел, бо нараджаецца з чыну.

Гукі ўтвараюцца ў роце, улоньні гуку зь меры, абмежаваньня дыху. Дых - рух, вецер, першачын усіх гукаў. Усе гукі зьяўляюцца толькі абмежаваньнем, мерай (māna), выабражэньнем дыху. Як усе гукі - насамрэч адзіны дых, так усе чыны - насамрэч адзіны чын, рух. Адзіны рух рушыць унутры ўсякага чыну. Чысты адзіны чын як пачатак усякага чыну, супадае з існым (sat) і духам (ātmā). Ад кораня as (ёсьць) утвараецца asu (дых, жыцьцё). Магчыма таму карані as (ёсьць) і as (кідаць) маюць адну выяву. ā́nīd avātáṃ svadháyā tád ékaṃ tásmād dhānyán ná paráḥ kíṃ canā́sa - Бяз дыху дыхала тое адно самадзейна, і ад яго іншага звыш анічога ня йснела” (Рг-веда 10.129.2). І калі змысел ёсьць знаньне чыну, усе змыслы ёсьць адно знаньне існага, адзінага пачатковага чыну, Духу.


mama yonir mahad brahma tasmin garbhaṃ dadhāmy aham, saṃbhavaḥ sarvabhūtānāṃ tato bhavati bhārata - "Мне ўлоньне - вялікі Род, у яго я ўкладаю зародак, зь яго субыцьцё ўсіх бытаў узьнікае, нашчадак Бгараты" (Багавітава Песьня 14.3). З Роду нараджаюцца ўсе быты. З роту нараджаюцца словы мовы. Словы “рот” і “род” нездарма гучаць падобна. Слова brahman утвараецца з пратвору bṛh (расьці, мовіць) і значыць адначасова род, рост і мову. І калі праява сьвету ёсьць праявай мовы, то род, брагман ёсьць рот мовы. evaṃ bahuvidhā yajñā vitatā brahmaṇo mukhe - "Так прасьцягнуты мноствы аброкаў перад ротам Роду..." (Багавітава Песьня 4.32). Дых уваходзіць у рот, мераецца, абмяжоўваецца ротам і з роту нараджаецца гукам. Рот зьяўляецца ўлоньнем, прачынай гуку, дзе на дых накладаецца мера (mātrā), абмежаваньне. Гук нараджаецца з роту, таму рот - маці (mātṛ) гуку.

Меры, што накладаюцца на гук - гэта час (kāla), месца (sthāna) і высілак (prayatna). Тое, што чуецца як розная якасьць, кмета (guṇa) гукаў, глухасьць і звонкасьць, прыдыхальнасьць і непрыдыхальнасьць, даўжыня і кароткасьць, зьяўляецца вынікам розьніцы месца, часу і высілку, але ня дыху, які застаецца адным і тым самым у кожным гуку. Гук невымоўны бяз дыху, і ўся прастора ўтварэньня гукаў ёсьць безь яго толькі магчымасьць гуку. Дых - Сам (ātmā) гуку. Дых - паўната гуку. Дых як першагук, зь якога ўтвараюцца прагукі, зьяўляецца першачынам. І паколькі змысел - гэта знаньне чыну, чын, рух прасягае ўсю мову. Мова рушыць. ahám evá vā́ta iva prá vāmy ārábhamāṇā bhúvanāni víśvā, paró divā́ pará enā́ pṛthivyaítā́vatī mahinā́ sám babhūva - “Я нібы вецер вею, рушачы ўсе сусьветы, больш за неба, больш за зямлю, магутой такая паўстала.” (Р̣г-веда, 10.125.8).

Гук - гэта дых і мера дыху. Мера спыняе, абмяжоўае рух. Спын, мяжа ёсьць на другім канцы руху. Але спын, мяжа - таксама рух. Рух мае спын, мяжу як магчымасьць усіх рухаў. Рух спыняе рух, чын вымярае чын. Неруш (nirvāṇa) - самы хуткі рух - ёсьць з усіх канцоў руху адразу. У існым супадае рух і спын, чын і прачына, імя і ява. tad etat trayaṃ sad ekam ayam ātmā. ātmo ekaḥ sannetat trayam. tad etad amṛtaṃ satyena channam, prāṇo vā amṛtam, nāmarūpe satyam, tābhyām ayaṃ prāṇaś channaḥ - "Гэтыя тры ёсьць адно існае (sat), гэта ёсьць Сам (ātman). Сам (ātman) напраўду - існы адзін ёсьць гэта тры. Гэта - несьмяротнасьць (amṛta), пакрытая ісьцінай (satya). Дых (prāṇa) напраўду - несьмяротнасьць. Імя і ява (nāma-rūpa) - ісьціна (satya). Імі пакрыты гэты дых"  (Бр̣гадара̄нйака-упанішад, 1.6.3).

