Dec 31, 2010

Багавітава Песьня, першы ўзыход

Першы ўзыход
Роспач Арджуны

Дгрытараштра прамовіў:
Прыйшоўшы на поле Праўды, на поле Куру для бітвы
мае і нашчадкі Панду, што ўчынілі, Саньджая? |1|

Саньджая прамовіў:
Дур'ёдгана, ўбачыўшы войска Пандаваў пашыхтаваным,
настаўніка ўшанаваўшы, князь тады слова прамовіў: |2|
"Глядзі на гэта Пандаваў, настаўнік, вялікае войска,
сабранае сынам Друпады, вучнем тваім кемавітым. |3|
Тут волаты-лучнікі, роўныя Бгіму ды Арджуну ў бітве:
Вірата і Ююдгана, вялікакалёсы Друпада, |4|
Кашы гаспадар адважны, Дгрыштакету ды Чэкітана
Пуруджыт і Кунтыбгоджа, сын Шыбі, быку роўны сілай, |5|
асілак тут Юдгаман’ю, і Уттамаўджас мужны,
сыны Друпадоўны й Субгадры, вялікакалёсыя воі. |6|
Якія з нашых выбітны правадыры майго войска
найлепшы з роджаных двойчы, скажу табе для параўнаньня. |7|
Васпан, і Бгішма і Карна, і Крыпа, ў баёх пераможца,
Ашваттхаман і Вікарна, таксама сын Сомадатты, |8|
ды іншыя многія воі, свае пакінуўшы жыцьці,
змагарныя рознаю зброяй, усе дасьведчаны ў бітвах. |9|
Бязьмежная нашая сіла пад абаронаю Бгішмы,
але не бязьмежна іх сіла пад абаронаю Бгімы. |10|
Таму на ўсіх падыходах, стаўшы паводле атрадаў,
вы ўсе менавіта Бгішму, панове, абараняйце". |11|
Каб дух ягоны ўзбадзёрыць, магутны продак, дзед Куру,
узьняўшы высока чарупу, выгукнуў рыкам лявіным. |12|
Тады чарупы й літаўры, розныя бубны і трубы
усе загучалі адразу, і гук гэты стаўся тлумам. |13|
Тады на велічным возе, запрэжаным белымі коньмі,
сын Панду і Мадгу нашчадак гукнулі зь дзівосных чарупаў. |14|
Пан Чуцьцяў – у Паньчаджан’ю, ў Дэвадатту – Скарбазваёўца,
Врыкодара, страшны чынам – ў чарупу вялікую, Паўндру. |15|
Сын Кунты, пан Юдгіштхіра падзьмуў у Анантавіджаю,
Накула і Сагадэва – ў Суґгошу і Маніпушпаку. |16|
Кашы гаспадар, найлучнік, вялікакалёсы Шыкхандын,
Вірата і Дгрыштад’юмна, і Сат’які непераможны, |17|
сыны Друпадоўны й Друпада, сын дужарукі Субгадры,
усе падзьмулі ў чарупы, пане зямлі, адначасна. |18|
Той гром змушаў разрывацца сэрцы сыноў Дгрытараштры,
усю зямлю і нябёсы сваім напаўняючы рэхам. |19|
І глянуўшы на супрацьсталых, гатовых ужыць сваю зброю,
узьняўшы лук перад боем, з малпай на сьцягу сын Панду |20|
прамовіў Пану Чуваньня слова, зямлі абаронча:
"Між гэтых абодвух войскаў пастаў мой воз, Непарушны, |21|
каб мог я агледзець усіх тут біцца пашыхтаваных, 
зь якімі належыць змагацца ў гэтым ратным пачыне, |22|
каб бачыў я тых, што сюды зыйшліся прагныя бітвы,
прыхільныя да Дгрытараштры зламыснага сына ў змаганьні. |23|
Паслухаўшы Сна Пераможцу, Пан Чуцьцяў, нашчадак Бгараты,
між гэтых войскаў абодвух, паставіўшы воз той выдатны, |24|
прад тварамі Бгішмы і Дроны, і ўсіх зямлі абаронцаў,
так мовіў: "Партха, глядзі, на ўсіх сабраных тут Куру". |25|
Там бачыў тады сын Прытхі бацькоў і дзядоў гэтаксама,
братоў, настаўнікаў, сьвёкраў, вуёў, сыноў і унукаў, |26|
сяброў, таварышаў, блізкіх, у войсках абодвух сабараных.
Агледзеўшы ўсіх, сын Кунты, родных, гатовых да бітвы, |27|
спагадай вялікай праніклы, у роспачы гэтак прамовіў:
“Убачыўшы род свой, Крышна, сабраны дзеля змаганьня, |28|
мае канцавіны млеюць, і рот мой перасыхае,
дрыжаць пачынае ўсё цела, стаюць валасы мае дубам, |29|
з рукі выпадае Ґандыва, агнём апаляецца скура,
трывала стаяць ня здольны, мой мысел нібы блукае. |30|
Ліхія верныя кметы я бачу, Забойца Кешына.
Ад згубы радзіны ў змаганьні дабра свайго я ня бачу. |31|
Ня прагну я перамогі, ні княства, ні асалодаў.
Нашто нам, Зямлі Паратунак, жыцьцё, уцехі і княства, |32|
як тыя, дзеля каторых нам княства, шчасьце і ўцехі,
стаяць, гатовыя біцца, пакінуўшы скарбы і жыцьці. |33|
Бацькі, настаўнікі, дзеці, а зь імі дзяды гэтаксама,
вуі, унукі ды сьвёкры, ды іншыя родныя людзі. |34|
Ня прагну забойства іх нават забіты я, Мадгузабойца,
для ўлады нават трох сьветаў, а дзеля зямлі й пагатове. |35|
Ад згубы сыноў Дгрытараштры што будзе нам, Люду Прытулак?
Заганімся толькі, забіўшы, іх нат напіначых лукі. |36|
Таму зьнішчаць мы ня маем крэўных, сыноў Дгрытараштры.
Свой род забіўшы, Мадгава, як быць мы шчасныя зможам? |37|
Калі яны нават ня бачаць, сумленьня пазбытыя сквапай,
ні грэху ў зьнішчэньні роду, ні ў здрадзе сябраў падзеньня, |38|
як мы, якія празораць грэх у зьнішчэньні роду,
ня ведаць ня можам, як ліха пазьбегнуць, Люду Прытулак? |39|
Як род забіваецца, гінуць і роду вечныя праўды,
як праўда загіне, няпраўда род апаноўвае цалкам. |40|
Няпраўда калі пераможа, Крышна, псуюцца жанчыны,
калі ж сапсуты жанчыны, ўзьнікае станаў зьмяшэньне. |41|
У пекла прыводзіць зьмяшэньне і род, і забойцаў роду,
бо падаюць продкі, пазбытыя клёцак і водаў аброкаў. |42|
Грахамі забойцаў роду, што чыняць станаў зьмяшэньне,
зьнішчаюцца племені праўды і праўды адвечныя роду. |43|
О Люду Прытулак, тым людзям, што праўды зьнішчылі роду,
нязьбежная ў пекле сяліба – мы слухалі гэта ад продкаў. |44|
О гора, вялікае ліха зьдзейсьніць мы разьвязалі,
свой род гатовыя зьнішчыць ад прагі ўцехі і ўлады. |45|
Як без супраціву і зброі мяне збройнарукія ў бітве
заб'юць сыны Дгрытараштры, гэта мне будзе прыемней. |46|
Так Арджуна, мовіўшы ў бітве, на воза спод апусьціўся,
адкінуўшы лук свой і стрэлы, з сэрцам узрушаным жалем. |47|