Apr 2, 2012

Знаньне веды

Словы “мова” і "моўча" магчыма паходзяць з аднаго пратвору ("зьвязваць, злучаць, змыкаць"). Мова маўчыць, змыкае і тоіць у сабе ўсе словы, і мова мовіць, лучыць імя і яву. У моўчы крыецца магчымасьць усіх гукаў, таму маўчаньне, цішыня - паўната гуку. Усякі гук - толькі зьмяншэньне моўчы. Мова, што маўчыць, мовіць “тое ёсьць гэта”. Мова, што мовіць, мовіць “гэта ёсьць тое”. Тоества таго і гэтага - іста моўчы. Кожны сказ мовы гаворыць “гэта ёсьць тое” - “Сонца (гэта) зьзяе (тое)”, “Неба (гэта) чыстае (тое)”, “Ён (гэта) - чалавек (тое)”. Тоества гэтага і таго - іста мовы. Кожны сказ мовы зьмяшчае “ёсьць”, знак “роўна”, якім лучыцца існае і быцьцё, імя і ява, тое і гэта.

yajñéna vācáḥ padavī́yam āyan tā́m ánv avindann ṛ́ṣiṣu práviṣṭām - “Аброкам мовы дарогу яны прайшлі, яе спанайшлі яны ў рушаў праніклай...” (Р̣ґ-веда 10.71.3). Рушы, продкі людзей, знайшлі (avindan) мову, мова была знаходжаньнем, ведай (veda) рушаў. Корань vid, ад якога ўтвараецца слова veda, значыць “ведаць, знаходзіць, быць”. Ведаць значыць знаходзіць. Быць значыць ведацца, знаходзіцца. Тое, што называецца ведамі, было мовай рушаў.

sató bándhum ásati nír avindan hṛdí pratī́ṣyā kaváyo manīṣā́ - “Мяжу існага ў няісным знайшлі празорцы ў сэрцы, зыскуючы мысла-воляй” (Р̣ґ-веда 10.129.4). Рушы, зорцы руху (kavayaḥ) знайшлі, уведалі (avindan) мяжу існага і няіснага. Веда была веданьнем, знаходжаньнем існага. Чуйнае (cit) знаходзіць існае (sat), знайшоўшы мяжу існага і няіснага. Тое, існае ведаецца, знаходзіцца, зьяўляецца ў чуваньні (cit) як быцьцё (bhāva), узьнікненьне, гэтае. Быць значыць быць у чуваньні, ведацца, знаходзіцца.

yád eṣāṃ śréṣṭhaṃ yád ariprám ā́sīt preṇā́ tád eṣāṃ níhitaṃ gúhāvíḥ. sáktum iva títaünā punánto yátra dhī́rā mánasā vā́cam ákrata - “Што было ў іх найлепшае, чыстае, тое, глыбока сукрытае, любоўю яны явілі. Нібы муку́ сітам чысьцячы, дзе разумныя мыслам мову чынілі,...” (Р̣ґ-веда, 10.71.1-2). Напачатку мовы ёсьць ачышчальнік, сіта, што зьяўляе як сьвет найлепшае і чыстае, сьветлае, яснае. Існае зьяўляецца, знаходзіцца ў прасторы зроку як ява, прайшоўшы праз сіта мовы. Веда - мова, якая маўчыць, зьяўляючы тое яе гэтае, існае як быцьцё. Усё віднае праходзіць гэты ачышчальнік мовы. Гук v ёсьць праявай змыслу распаўсюду, ўваходу, гук i - руху, імкненьня, гук d - падзелу. Веда ўваходзіць ува ўсё і падзяляе ўсё на імя і яву, тое і гэтае. Корань vid ("відзець") адваротны кораню div ("зьзяць, сьвяціць"). Сьвятло разьдзяляе адзінае і праменіць яго ўва ўсе бакі. Веда відзіць сьвятло.

Корань jñā, зь якога ўтвараецца слова jñāna (знаньне) значыць “знаць”. Чым розьняцца знаньне і веда, і што ў іх агульнага, што робіць іх суназоўнымі, дазваляе тлумачыць адно аднаго? jñānam bandhaḥ - “Знаньне - сувязь” (Ш́іва-сӯтры, 1.2). Знаць значыць зьвязваць, злучаць, супастаўляць гэтае і тое, яву і імя. Сувязь таго і гэтага - агульнае ў веды і знаньня. Але знаць значыць знаць, што гэтае ёсьць тое. Знаньне - мова якая мовіць, што гэта ёсьць тое. jñānādhiṣṭhānaṃ mātṛkā - “Аснова знаньня - матрыка” (Ш́іва-сӯтры 1.3). Знаньне ёсьць знаньне тоества быцьця і існага, явы і імені. Таму знаньне асноўваецца на матрыцы змыслаў, крузе тоестваў.

Знаньне спазнае віднае, яго істу, тоеснасьць імені. Таму знаньне ёсьць знаньне веды. Знаньне знае яву як тое, імя і змысел. Калі вока знаньня раскрываецца, вочы, што бачаць праяву, змыкаюцца. Знаньне здымае яву, двойства явы, вяртае гэтае да таго. Знаньне пранікае скрозь віднае, завалодвае яго істай. Знаньне прысвойвае яву як знанае, робіць яе сваёй, знанай, падуладнай. Знаць значыць магчы.

Корань jñā (знаць) перагукаецца з коранем jan (нараджацца). Гук j ёсьць праявай змыслу пранікненьня, пераадоленьня, гук n ёсьць праявай змыслу мяжы. Хто нараджаецца, перасякае мяжу нясьмерця, існага, выходзячы з лона ў быцьцё. Хто спазнае, перасякае мяжу нясьмерця другі раз, нараджаючыся з гэтага сьвету. Знаньне - гэта другое нараджэньне. aháṃ suve pitáram asya mūrdhán máma yónir apsv àntáḥ samudré, táto ví tiṣṭhe bhúvanā́nu víśvotā́mū́ṃ dyā́ṃ varṣmáṇópa spṛśāmi - “Я нараджаю бацьку гэтага на вяршыні, маё ўлоньне між водаў у моры, адтаго асягаю ўсе сьветы, неба велічынёю кранаю” (Р̣ґ-веда 10.125.7).